Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш пратэсту ў Магілёве
Марш пратэсту ў Магілёве

Пратэст у шахце. Што адбываецца на 44-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 44-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасьля 22 дзён адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю эканаміст, сябра руху «За свабоду» Андрэй Юркоў. Горацкі раённы суд на Магілёўшчыне адправіў актывіста ў мясцовы ізалятар за ўдзел у пратэставых акцыях. На Юркова горацкая міліцыя склала 4 пратаколы за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». На волі актывіста сустракалі сябры і паплечнікі.

Андрэй Юркоў кажа пра холад і кепскую ежу ў ізалятары. Ён пацьвердзіў, што мясцовая прыхільніца пераменаў Ларыса Самсонава, асуджаная на 10 сутак, трымае галадоўку. Пэнсіянэрцы пастаянна выклікаюць мэдычную дапамогу. Пра яе арышт стала вядома 15 верасьня.

У Чэхіі беларусу за ўдзел у баях супраць Украіны на Данбасе пагражае 15 гадоў турмы

У судзе Прагі абвінавачваньне папрасіла асудзіць на 15 гадоў пазбаўленьня волі і пажыцьцёвае выдварэньне з краіны грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях супраць Украіны на Данбасе.

Падсудны Аляксандар Фадзееў адмаўляе сваю віну і заяўляе, што хацеў толькі дапамагчы людзям абараніцца ад «украінскіх фашыстаў», але сам ня ўдзельнічаў у баях, паведамляе чэскае інфармацыйнае агенцтва ČTK.

Фадзеева абвінавачваюць паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Чэхіі пра «тэракт», які прадугледжвае пакараньне ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер Фадзееў у турме, бо асуджаны за іншае злачынства.

Стаматоляг Вольга Рыбакова зь Берасьця, якая заступілася за людзей і атрымала раненьне ад амапаўцаў, сёньня выйшла на працу

У першы працоўны дзень пасьля лекаваньня Вольга Рыбакова прыняла двух пацыентаў:

«Сёньня я выйшла на працу і паціхеньку пачынаю працаваць і вяртаюся да жыцьця. Сёньня два пацыенты, заўтра — тры, і паціхеньку буду нарошчваць. Амаль паўтара месяца не працавала і пакуль не магу адразу вялікую нагрузку, паціхеньку ўсё прыйдзе ў норму».

Латушка заявіў, што гатовы выступіць у расейскай Думе. У адказ расейскі дэпутат назваў яго «ворагам Беларусі»

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка заявіў пра сваю гатоўнасьць выступіць у Дзяржаўнай Думе Расеі, каб патлумачыць там пазыцыю Рады. Латушка сказаў пра гэта пасьля свайго выступленьня ў Эўрапарлямэнце 21 верасьня.

Расейскае агенцтва «Новости» працытавала рэакцыю на гэтую заяву Латушкі з боку першага намесьніка камітэту па справах СНД у Дзярждуме Віктара Вадалацкага.

Вадалацкі абвінаваціў Каардынацыйную раду ў тым, што яна патрабуе санкцыяў, празь якія кожны беларус можа страціць працу, таму «гэта ўжо не апазыцыя, гэта ворагі Беларусі, а з ворагамі Беларусі нам няма пра што размаўляць».

Павел Сьлюнькін, першы сакратар упраўленьня Эўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі, на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў пра сыход з пасады

Колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка напісаў учора ў сваім тэлеграм-канале, што 30 дыпляматаў звольняць са структуры МЗС за выказваньні ў асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту над мірнымі дэманстрантамі з боку амапаўцаў.

Сьлюнькін быў адным з тых, хто рабіў такія выказваньні. У МЗС Беларусі інфармацыю пра звальненьні камэнтаваць адмовіліся.

Ціханоўская ў Брусэлі: што адказвае Эўропа?

Чаму Рада кіраўнікоў МЗС дзяржаваў Эўразьвязу не прыняла рашэньня пра санкцыі адносна Беларусі? Ці знойдуцца міжнародныя пасярэднікі, якія захочуць і змогуць наладзіць дыялёг паміж Лукашэнкам і Каардынацыйнай радай? Як будзе рэагаваць Эўразьвяз, калі Менск адмовіцца ад шматвэктарнай зьнешняй палітыкі, што прапануе старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць дырэктарка базаванага ў Браціславе міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.

У Гомлі ўшанавалі памяць затрыманага Аляксандра Віхора ў 40 дзён пасьля яго сьмерці

У атачэньні міліцыі шасьцёра дзяўчат у Гомлі ўсклалі кветкі на саракавы дзень пасьля сьмерці 25-гадовага Аляксандра Віхора.

«Надзелі форму і маскі». У Мазыры асудзілі рабаўнікоў, якія прыкінуліся міліцэйскім спэцназам

Суд Мазырскага раёну вынес прысуд па рэзананснай крымінальнай справе аб рабаваньні сямейнай пары сёлета ў студзені. Як піша «Жыцьцё Палесься», у Мазыры два чалавекі надзелі вопратку, падобную да формы супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня міліцыі, на галаву надзелі маскі.

Прадставіўшыся супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня, яны сказалі, што правяраюць паляўнічую зброю, «бо ў горадзе забіты дзяржаўны чыноўнік, мы праводзім маштабную праверку», і зайшлі ў кватэру да пацярпелых. Нападнікі зьвязалі мужа і жонку і забралі грошы на агульную суму 5400 рублёў.

Нападнікаў цяпер асудзілі на 9 і 6,5 года калёніі. Яшчэ адзін чалавек, якога прызналі «наводчыкам», атрымаў 4 гады калёніі.

2020 як год калектыўнага беларускага імунітэту — супраць дыктатуры

Цяпер на дзесяцігодзьдзі ў памяці беларусаў застанецца, што аўтарытарызм — гэта ня проста неадэкватныя заявы нездаровага кіраўніка, ня жартачкі, не пацешныя мітынгі прыгонных «ябацек». Гэта зьверствы, забойствы, гэта адбіраньне дзяцей, гэта ўдар з развароту маёрскім кулаком у твар жанчыны, гэта валачэньне ў аўтазак цяжарнай, гэта арышты ратавальнікаў за тое, што не дазволілі людзям патануць.

Нярэдка кажуць — як добра было б, калі б Лукашэнка сышоў раней. Напрыклад, у якім 2006 годзе. Ну ці хаця б у 2015-м.

Цалкам блог Віталя Цыганкова чытайце ТУТ.

«Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня

Жыхар Менску распавёў аб згвалтаваньні супрацоўнікам АМАПу. Адбылося гэта 11 жніўня. Тады сілавікі масава затрымлівалі жыхароў Менску па абвінавачваньнях ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.

Мужчына сьцьвярджае, што ў той вечар ён ня быў удзельнікам акцый, а толькі праходзіў побач. Яго і яшчэ пецярых чалавек зьмясьцілі ў аўтазак. Ўнутры супрацоўнікі АМАПу патрабавалі ад мужчыны разблякаваць яго тэлефон, зьбівалі, а потым, як мяркуе пацярпелы, верагодна, старшы па званьні супрацоўнік АМАПу згвалціў яго дубінкай.Цяпер мужчына выехаў з Беларусі і згадзіўся расказаць «Настоящему времени», як гэта адбывалася.

Ён не паказвае твар і не называе імя з прычыны боязі за ўласную бясьпеку і бясьпеку сваіх блізкіх. Ён перадаў рэдакцыі заключэньне мэдыкаў у пацьверджаньне таго, што адбылося.

«Людзі сталі ў счэпку і пачалі даваць адпор амапаўцам». Актывіст – пра стрэлы сілавікоў на маршы ў Берасьці

Берасьцейскае выданьне «Бінокль» апублікавала відэа, на якім бачна, як сілавікі распыляюць газ у твары пратэстантам. Сілавікі ў Берасьці таксама стрэлілі ў паветра: пазьней у МУС пацьвердзілі, што гэта было зроблена «у папераджальных мэтах».

Актывіст зь Берасьця Віктар Клімус распавёў Настоящему времени, што адбывалася ў горадзе:


«Стрэл, па-мойму, быў адзін. Гэта была, па-мойму, трэцяя спроба разгону. Людзей стала больш, людзі арганізаваліся, сталі ў счэпку і пачалі даваць адпор амапаўцам. І яны стралялі, калі адчулі, што пратэстоўцы пачынаюць проста на іх напіраць і адбіваць людзей, якіх яны спрабуюць затрымаць».

МУС: Канфідэнцыйнай інфармацыі пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не было апублікавана

Ўцечкі пэрсанальных дадзеных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не было, заявіла ў эфіры тэлеканалу «Расея-24» прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава. Паводле яе, у сеціве апублікавалі сьпіс чатырохгадовай даўніны.

«За гэты час шэраг супрацоўнікаў перайшлі ўжо на іншыя пасады, у іншыя падразьдзяленьні і ведамствы. Некаторыя звольніліся ў сувязі з выслугай гадоў, – цытуе прэс-сакратара Sputnik.by».

Чамаданава назвала ілжывымі паведамленьні аб масавых звальненьнях супрацоўнікаў з праваахоўных органаў і пра тое, што пасьля апублікаваньня сьпісаў з дадзенымі многія зьвярнуліся па дапамогу і абаронай у розныя фонды. Паводле яе, за восем месяцаў бягучага года з органаў унутраных спраў звольнілася на 11% менш міліцыянтаў, чым за аналягічны пэрыяд 2019 году.

XS
SM
MD
LG