Але адчувае сябе нармальна, заявіў БелаПАН ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак, які знаходзіцца ў СІЗА, адчувае сябе нармальна, нягледзячы на тое, што ўжо пятыя суткі трымае галадаваньне, паведаміў адзін зь яго адвакатаў Дзьмітры Лаеўскі.
Паводле Лаеўскага, абаронцы бачацца са Знакам амаль кожны дзень.
«Цяпер асноўныя кірункі працы адносна Макса – аспрэчваньне абвінавачаньня і абскарджаньне зьняволеньня пад вартай», – расказаў Лаеўскі.
Максіма Знака затрымалі 9 верасьня. Раніцай 18 верасьня яму прадʼявілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь). На знак пратэсту Максім Знак абвясьціў галадоўку.
У гэты ж дзень адбылося паседжаньне паводле скаргі адвакатаў на меру стрыманьня Знака. На разгляд скаргі прыйшлі некалькі дзясяткаў юрыстаў, якія жадаюць выказаць Знака сваю падтрымку і асабіста за яго паручыцца.
У суд Знака не прывезьлі, ён прысутнічаў на паседжаньні па відэасувязі. Скаргу не задаволілі. Абарона абскардзіла рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.