24 верасьня Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу адваката Ільлі Салея на рашэньне Партызанскага раённага суду Менску, які адмовіў у задавальненьні скаргі на ўзяцьце Салея пад варту, паведаміў афіцыйны Тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
У задавальненьні скаргі адмоўлена, меру стрыманьня пакінулі бязь зьменаў — утрыманьне пад вартай.
23 верасьня Менскі гарадзкі суд прыняў аналягічнае рашэньне аб скарзе Максіма Знака. Пры вынясеньні рашэньня Максім Знак не прысутнічаў. Экран відэасувязі быў выключаны.
Ільлю Салея затрымалі раніцай 9 верасьня, у яго кватэры правялі ператрус. У гэты ж дзень у Менску ў той жа крымінальнай справе затрымалі сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака. Тады стала вядома, што затрыманая напярэдадні на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску. Увечары з санкцыі пракурора Калесьнікавай і Знаку абралі мераю стрыманьня ўзяцьце пад варту.
Ільля Салей, Максім Знак і Марыя Калесьнікава ёсьць падазраванымі ў крымінальнай справе за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі». Справу паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу распачалі па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака і Ілью Салея палітычнымі зьняволенымі.