Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі ўшанавалі памяць затрыманага Аляксандра Віхора ў 40 дзён пасьля яго сьмерці


У атачэньні міліцыі шасьцёра дзяўчат у Гомлі ўсклалі кветкі на саракавы дзень пасьля сьмерці 25-гадовага Аляксандра Віхора.

Акцыю ўшанаваньня памяці плянавалася правесьці на месцы, дзе хлопца затрымалі — каля прыпынку транспарту «Плошча Леніна». Аднак ужо задоўга да меркаванага часу ўскладаньня кветак там дзяжурыла міліцыя, побач стаяў спэцтранспарт. Як толькі дзяўчаты паспрабавалі ўскласьці кветкі, іх атачылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў масках, забаранілі класьці тут кветкі і адправілі дзеля гэтага да манумэнта зь Вечным агнём, які месьціцца побач.

Аднак калі дзяўчаты пачалі запальваць лямпады і ўскладаць кветкі, да Вечнага агню пад’ехала машына міліцыі. Супрацоўнікі мясцовага РАУС пачалі перапісваць прозьвішчы дзяўчат і забаранілі класьці плякат з надпісам: «Ён не памёр, яго забілі». Дзяўчаты пакінулі белы плякат пад аркушамі чырвонай паперы, на якіх стаялі лямпады.

Удзельніцы акцыі памяці разышліся, але міліцыянты яшчэ засталіся дзяжурыць ля прыпынку «Плошча Леніна».

Крымінальная справа па факце сьмерці Аляксандра Віхора дагэтуль не распачатая, няма вынікаў судова-мэдыцынскай экспэртызы. 25-гадовы хлопец ехаў увечары 9 жніўня на спатканьне са сваёй дзяўчынай, рабіў перасадку ў цэнтры гораду і трапіў пад «хапун» АМАПу. Толькі 12 жніўня маці даведалася ў Чыгуначным РАУС, што сын у моргу. Абставіны сьмерці Аляксандра дакладна так і не вядомыя. Паводле сьведак — іншых затрыманых — Аляксандру стала вельмі блага ў РАУС, пазьней — у машыне для затрыманых, на якой яго везьлі ў СІЗА пасьля суду. Калі хлопец моцна крычаў, у ягоны бок пырснулі пярцовым газам. Таксама сьведкі сьцьвярджаюць, што бачылі, як у РАУС Аляксандра некалькі разоў ударылі АМАПаўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG