Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забіраеш подпіс — ты наша. Калі не — разьвітваемся». Лёгкаатлетка Кудзеліч расказала пра шантаж чыноўнікаў 


Лёгкаатлетычная эстафэта, ілюстрацыйнае фота
Лёгкаатлетычная эстафэта, ілюстрацыйнае фота

Беларуская лёгкаатлетка Сьвятлана Кудзеліч, звольненая з нацыянальнай зборнай і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, расказала «Трыбуне» пра ціск чыноўнікаў.

Да гэтага мэдалістка чэмпіянату Эўропы ў бегу на 3000 мэтраў і ўдзельніца дзьвюх Алімпіяд падпісалася пад адкрытым лістом 600 спартоўцаў з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

«Гэта можна параўнаць з адносінамі з каханым чалавекам, бо разрыў прынёс мне боль, крыўду... Былі ўгаворы, пагрозы, папярэджаньні з боку чыноўнікаў, якія расказвалі спартоўцам, што з намі будзе, калі не забярэм свае подпісы. Зразумела, нічога добрага не абяцалі. А яшчэ цікава, што пастаянна запытвалі: ці чыталі мы пункты ліста, які падпісалі? Можа, нас прымусілі? Быццам мы апрыёры ня можам думаць і адказваць за свае ўчынкі».

Паводле Сьвятланы Кудзеліч, зь ёй размаўлялі ня толькі прадстаўнікі фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, а і кіраўнікі міністэрскага падразьдзяленьня — да нядаўняга часу яна служыла ў Заслаўскім аддзяленьні ратавальнікаў.

«Дасылалі мне паведамленьні, маўляў, калі забяру свой подпіс, то пра ўсё забудуцца, будзе як і раней. А як не — „сама разумееш“. Яшчэ было такое паведамленьне: „Сьвета, калі ты забіраеш подпіс, то ты наша. Калі не — мы разьвітваемся“. Гэта значыць, чыноўнікі ўжо дзеляць людзей на нашых і ня нашых, гледзячы на іх маральныя прынцыпы, грамадзянскую пазыцыю? Натуральна, гэта няправільна. У Беларусі прывыклі баяцца і маўчаць, рабіць адно, а казаць іншае».

Атлетка кажа, што цудоўна разумее, чым рызыкавала, адмовіўшыся адклікаць подпіс, і што магла і надалей займацца спортам, атрымліваць сярэднестатыстычны заробак, застацца ў зоне камфорту. Але стамілася трываць.

«Калі выяжджала на міжнародныя спаборніцтвы, бывала, бегла і па дзьве дыстанцыі, у камандзе не хапала людзей. Так трэба начальству. А яшчэ мной кіравалі патрыятычныя ноткі, якія прымусілі забывацца пра ўласнае здароўе. Цяпер гэтага патрыятызму няма. Я не люблю скардзіцца, але стамілася маўчаць, трываць гэтае бяспраўе. Цяпер не магу нармальна спаць, шмат думак, перажываю. Мая любоў да дзяржавы аказалася без адказу», — падсумавала Сьвятлана Кудзеліч.

Пасьля ціску чыноўнікаў адклікала подпіс пад калектыўным лістом спартоўцаў чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў бегу Марына Арзамасава. Да гэтага яна пасьлядоўна адстойвала сваю грамадзянскую пазыцыю, у тым ліку ў размове са Свабодай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG