Мікрааўтобусы паехалі да рэстарацыі «Лідо», сілавікі кантралююць тэрыторыю, каб ніхто больш не сабраўся. Пляцоўка перад Камароўскім рынкам апусьцела, перадае карэспандэнт Свабоды.
Затрымалі Багінскую
Сілавікі без апазнавальных знакаў зноў пачалі затрыманьні. Ніну Багінскую забралі ў сіні мікрааўтобус.
Аўтобус зь Нінай Багінскай адʼехаў. Людзі крычаць «Ганьба!» — паведамляе карэспандэнт Свабоды ад Камароўскага рынку ў Менску.
Затрыманых зьвезлі
Аўтобусы з затрыманымі зьехалі ад Камароўскага рынку. На вуліцы Харужай засталіся некалькі дзясяткаў жанчын, у тым ліку Ніна Багінская са сьцягам і некалькі дзясяткаў іншых, яны гутараць з журналістамі.
Сілавікі без апазнавальных знакаў багуць за жанчынамі на Камароўку
Затрымалі каля 10 жанчын з кветкамі, — перадае карэспандэнт Свабоды. Іншыя жанчыны разышліся, схаваліся ў тым ліку на Камароўскім рынку. Сілавікі без апазнавальных знакаў пабеглі за імі, але там іх не злавілі. Вяртаюцца ў свае аўтобусы.
Пачаліся затрыманьні
7 аўтобусаў па ходніках рушылі да рэстарацыі «Лідо» і гандлёвага цэнтру «Люстэрка», дзе сабраліся каля сотні жанчын. Сілавікі без апазнавальных знакаў у аліўкавай форме выйшлі з аўтобусаў, пачаліся затрыманьні. Хапаюць груба, адну жанчыну пацягнулі за рукі і ногі.
Прыехалі аўтобусы зь сілавікамі
Менск. На пляцоўку побач з Камароўскім рынкам прыехалі два шэрыя аднолькавыя аўтобусы з зацемненымі шыбамі і два сінія. Міліцыя кажа людзям праз мэгафоны, што сход недазволены.
Прыйшла Ніна Багінская са сьцягам
На пляцоўку каля Камароўскага рынка ў Менску прыйшла Ніна Багінская са сьцягам. Жанчыны зьбіраюцца групамі і крычаць «Ніна! Ніна, наш герой!» Дзяўчаты нясуць партрэты Ціханоўскай, кветкі.
Менск, міліцыянты падышлі да журналістаў, якія працуюць на маршы жанчын, і просяць, каб яны трымаліся на адлегласьці ад сілавікоў.
Горадня. Перад пачаткам маршу пад чырвона-зялёнымі сьцягамі каля філярмоніі людзі ў цывільным схапілі хлопца, які крычаў «Жыве Беларусь».
Суботні марш жыхаркі Менску прымеркавалі да рэпэтыцыі «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай
«Усім надакучлівы былы — больш нелігітымны! — гаворыцца ў звароце. — Запрашаем правесьці рэпэтыцыю інаўгурацыі ў гонар ўступленьня на пасаду Сьвятланы Ціханоўскай. Давайце пакажам, хто наш прэзыдэнт!». Спачатку збор быў заплянаваны а 14-й гадзіне на плошчы Перамогі. Але калі туды падцягнуліся сілавікі, месца было апэратыўна зьмененае — пляцоўка перад Камароўскім рынкам.
Мэтро і наземны грамадзкі транспарт не спыняюцца на плошчы Перамогі ў Менску
Тут перш плянавалі сабрацца жаччыны на свой традыцыйны суботні марш пратэсту. У ваколіцах плошчаў Перамогі і Якуба Коласа заўважаныя АМАП і аўтазакі.