У Беларусі працягваюць судзіць незалежных журналістаў.
Карэспандэнта тэлеканалу «Белсат» Дзяніса Ганчарэнку пакаралі арыштам на 12 сутак і штрафам у памеры 510 рублёў за працу без акрэдытацыі. Аналягічнае пакараньне суд вынес і відэаапэратару Аляксандру Любенчуку.
Абодвух затрымалі ўвечары 24 верасьня ля турмы на Акрэсьціна, дзе зь іншымі калегамі тыя зьбіраліся сустрэць фатографаў Уладзімера Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча, якія адбывалі 11-дзённыя арышты за нібыта ўдзел у «масавым мерапрыемстве».
Затрыманага ўчора ў Менску апэратара Паўла Патапава суд Заводзкага раёну пакараў арыштам на 15 сутак. Апэратара затрымалі на Партызанскім праспэкце ў раёне мэтро «Магілёўская», калі ён здымаў акцыю пратэсту, паведамляе БАЖ.
Акрамя таго, галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня «Рэгіянальны Магілёў 6tv.by» Зьмітра Салаўёва асудзілі на 7 сутак арышту. Судзьдзя Ленінскага суду Алена Літвіна прызнала яго вінаватым ва ўдзеле 6 верасьня ў несанкцыянаваным шэсьці.
Сваёй віны Салаўёў не прызнаў. У гэты дзень ён выконваў свае прафэсійныя абавязкі — здымаў, як праходзіць «Марш адзінства».