«Улада — гэта калі нехта вырашае і бярэ на сябе адказнасьць. А нашыя што зрабілі? Толькі ўсё сапсавалі! Таму ў нас ня ўлада, а безуладзьдзе». Лідэр гурту Gods Tower расказаў, чым лагодзіць самаізаляцыю ў краіне, дзе няма карантыну.
Уладзіслаў Наважылаў, ён жа Lesley Knife, — адзін з заснавальнікаў і вакаліст культавага мэтал-калектыву Gods Tower з Гомля.
Летась каманда адзначыла сваё 30-годзьдзе, з творчымі перапынкамі музыкі працуюць дагэтуль.
Сам онлайн, жонка на двухтыднёвай вахце, кот рэляксуе
У 2013 годзе Ўладзіслаў з жонкай Інай, сынамі Ярамірам і Багданам пераехаў у Менск. Кажа, што міграцыя з Гомля вялізарная: горад вялікі, а жыць няма з чаго. Уладкаваўся ў буйную ІТ-кампанію, вось ужо амаль два месяцы знаходзіцца ў дыстанцыйным фармаце. Жонка Іна працуе ў псыханэўралягічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў №2 Менску на вуліцы Ангарскай, апошнім часам нагрузка проста нерэальная.
«Нармальная сытуацыя ці не — сёньня цяжка сказаць, будзе відаць з вышыні наступных месяцаў. Пакрысе прыстасоўваемся: сяджу ў хаце, працую дыстанцыйна. Жонка — старшая мэдсястра ў псыхдыспансэры на Ангарскай. Якраз пайшла на вахту, будзе там два тыдні бязвылазна. Што потым — невядома. Засталіся з хлопцамі ды кацякам, якому ўсё пофіг. Будзем учатырох неяк выжываць. Так што каранавірус паўплываў непасрэдна: часова засталіся бязь любай мамы».
Старэйшаму сыну Яраміру 15 гадоў, малодшаму Багдану — 13. Адрозна ад таты, хатні рэжым ім не прапісаны, таму мусяць хадзіць у школу.
«На жаль, у нас няма выбару, ня можам забясьпечыць дзецям дыстанцыйнае навучаньне, — наракае бацька. — Школа тэхнічна таксама досыць адсталая, дырэкцыя скрозь „чырванапузая“, як і іх міністар, патрабуе яўкі, каб клясы не пуставалі... Толькі спадзяёмся, што ў лёгкай форме ўжо перахварэлі на той вірус, бо падвечар і тэмпэратура падымалася, і кашаль. Цяпер збольшага ўсё ў парадку. Рызыка заўсёды ёсьць падхапіць, асабліва ў калектыве, таму разьлічваем на імунітэт».
Сам Уладзіслаў зь нецярпеньнем чакае, калі можна будзе вярнуцца ў офіс, дзе ўсё спрыяе творчаму працэсу. Сьмяецца, што складана сканцэнтравацца, калі на нагах хатнія тапачкі, а побач для рэляксу ўладкоўваецца кот.
«Пайшоў восьмы тыдзень, як працую з дому. Крыху прызвычаіўся, але мне вельмі не хапае маіх калегаў; мару, калі зноў змагу вярнуцца ў офіс. Пры хатнім рэжыме нейкі разрыў мозгу: у цябе куча спраў, а трэба бегчы боршч пільнаваць, каб тут жа, на „працоўным месцы“, падсілкавацца. Скажам так, тэлепартаваўся ў непрыстасаваныя ўмовы. Таму проста хочацца вярнуцца туды, дзе ёсьць імпэт да дзейнасьці. Дом — гэта дом, тут трэба расслабляцца, быць зь сям’ёй. А не загружаць сябе нейкімі звышзадачамі».
Стаў мотааматарам, слухае лекцыі па антрапалёгіі
Суразмоўца прызнаецца, што не задаваўся мэтай выкарыстаць ізаляцыю для ўдасканаленьня нейкіх навыкаў. Гэта як спадзявацца, што вязень турмы выйдзе на волю з большым багажом ведаў, чым да пасадкі.
«Гатаваць я не люблю і не хачу. Навошта? Жонка ў гэтым майстра, а для мяне ўся кулінарыя, якая патрабуе больш за тры дзеяньні — разьбіць яйка, кінуць на патэльню і пасаліць, — здаецца занадта складанай. Безумоўна, пэўны скіл патроху вырастае. Фонам заўсёды нешта ідзе, слухаю лекцыі зь YouTube: вельмі падабаецца антрапалёгія, палеанталёгія. Не атупеў, скажу так. А штучна шукаць для сябе нешта новае? І так сядзіш, як у камэры, ня вельмі гэта на нешта матывуе».
Зрэшты, як мінімум адзін новы для сябе занятак Уладзіслаў Наважылаў усё ж асвойвае, прычым з нуля. Ня так даўно ён папоўніў шэрагі мотааматараў. Далёкіх выездаў яшчэ не было — не спрыяе надвор’е, дый вопыт матацыкліста пакуль на пачатковым узроўні. Ад ярлыка «байкер» устрымліваецца, бо той шмат да чаго абавязвае. Проста катаецца ў кайф.
«Падзея, што я сеў на два колы. Якраз з новых скілаў. Сэзон адкрыў, зь сябрамі выкочваемся, калі ня дождж. Мне ўжо 45, і першы год, калі паўнавартасна на нечым ганяю. Хуткасьцю не злоўжываю. Я ж і музыку марудную граю, усё лягічна. Каб не адразу на байк (найвышэйшы пілятаж), асвоіў машыну: у 42 пайшоў вучыцца, яшчэ 2 гады здаваў іспыты — усяго калаціла, як толькі бачыў інструктара. Шмат часу заняло, але не шкадую. Атрымаў досьвед, цяпер добра рэагую на дарогу. Ужо не бляндынка».
Хоць карантыну ў Беларусі няма і, хутчэй за ўсё, ня будзе, матацыкліст Наважылаў спадзяецца, што да восені каранавірусная навала адыдзе. І тады будзе яшчэ месяц-другі, каб выбрацца ў сапраўднае мотападарожжа. А калі не, то застанецца скарочаная праграма самотніка: за кальцавую дарогу, каб крыху насыціць арганізм адрэналінам, дый назад.
Музыка праз чат, уласныя праекты на паўзе
Уладзіслаў вырас у гомельскім раёне Стары аэрадром, дзе падлеткі слухалі мэтал — музыку пакаленьня бунтароў. З гэтай прычыны часьцяком здараліся сутычкі з рабочай моладзьдзю, якая «спэцыялізавалася» на шансоне.
У 1989-м, яшчэ школьнікамі, Уладзік Наважылаў і ягоны сябра Саша Ўракаў скалацілі «банду» Ranger — пазыцыянавалі сябе як самы хуткі трэш-мэтал гурт Беларусі. Іншыя ўдзельнікі, такія ж мэталісты-самавукі, прыходзілі і сыходзілі, экспэрымэнтавалі ў стылях pagan, doom, gothic. Зь пераходам на death/thrash зьмянілася шыльда — на Chemical Warfare. Пасьпелі выдаць дебютнае дэма Demolition Tape.
З распадам СССР акрэсьліўся склад і канчатковая назва: наступнае дзесяцігодзьдзе Gods Tower асацыяваўся з вакалістам Уладзіславам Наважылавым, які ўзяў творчы псэўданім Lesley Knife, Аляксандрам Уракавым (гітара), Юрыем Сіўцовым (бас-гітара) і Ўладзіславам Сальцэвічам (ударныя). Назву запазычылі ад рэальнага помніка Сярэднявечча — камянецкай Белай вежы, а багоў увялі, каб вобраз быў мацнейшы.
Ужо налета выйшаў дэма-альбом The Eerie. У літаральным сэнсе прымусілі пачуць сябе ў Маскве, дзе на TEF studio былі запісаныя дзьве песьні для самотніка. На загалоўную Beyond Praying зрабілі кліп, дапамагла незалежная гомельская ТВ-кампанія «Нірэя». Выдалі дэма Canticles. І ўпершыню выступілі за мяжой — на фэстывалі ў Чэхіі разам з Cannibal Corpse, Purgatory, Desultory, Samael.
Далучыўся клявішнік Дзьмітры Аўчыньнікаў. Зрабілі прома-касэту і альбом The Turns, падпісалі кантракт зь фірмай MetalAgen Records на запіс трох альбомаў. Летам 1996-га паўдзельнічалі ў фэстывалі ў Нямеччыне разам з In Flames, Primordial, Behemoth, Crystal Age. Далей былі кампакт-дыскі і касэты, кліпы на песьні The Eerie і An Eye For An Eye.
У наступныя гады гастралявалі разам з Paradise Lost, Forgive-Me-Not, Vicious Crusade, Evthanazia. У 1998-м, паводле апытаньня часопіса Legion, Gods Tower быў прызнаны лепшым беларускім мэтал-гуртом. На нямецкай студыі Sturmesflugel выйшла складанка лепшых песень.
Новае стагодзьдзе сустрэлі на фэстывалі Pepsi Sziget у Будапэшце. Адначасова гэта стала і пачаткам канца. Рознагалосьсі прывялі да сыходу Юрыя Сіўцова і Дзьмітрыя Аўчыньнікава. Іх месцы занялі Валеры Навасельцаў і Сяргей Сяргейчыкаў. Зьезьдзілі ў Рыгу, Вільню, іншыя постсавецкія сталіцы.
Некалькі новых песень увайшлі ў міні-альбом Abandon All Hope. На менскай прэзэнтацыі рэлізу 16 ліпеня 2001-га гурт заявіў пра самароспуск. У тым ліку празь невылечную залежнасьць гітарыста і кампазытара Аляксандра Ўракава. У сьнежні 2003-га Аляксандар памёр. Як кажа Лэсьлі Найф, па маладосьці ў рок-тусоўцы пілі бязбожна. Але калі адным удалося з бутэлькі саскочыць, іншыя ахвяравалі і творчасьцю, і жыцьцём.
На падмурку «Вежы багоў» паўсталі іншыя праекты. Аўчыньнікаў і Сіўцоў пачалі граць у гурце Rasta. Сальцэвіч перайшоў у Misanthrope Count Mercyful. Наважылаў саліраваў у The Regent, Dis Tortion, Dragonflame, Stormhold.
Ніхто ўжо і не чакаў, але Gods Tower абвясьцілі пра рэінкарнацыю. Вярнуліся былыя ўдзельнікі, Аляксандра Ўракава замяніў ягоны вучань Зьміцер Лазарэнка. Першы канцэрт у абноўленым складзе адбыўся 1 ліпеня 2010 году ў Гомлі. Праз два гады Лазарэнку замяніў Віталь Абрамовіч зь «Нэўра Дзюбэля».
Выйшаў альбом Steel Says Last, прайшоў тур-вяртаньне па дзясятку гарадоў СНД, былі выступы ў Чэхіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне. Летась Gods Tower ударна адзначылі 30-гадовы юбілей у менскім клюбе Re:Public, але сёлетні каранавірус супрацу прыпыніў.
«Усё перайшло ў онлайн: сядзім у чаціку, абмяркоўваем, як далей жыць. Матэрыял гатовы, толькі сабрацца на жывую рэпэтыцыю, а гэта самае складанае. Ніхто ня ведае, калі пачнём пісаць рэчы, якія ўжо прынялі фінальную форму. Пакуль над сьветам вісіць гэтая навала, даводзіцца ставіць на паўзу. Зь іншага боку, узьнікае шмат ідэяў, мабыць, нешта ўдасканалім, каб стала яшчэ лепш... Штосьці сваё наўрад ці буду рабіць. Мой праект „Пералётная птушка“ крыху прытух: патрабуецца выезд да людзей, а гэта рызыка, на тое я не падпісваўся», — кажа лідэр Gods Tower.
Хадзячыя мерцьвякі, звар’яцелы вартаўнік ды анархія
Тэма сьмерці ў творчасьці мэталічных гуртоў ледзь не скразная. Але калі гэта становіцца будзённасьцю, ужо не да сцэнічнай бравады, кажа Ўладзіслаў Наважылаў.
«Шок, калі чытаю пра чарговую ахвяру каранавірусу. Да такога разьвіцьця падзей аказаліся не падрыхтаваныя. Чакалі зомбі-апакаліпсісу, калі вуліцы апануюць хадзячыя мерцьвякі; думалі, што калі грымне нешта страшэннае, будзем жыць пад адкрытым небам на падножным корме. Атрымалася наадварот: сядзім па хатах і ня вельмі можам куды высунуцца. І сьмерці навокал — як нейкія курʼёзы. Кепска, калі гэта стане рутынай: памёр — і памёр. Баюся, што наогул гэты момант праскочым і будзе ўжо позна варажыць, што адбылося. Так і не зразумеем, як з гэтым жыць».
Музыку абурае пазыцыя вышэйшага кіраўніцтва краіны, якое намагаецца прынізіць маштабы эпідэміі, мабілізуючы людзей на масавыя зборы кшталту суботніка ці вайсковага параду.
«Бачым, што ў нас няма ні ўлады, ні лёгікі дзеяньняў. Нейкі самадзейны цырк, які грамадзтву непатрэбны. Паразыты сядзяць і тупа расьпілоўваюць грошы. Я адмаўляюся гэта нават уладай называць, проста сьмешна, хлопцы. Улада — гэта калі нехта вырашае і бярэ на сябе адказнасьць. А нашыя што зрабілі? Толькі ўсё сапсавалі! Абсалютна непатрэбныя людзі. Зараз у нас ня ўлада, а безуладзьдзе. Жывём у краіне, дзе рэальная анархія, выходзіш і бачыш, хто працуе, а хто паразыт».
Адзіная ўлада, якая сёньня ёсьць у Беларусі, — гэта мэдыкі, перакананы Ўладзіслаў Наважылаў, які мае лекара ў сваёй сямʼі. Але і тут ёсьць нюансы.
«Самае цікавае, што мэдыкі працуюць самі па сабе, а структура, якая іх ачольвае — Міністэрства аховы здароўя, — ім толькі замінае. Павер, лекары шмат чаго цікавага могуць расказаць. Гэтак жа і ў іншых сфэрах. Хоць адзін міліцыянт зрабіў нешта карыснае ў змаганьні з каранавірусам? Акрамя таго, каб назвоньваць у дамафон ды правяраць кантакты першага ўзроўню? Ганяюцца па краіне за блогерамі! Гэта што, і ёсьць кіпучая дзейнасьць?»
Цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі Ўладзіслаў Наважылаў вобразна параўноўвае з аўтобусам, які на горнай дарозе вядзе пʼяны кіроўца. Замест таго каб быць максымальна ўважлівым і не зваліцца ў бездань, той кінуў руль, грае на баяне да гарлае песьні. А пасажырам толькі і застаецца маліцца, каб не загінуць і даехаць да месца.