Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутнасьць беларускай рэвалюцыі — у штодзённым расхістваньні аўтарытарнай сыстэмы


Пратэст у Менску пасьля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня
Пратэст у Менску пасьля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня

Незалежна ад хоць якіх крокаў Лукашэнкі, кшталту раптоўнай інаўгурацыі, у беларускім грамадзтве запушчаныя глыбінныя працэсы супрацьстаяньня «вэртыкалі ўлады», якая за 26 гадоў стала падмуркам аўтарытарнай сыстэмы.

Сьцісла:

  • Акцыі пратэсту — толькі верхавіна айсбэрга. Сутнасьць беларускага рэвалюцыйнага працэсу — у штодзённым расхістваньні сыстэмы Лукашэнкі, спаянай зь дзяржаўнай бюракратыяй.
  • Для людзей з «вэртыкалі», ад самых дробных начальнікаў і да самага верху, усё, што адбываецца, уся гэтая лявіна штодзённай інфармацыі — як цягнік, што ідзе за пару мэтраў ад пешахода: немагчыма хутка ўсё адсачыць і асэнсаваць.
  • Грамадзяне ўсё больш уваходзяць у смак свабоды, адчуваньне якой вядзе ня толькі да велізарных мітынгаў-шэсьцяў, але і да магчымасьці супрацьстаяць лукашэнкаўскай бюракратыі.

Цяпер ужо можна з упэўненасьцю казаць, што грамадзяне штодзённа і масава супрацьстаяць дзяржаве, якая асацыюецца пэрсанальна з Лукашэнкам. З упэўненасьцю, бо сьведчаньні прыходзяць кожны дзень з розных месцаў і ў розных сытуацыях.

Вось у тэлеграм-каналах зьяўляецца відэа пра тое, як больш за сто бацькоў выклікалі на ганак гімназіі дырэктара, каб спагнаць за праўладнага прапагандыста, які апрацоўваў іхных дзяцей без дазволу бацькоў. А вось больш за трыста грамадзянаў прыйшлі да дзіцячага прытулку з патрабаваньнем вярнуць маці забранага напярэдадні ў гэты прытулак прадстаўнікамі апекі шасьцігадовага малога.
А вось бачым, як у выканкаме спрабуюць выведаць у жыхароў аднаго з двароў, хто вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі, але грамадзяне пасьлядоўна даводзяць некампэтэнтнасьць супрацоўнікаў выканкаму, а тыя спрабуюць пагражаць, але ўрэшце адступаюць.

Цяпер новая прапанова ў тэлеграм-каналах: паралізаваць магчымасьць камунальных службаў здымаць сьцягі. Засыпаць службу 115 зваротамі на рамонты двароў і паралельна засылаць у выканкамы пэтыцыі з патрабаваньнем, каб камунальнікі своечасова выконвалі ўсе абавязкі.

А вось інфармацыя пра тое, што за месяц грамадзяне забралі з банкаў больш як мільярд даляраў сваіх укладаў. Ці сацыяльная рэкляма на дзяржаўнай ТВ, дзе грамадзянаў просяць своечасова аплочваць камунальныя паслугі, а перад тым у тых жа тэлеграм-каналах заклікалі зацягваць хоць якія выплаты дзяржаве, каб у Лукашэнкі ўрэшце ня стала грошай на аплату сваіх амапаўцаў.

Прыклады можна множыць. Таксама варта ўлічваць, што толькі невялікі працэнт фактаў трапляе на фота і відэа, а пасьля ў мэсэнджары і сацыяльныя сеткі. Мы ўсе бачым, як мэдыкі, пэдагогі, рабочыя, людзі ў пагонах запісваюць ролікі падтрымкі беларускага паўстаньня. А ўявіце, што такіх людзей у разы болей. Проста ня ўсе псыхалягічна гатовыя выступаць публічна.

Для людзей з «вэртыкалі», ад самых дробных начальнікаў да самага верху, усё, што адбываецца, гэта лявіна інфармацыі — як цягнік, што ідзе за пару мэтраў ад пешахода: немагчыма хутка ўсё адсачыць і асэнсаваць. Але людзі ўсё больш уваходзяць у смак свабоды, адчуваньне якой вядзе ня толькі да велізарных мітынгаў-шэсьцяў, але і да магчымасьці супрацьстаяць лукашэнкаўскай бюракратыі.

Кожны прыклад пэрсанальнага супрацьстаяньня «вэртыкалі ўлады» натхняе іншых грамадзянаў. А карныя органы проста захлынаюцца ў заведзеных справах, як крымінальных, так адміністрацыйных. Карныя захады мусяць прыгнятаць, спыняць, але маштаб супраціву такі, што грамадзянскі рух толькі набірае разгон.

Пакуль пытаньне толькі ў адным — калі аформіцца суб’ектнасьць гэтага пратэсту?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG