Затрыманых 19 верасьня пасьля імправізаванага канцэрту на менскай вуліцы Ангарскай рок-музыкаў Аляксандра Памідорава і Вячаслава Наважылава зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна.
Як паведаміла Іна Наважылава, жонка заснавальніка гомельскага мэтал-гурту Gods Tower, разам зь імі быў схоплены яшчэ адзін хлопец, яго прозьвішча ёй невядомае.
Мяркуючы па ўсім, выходныя музыкам давядзецца правесьці ў турме, а ў панядзелак іх мусяць выпусьціць або асудзіць.
Аляксандар Памідораў і Вячаслаў Наважылаў зладзілі выступ у межах папулярных апошнім часам дваровых канцэртаў. У нейкі момант прыехалі аўтобусы без апазнавальных знакаў, паводле сьведак, высадзіўся дэсант з паўсотні чалавек у цывільным і невядомых у форме без апазнавальных знакаў.
Бальшыня гледачоў разьбегліся па суседняй лесапаласе. Тады невядомыя забралі артыстаў, якія з інструмэнтамі аказаліся не настолькі мабільнымі. А раніцай там разабралі лавачкі.