Да 15 сутак арышту. Суды за «Бліскучы марш» і «Марш справядлівасьці». Абнаўляецца
19 верасьня на жаночым «Бліскучым маршы» у Менску і напярэдадні на «Маршах справядлівасьці» па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманьні мірных пратэстоўцаў.
Паводле інфармацыі МУС, у суботу ў сталіцы затрымалі 415 чалавек і яшчэ 15 у іншых месцах. Суды ў розных гарадах Беларусі выносяць выракі затрыманым, пераважна арышты і штрафы.
Нейкай зразумелай лёгікі няма. Напрыклад суд Першамайскага раёна Менска пакараў Вадзіма Дамашэвіча арыштам на 15 сутак. Пры тым, што за аналягічнае правапарушэньне ў Гомлі Яўгена Гатоўкіна пакаралі 3 суткамі. А ў судзе Савецкага і Партызанскага раёнаў сталіцы вынесеныя грашовыя прысуды — па 540 рублёў штрафу.
Праваабаронцы з дапамогай валянтэраў зьбіраюць інфармацыю пра рашэньні судоў. Апэратыўныя дадзеныя шукайце на сайце «Вясны».
Ціханоўская папрасіла міжнародную супольнасьць не прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі
Падзяліцца
Глядзець камэнтары
Друкаваць
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць адмовіць у прызнаньні легітымнасьці кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Яе словы прыводзіць Інтэрфакс.
«Мы зьвяртаемся да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам не прызнаваць легітымнасьці Лукашэнкі, паколькі ён нелегітымны ў вачах беларускага народу. Нашы галасы на гэтых выбарах скралі», — сказала Ціханоўская ў панядзелак на брыфінгу са старшынём Эўрапарлямэнту Давідам Сасолі.
«Мы спрабуем разабрацца самі, але мы бачым, што Лукашэнка ня хоча ісьці на дыялёг, пра які мы просім. У гэты момант вельмі важная любая падтрымка ад эўрапейскіх і іншых суседніх краінаў», — дадала Ціханоўская, выказаўшы падзяку за прыняцьце Эўрапарлямэнтам рэзалюцыі ў падтрымку барацьбы беларускага народу.
Сасолі, у сваю чаргу, выказаў меркаваньне, што «перадача ўлады — гэта адзіны мірны варыянт вырашэньня праблемы ў Беларусі».
«Абшарпаная мэтадычка Шарпа»: ці сапраўды амэрыканскі палітоляг мог уплываць на пратэсты па ўсім сьвеце
Заходнія «лялькаводы», лічыць Аляксандр Лукашэнка, пабудавалі тактыку беларускіх пратэстаў паводле «клясычнага падручніка каляровых рэвалюцый», які напісаў амэрыканскі палітоляг Джын Шарп. Падчас расейскіх пратэстаў 2011 году намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіслаў Суркоў таксама заяўляў, што актывісты «дзейнічаюць літаральна паводле кніжак Шарпа» і не адхіляюцца ад яго інструкцый.
Памежнікі ня мелі прэтэнзій да Калесьнікавай, але перадалі яе «ўпаўнаважаным асобам»
Абарона арыштаванай сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай атрымала адказ на скаргу ў Дзяржаўны памежны камітэт.
«У адносінах грамадзянкі Калесьнікавай органамі дазнаньня памежнай службы крымінальныя справы не пачыналіся, паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынстваў яна не затрымлівалася», — гаворыцца з дакумэнце.
У лісьце пацьвярджаецца, што 8 верасьня пасьля праходжаньня памежнага кантролю ў пункце пропуску Аляксандраўка яна ня выехала на тэрыторыю Ўкраіны. Спачатку Калесьнікава была дастаўленая ў Мазырскі памежны атрад, а пасьля ў той жа дзень яе перадалі «ўпаўнаважаным асобам».
Пры тым, што нават 9 верасьня не было вядома, дзе яна, і ніводная сілавая структура на запыты не адказвала, гэта парушыла яе права на абарону, канстатуе абарона Марыі Калесьнікавай.
«Калі няма выказваньняў, што аспрэчваць?» Адвакаты пра абвінавачаньне Максіму Знаку
Абарона адваката Максіма Знака абскардзіла ў Генпракуратуру абвінавачаньне, прад’яўленае яму 18 верасьня. Пра гэта Tut.by паведамілі адвакаты палітвязьня Дзьмітры Лаеўскі і Яўген Пыльчанка.
У скарзе ставіцца пытаньне аб незаконнасьці пастановы аб прыцягненьні Максіма Знака ў якасьці абвінавачанага паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.
«У абвінавачаньні павінна быць апісаньне часу, месца і іншых абставінаў пэўных дзеяньняў. Нічога гэтага няма. Самае галоўнае, не прыводзяцца канкрэтныя выказваньні, якія сьледчы лічыць заклікамі. А калі іх няма, то што аспрэчваць? Раз іх нават не напісалі, значыць, такія выказваньні ня выяўленыя ў прынцыпе; гэта значыць, адсутнічае такая прыкмета злачынства. Таксама не тлумачыцца, якім чынам некаторыя выказваньні Максіма Знака маглі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы», — заявіў Дзьмітры Лаеўскі.
Заходнія амбасадары прыйшлі на суд паводле скаргі палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай
Адразу дзьве скаргі на меру стрыманьня сябраў Каардынацыйнай рады разглядае Менскі гарадзкі суд.
21 верасьня а 14-й гадзіне пачалі разглядаць скаргу абароны Марыі Калесьнікавай на заключэньне яе пад варту.
А 15-й там жа будзе разглядацца аналягічная скарга абароны палітзьняволенага юрыста Ільлі Салея.
Падтрымаць Марыю Калесьнікаву, яе бацьку і Ільлю Салея ў суд прыйшлі сябры, калегі, аднадумцы.
Таксама тут амбасадары і прадстаўнікі эўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў, у многіх значкі салідарнасьці са зьняволенымі.
Шматвэктарная палітыка больш не адпавядае задачам разьвіцьця Беларусі, — дэпутат Савіных
Замежнапалітычную дактрыну трэба адкарэктаваць, шматвектарная палітыка больш не адпавядае задачам разьвіцьця краіны, заявіў у камэнтары БелТА старшыня камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.
«Ёсьць дастаткова падставаў сьцьвярджаць, што шматвэктарная палітыка ва ўмовах сутыкненьня геапалітычных праектаў, на фоне працэсу аб’яднаньня дзяржаў у макрарэгіёны і разбурэньня глябальнай гандлёвай і фінансавай сыстэмаў больш не забясьпечвае патрэбныя ўмовы для спрыяльнага разьвіцьця Беларусі. Бягучыя палітычныя падзеі павінны прапанаваць новую структуру замежнапалітычных прыярытэтаў», — заявіў ён.
Такім «вышэйшым прыярытэтам» для Беларусі, паводле Савіных, застаецца ўмацаванне палітычных, эканамічных і вайсковых адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй у рамках «саюзнай дзяржавы». Галоўная задача — уваходжаньне ў ядро Эўразійскага макрарэгіёну.
«Да прыярытэту гэтага ж узроўню трэба аднесьці разьвіцьцё стасункаў з краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. А на пэрспэктыву лічу дарэчным ставіць агульную задачу паступовага пашырэньня гэтага аб’яднаньня як за кошт краін СНД, так і іншых краін Эўразіі. Мэта пашырэньня — стварэньне паўнавартаснага макрарэгіёну зь незалежнай фінансавай сыстэмай, самастойным рынкам і прадуманай сыстэмай падзелу працы», — падсумаваў Савіных.
Што тычыцца адносінаў «з калектыўным Захадам», на думку Савіных, яны павінны ацэньвацца з гледзішча геапалітычных рызык, а акцэнт мусіць быць зроблены на гандлёва-эканамічным, лічбавым, навуковым і экалягічным узаемадзеяньні. «І ня больш», — падкрэсьліў дэпутат.
Больш за 140 песень беларускага пратэсту лета і пачатку восені сабралі ў адзін плэйліст
За лета і пачатак восені беларусы прысьвяцілі нямала песень палітычным пратэстам і сытуацыі ў краіне, таксама і замежныя артысты прысьвяцілі кампазыцыі беларусам. На Youtube спрабуюць сабраць усе гэтыя трэкі ў адзін плэйліст — на момант публікацыі ў ім звыш 140 кампазыцыяў.
Слухаць у парадку публікацыі песень:
Як тлумачыць аўтар плэйліста Аляксандар Арсёнаў, у сьпіс трапляюць ня ўсе кампазыцыі: некаторых проста не публікавалі на Youtube.
Ня цалкам трапіў туды альбом «Белага легіёну» «Сонца перамогі»: у ім аж 19 трэкаў, выдадзеных у адзін дзень. Каб не рабіць значную частку плэйліста з кампазыцыяў аднаго альбому, дадалі толькі першыя тры трэкі альбому.
Аўтар прымае ў Telegram падказкі, якія яшчэ песьні варта дадаць у плэйліст.
«Гэта цынічна». «Нашу ніву» могуць аштрафаваць за тое, што несвоечасова паведаміла пра раненьне журналісткі
Журналістку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую паранілі 10 жніўня гумавай куляй у нагу. Літаральна на наступны дзень у шпіталь прыйшоў дзяжурны сьледчы. Аднак цяпер газэце пагражаюць штрафам за тое, што яны своечасова не паведамілі пра здарэньне ў «Белдзяржстрах» і Інспэкцыю працы.
10 жніўня ўвечары Натальля працавала на вуліцы Кальварыйскай. Пазьней у сеціве зьвілася відэа, на якім відаць, як побач зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду «Алмаз». Адзін зь іх прыцэльна стрэліў у журналістку, хоць яна была ў камізэльцы з надпісам «Прэса» і бэджам.
Цягам 38 дзён Натальля знаходзілася на стацыянарным лячэньні ў лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. 16 верасьня яе выпісалі, а бальнічны ліст Натальлі працягнулі ўжо амбуляторна, у паліклініцы.
Ціханоўская, Кавалькова і Латушка выступілі ў Эўрапарлямэнце. Коратка пра асноўнае
Святлана Ціханоўская і чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Павал Латушка выступілі на пасяджэньні камітэту Эўрапарлямэнту па міжнародных справах у Брусэлі.
Ціханоўская і Кавалькова выступілі асабіста, Латушка — празь відэасувязь.
Ціханоўская расказала пра патрабаваньні ўдзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, заявіўшы, што яны прадстаўляюць большасьць беларускага грамадзтва. Паводле яе слоў, ЭЗ не павінен прызнаваць легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі пасьля сфальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта. Яна заклікала да новых выбараў пры міжнародным назіраньні.
Ці захопіць Расея прамысловыя актывы Беларусі падчас крызісу?
На хвалі мірных пратэстаў і жорсткіх рэпрэсій у Беларусі Расея прыкладае асаблівыя намаганьні, каб цьвёрда замацаваць свайго шматгадовага саюзьніка на сваёй арбіце, і ў выпадку посьпеху Масквы больш пільны кантроль над Беларусьсю можа прынесьці ёй прамысловыя актывы Беларусі, піша аглядальнік RFE/RL Тоні Весалоўскі. Асноўныя тэзісы:
- Калі Пуцін націсьне на Лукашэнку, у таго ня будзе вялікага выбару, улічваючы залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскіх энэргетыкі і капіталу.
- Паводле Сусьветнага банку, Беларусь можа атрымаць «моцны ўдар» у выніку пандэміі каранавірусу, якую Лукашэнка адмаўляў як «масавы псыхоз».
- Эканамічныя паказчыкі большасьці беларускіх кампаній дрэнныя, яны маюць значныя даўгі і пастаянна субсыдуюцца ўрадам.
- Для Крамля існуюць больш танныя і эфэктыўныя спосабы скарыстацца слабай пазыцыяй Лукашэнкі, чым купляць стратныя і састарэлыя дзяржаўныя прадпрыемствы.
- На Мазырскі НПЗ і НПЗ «Нафтан» у Наваполацку, «Беларуськалій» і «Гродна Азот» прыпадае дзьве траціны экспарту Беларусі на Захад.
- FitchRatings прагназуе скарачэньне экспарту «Беларуськалію» праз забастоўкі, якое можа прывесьці да павышэньня цэн на солі калія ва ўсім сьвеце.
- Любы продаж беларускіх прадпрыемстваў у Расею будзе дрэнна прыняты многімі беларусамі, якія і без таго незадаволеныя роляй Пуціна ў крызісе.
Да 15 сутак арышту. Суды за «Бліскучы марш» і «Марш справядлівасьці»
19 верасьня на жаночым «Бліскучым маршы» ў Менску і напярэдадні на «Маршах справядлівасьці» па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманьні мірных пратэстоўцаў.
- Паводле інфармацыі МУС, у суботу ў сталіцы затрымалі 415 чалавек і яшчэ 15 у іншых месцах. Суды ў розных гарадах Беларусі выносяць затрыманым выракі, пераважна арышты і штрафы.
- Cуд Першамайскага раёну Менску пакараў Вадзіма Дамашэвіча арыштам на 15 сутак. За аналягічнае правапарушэньне ў Гомлі Яўгена Гатоўкіна пакаралі 3 суткамі. А ў судзе Савецкага і Партызанскага раёнаў сталіцы вынесеныя грашовыя прысуды — па 540 рублёў штрафу.
- У Гомлі сёньня праходзяць суды над затрыманымі на Маршы справядлівасьці. Усяго ў ІЧУ трапілі каля 50 чалавек.
- Палітыка Васіля Палякова асудзілі на 15 сутак арышту. Актывістку Сьвятлану Нарскіну суд пакараў арыштам на 8 сутак. 7 сутак атрымаў жыхар Гомля Вадзім Васільеў.
- Людзей судзяць ва ўсіх раённых судах Гомля, а таксама ў будынках РАУС. Апроч штрафаў, затрыманым даюць арышты на 3–12 сутак.
21 затрыманага на «Беларуськаліі» выпусьцілі зь міліцыі, лідэра страйкоўцаў Бокуна будуць судзіць
На аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна склалі пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства, яго будуць судзіць, з астатнімі правялі гутаркі і выпусьцілі — паведамілі Свабодзе ў Менскай абласной управе ўнутраных спраў.
Днём 21 верасьня прадстаўнік прэс-службы УУС Менскай вобласьці Сяргей Чабатароў сказаў Свабодзе, што ў Салігорску на «Беларуськаліі» затрымалі 22 чалавек.
Яны выйшлі падтрымаць шахтара Алега Кудзёлку, які адмовіўся падымацца з шахты на знак пратэсту супраць фальшывых выбараў і гвалту ў краіне.
Асацыяцыя апэратараў Эўропы — пра адключэньне інтэрнэту ў Беларусі «на патрабаваньне дзяржорганаў»
Асацыяцыя эўрапейскіх апэратараў сувязі (ETNO), у якую з трох беларускіх апэратараў уваходзіць толькі А1, пракамэнтавала сытуацыю з адключэньнем інтэрнэту ў Беларусі і патлумачыла, чаму мабільныя апэратары вымушаныя зьніжаць хуткасьць перадачы дадзеных на патрабаваньне органаў улады, паведамляе Tut.by.
Галоўная прычына — манапольны кантроль дзяржавы над вонкавым каналам сувязі. ETNO абяцае працягнуць кансультацыі з Радай Эўропы па супрацьдзеяньні абмежаваньню правоў на інтэрнэт-доступ у Беларусі з боку ўладаў.
«Мы пільна сочым за падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі, а таксама далейшымі дзеяньнямі эўрапейскіх устаноў і Эўрапарлямэнту ў сувязі зь імі», — гаворыцца ў лісьце Асацыяцыі.
Эўразьвяз перанёс пытаньне пра беларускія санкцыі, бо міністры замежных спраў сёньня ня здолелі дамовіцца. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Міністры абмеркавалі пытаньне санкцый. І нягледзячы на тое, што ёсьць дакладнае жаданьне зацьвердзіць гэтыя санкцыі, было немагчыма зрабіць гэта сёньня, бо неабходнай аднагалоснасьці не ўдалося дасягнуць. Гэтае пытаньне цяпер будзе разгледжана кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў пазьней на гэтым тыдні».
Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеных Марыю Калесьнікаву і Ільлю Салея пад вартай
Пасьля пасяджэньня, якое доўжылася больш за тры гадзіны, Менскі гарадзкі суд адмовіў у скарзе абароны Марыі Калесьнікавай на меру стрыманьня ў выглядзе арышту. Пра гэта Свабодзе паведаміла адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак.
«Прычыны не былі патлумачаныя судзьдзёй. Калі мы атрымаем пастанову, будзем далей яе абскарджваць у Вярхоўным судзе», — сказала Людміла Казак.
Марыя Калесьнікава ўдзельнічала ў пасяджэньні суду празь відэасувязь, дадала адвакатка:
«Яна выглядала цудоўна, была бадзёрая, вітала ўсіх. І ўсе ў залі адказалі ёй гучнымі аплядысмэнтамі, што не спадабалася судзьдзі».
У тым ліку яна вітала свайго бацьку Аляксея і заходніх амбасадараў і дыпляматаў, якія прыбылі на пасяджэньне і дачакаліся выраку. Дыпляматы мелі значкі «Свабоду палітвязьням».
У Беларусі новы палітвязень — праваабаронца Марфа Рабкова
17 верасьня ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфу Рабкову і яе мужа Вадзіма Жаромскага.
Пры затрыманьні Рабковай паведамілі, што яна фігурантка крымінальнай справы паводле ч.3 арт. 293 — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаваньне такой дзейнасьці. 19 верасьня яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.
Марфа Рабкова разам з валянтэрамі «Вясны» ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары», дакумэнтавала сьведчаньні катаваньняў і жорсткіх відаў абыходжаньня ў дачыненьні да затрыманых пратэстоўцаў.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці лічаць, што Марфу Рабкову пазбавілі волі за негвалтоўную дзейнасьць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў. На падставе гэтага Марфа Рабкова прызнаная палітычнай зьняволенай. Агулам у Беларусі такіх людзей ужо больш за 70.
«Зьяжджайце ў іншую краіну і гандлюйце там сваім целам». Гісторыі трох дзяўчат, затрыманых на акцыях
Няўзораў адказаў Уткіну: «Цяпер ёсьць толькі „Жыве Беларусь!“»
Вядомы расейскі журналіст і публіцыст Аляксандар Няўзораў адказаў на рэпліку папулярнага расейскага спартовага камэнтатара і блогера Васіля Уткіна пра пратэсты ў Беларусі.
«Пратэсты ў Беларусі? Я за гэты час ужо стаміўся б хадзіць па вуліцах. Мая цікавасьць да гэтага згасае», — казаў спартовы камэнтатар. Няўзораў адказаў наступным чынам:
«Так, гэтая рэвалюцыя разьвіваецца ня так, як бы мне хацелася, і ня так, як бы мне бачылася. Але гэта зусім ня важна! У дадзеным выпадку тут трэба ставіцца да паўстанцаў і пратэстоўцаў толькі як да людзей, якім на дадзены момант мы чартоўска патрэбныя... Таму і ў цябе, Васіль, у чалавека ўсё роўна для вельмі многіх людзей аўтарытэтнага, зь вельмі слушнай пазыцыяй па мностве пытаньняў, няма ніякага права ў дадзеным выпадку на расчараваньне, на стомленасьць, на індыфэрэнтнасьць — не. Вось цяпер ёсьць толькі «Жыве Беларусь!», – цытуе Няўзорава партал Tribuna.com.
Увод першага энэргаблёку БелАЭС зноў перанесьлі: цяпер на I квартал 2021 году
Другі энэргаблёк на гэты момант плянуюць увесьці ў 2022 годзе.
Міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што першы энэргаблёк БелАЭС плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў першым квартале 2021 году, а другі — у 2022 годзе. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на 64-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі МАГАТЭ ў Вене.
16 верасьня Аляксандар Лукашэнка казаў пра ўвод першага блёку АЭС у чацьвёртым квартале 2020 году, а менавіта 7 лістапада, у гадавіну кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе.