У расейскім зьнешнепалітычным ведамстве асудзілі намер Эўразьвязу запрасіць на пасяджэньне Рады ЭЗ Сьвятлану Ціханоўскую. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
«Падлашчваньне эўразьвязаўскіх міністраў замежных справаў да самаабвешчанай прадстаўніцы беларускай апазыцыі і запрашэньне яе ў Брусэль „для камунікацыі“ — складнік сцэнару ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі», — заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.
«Гэта прамое парушэньне асноватворных нормаў Статуту ААН і прынцыпаў гэльсынскага Заключнага акту Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, юбілеі якіх міжнародная супольнасьць адзначае сёлета. Прыкрываючыся ўяўным клопатам аб грамадзянах Беларусі, Эўразьвяз, па сутнасьці, сам спрабуе вырашаць за іх, як ім жыць. Яшчэ раз адзначым, што пра канстытуцыйную рэформу, якая пакліканая спрыяць наладжваньню ў гэтай краіне агульнанацыянальнага дыялёгу, у ЭЗ лічаць за лепшае не гаварыць», — падкрэсьліла Захарава.
Яна таксама заявіла, што пляны ЭЗ увесьці санкцыі адносна Беларусі «супярэчаць мэтам аднаўленьня стабільнасьці, наладжваньня дыялёгу, запуску канстытуцыйнага працэсу, аслабленьня напружанасьці» ў гэтай краіне.
Раней з асуджэньнем запрашэньня Ціханоўскай на пасяджэньне Рады Эўразьвязу выступіў МЗС Беларусі.