21 верасьня Менскі гарадзкі суд разглядаў скаргу абароны Марыі Калесьнікавай і Ільлі Салея на заключэньне пад варту.
Пасьля пасяджэньня, якое доўжылася больш за тры гадзіны, Менскі гарадзкі суд адмовіў у скарзе абароны Марыі Калесьнікавай на меру стрыманьня ў выглядзе арышту.
Пра гэта Свабодзе паведаміла адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак.
«Прычыны не былі патлумачаныя судзьдзёй. Калі мы атрымаем пастанову, будзем далей яе абскарджваць у Вярхоўным судзе», — сказала Людміла Казак.
Марыя Калесьнікава ўдзельнічала ў пасяджэньні суду празь відэасувязь, дадала адвакатка:
«Яна выглядала цудоўна, была бадзёрая, вітала ўсіх. І ўсе ў залі адказалі ёй гучнымі аплядысмэнтамі, што не спадабалася судзьдзі».
У тым ліку яна вітала свайго бацьку Аляксея і заходніх амбасадараў і дыпляматаў, якія прыбылі на пасяджэньне і дачакаліся выраку. Дыпляматы мелі значкі «Свабоду палітвязьням».
Паколькі суд не задаволіў скаргу, якую падала адвакатка Людміла Казак, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава застанецца ў СІЗА.
Марыю Калесьнікаву затрымалі 8 верасьня падчас няўдалай спробы спэцслужбаў вывезьці яе ва Ўкраіну.
Падтрымаць Марыю Калесьнікаву, яе бацьку і іншага зьняволенага чальца рады Ільлю Салея ў суд прыйшлі сябры, калегі, аднадумцы, а таксама амбасадары і прадстаўнікі эўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў.
Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады Ільля Салей таксама застанецца за кратамі. Ягоную скаргу на ўтрыманьне пад вартай Менскі гарадзкі суд таксама не задаволіў.