Стаматоляг Вольга Рыбакова зь Берасьця, якая заступілася за людзей і атрымала раненьне ад амапаўцаў, сёньня выйшла на працу.
Увечары 10 жніўня Вольга Рыбакова зь Берасьця ўбачыла з балькона сваёй кватэры на чацьвёртым паверсе, як людзі ў чорным жорстка затрымлівалі маладога чалавека і ўдарылі дзяўчыну. Вольга запатрабавала спыніць гвалт. У адказ сілавікі стрэлілі ў Вольгу гумовай куляй. Тая трапіла Вользе ў ніжнюю частку жывата, разарваўшы мяккія тканкі. Жанчыну паклалі ў бальніцу.
«Сёньня выйшла на працу»
У першы працоўны дзень пасьля лекаваньня Вольга Рыбакова прыняла двух пацыентаў.
«Сёньня я выйшла на працу і паціхеньку пачынаю працаваць і вяртаюся да жыцьця. Сёньня два пацыенты, заўтра — тры, і паціхеньку буду нарошчваць. Амаль паўтара месяца не працавала і пакуль не магу адразу вялікую нагрузку. Паціхеньку ўсё прыйдзе ў норму».
Першую апэрацыю Вользе зрабілі 10 жніўня, другую 2 верасьня, а 14-га зьнялі швы.
«Спачатку мяне не зашывалі, абрэзалі ўсе разьбітыя тканкі, і толькі 2 верасьня зашылі».
Вольга зьняпраўдзіла інфармацыю, якая зьявілася ў інтэрнэце, што яна нібыта ў цяжкім стане ў рэанімацыі.
«Дзякуй Богу, са мной усё добра. Крышку баліць, але гэта ўсё пройдзе», — сказала яна.
«COVID ніхто не адмяняў»
Апошнюю апэрацыю Вользе рабілі ў апёкавым аддзяленьні, бо там «падобная спэцыфіка ран».
«У нас цудоўныя лекары, кваліфікаваная дапамога, душэўныя людзі. Дзякуй Богу, усё добра. Лекары ў чыгуначнай лякарні лічылі, што апэраваць павінны спэцыялісты, якая маюць справу з такімі ранамі. Таму яны ня браліся мяне зашываць, бо спачатку павінна была быць сур’ёзная плястыка. Але я даволі нядрэнна зажывала, і мне зрабілі плястыку тканкамі, а гэта рана на жываце, скура на жываце добра цягнецца, проста адслаілі скуру ад мышцы і падцягнулі яе. Спачатку паслойна сшылі тканкі, а потым нацягнулі скуру», — кажа Вольга.
Вольгу выпісалі і параілі зьвярнуцца да траўматоляга.
«Я сама мэдык, і калі мне зьнялі швы, я паабяцала свайму лекару, што я сама буду добра даглядаць сваю рану. Бо хадзіць на перавязкі трэба ў паліклініку, а там многа людзей, і COVID ніхто не адмяняў. Я прымала многа антыбіётыкаў. Уласна, рана ўжо ў такім выглядзе, што не патрабуе асаблівага догляду. Трэба толькі, каб аднавілася адчувальнасьць, мышца не падцягвала. На ўсё проста патрэбны час».
«Я згубіла месяц лета»
Раней жанчына падала заяву ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем правесьці праверку і прыцягнуць вінаватых у раненьні да адказнасьці. Яна ня ведае, ці разьбіраюцца зь яе заявай.
«Я думаю, што ў мяне гэтак жа, як і ва ўсіх. Пакуль справа, відаць, на разглядзе, таму... Калі шчыра, не хацелася б пра гэта думаць, проста вярнуцца да нармальнага жыцьця, проста гуляць, атрымліваць асалоду ад восені, працаваць, сустракацца з сваякамі, сябрамі. Бо я была выбіта з жыцьця, і хочацца нагнаць упушчанае. Я згубіла месяц лета, хочацца больш гуляць, дыхаць і спадзявацца на самае лепшае для сябе».
Вольга не шкадуе, што заступілася ў жніўні за людзей. Яна кажа, што «інакш не магла б».