24 верасьня ў Менску прайшла пазачарговая канфэрэнцыя Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі. Новым кіраўніком выбралі кідальніка молата Івана Ціхана, які на гэтай пасадзе зьмяніў свайго калегу Вадзіма Дзевятоўскага.
У жніўні Вадзім Дзевятоўскі, які ўзначальваў фэдэрацыю ад 2014 году, заявіў, што Аляксандар Лукашэнка не ягоны прэзыдэнт. Пазьней ён растлумачыў свой учынак тым, што гэта папрасіў зрабіць старэйшы брат.
Неўзабаве журналістам стала вядома, што майстар водных лыжаў Алег Дзевятоўскі зрабііў спробу суіцыду. Дзевятоўскі-малодшы пасьля тых заяваў на публіцы не зьяўляўся. Падчас канфэрэнцыі свой сыход ён патлумачыў наступным чынам.
«Ніхто мяне не папракне, што я жыў праблемамі лёгкай атлетыкі. Мне часта казалі: беражыце сябе. Але арганізм даў збой, мне неабходна аднаўленьне. Гэта вымушаная мера. Але мне ня хочацца, каб зададзены тэмп спыняўся. Я б хацеў прапанаваць кандыдатуру чалавека, які мне, як брат, — Івана Ціхана. Вы нават не ўяўляеце, якія цяжкасьці прайшоў гэты чалавек... Як толькі спраўлюся з праблемамі, у мяне ёсьць і сямейныя абставіны, паспрабую вярнуцца і падхапіць тое, што мы маем», — сказаў Вадзім Дзевятоўскі.
Ураджэнец Горадзеншчыны Іван Ціхан — неаднаразовы прызэр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён сьвету. У 2014 годзе быў дыскваліфікаваны за станоўчую допінг-пробу. Разам зь Дзевятоўскім яны абвінавачваліся ў выкарыстаньні допінгу, але выйгралі двухгадовую цяжбу зь Міжнародным алімпійскім камітэтам, узнагароды атлетам вярнулі.
Падчас апошняй паездкі ў Горадню Аляксандар Лукашэнка, які таксама кіруе Нацыянальным алімпійскім камітэтам, назваў Івана Ціхана «сапраўдным патрыётам, адрозна ад іншых, якія здрадзілі». Дзейны спартовец публічна падтрымлівае рэжым, прысутнічаў на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі.
Ціхан і Дзевятоўскі шмат год разам баранілі гонар Беларусі на сусьветных спаборніцтвах кідальнікаў молата.