Больш за 30 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце заразіліся новай каранавіруснай інфэкцыяй. Памерлі з пачатку пандэміі амаль 945 тысяч інфікаваных, больш за 20 мільёнаў ачунялі. Пра гэта паведамляе Ўнівэрсытэт Джонза Гопкінза, які адсочвае статыстыку заражэньняў у рэальным часе.
Пры гэтым, толькі з 14 верасьня лік заражэньняў COVID-19 у сьвеце вырас на адзін мільён.
На першым месцы ў статыстыцы захворваньняў застаюцца ЗША. Там выяўлены больш за 6,6 мільёна выпадкаў COVID-19. Памерлі 197 тысяч чалавек. Далей ідуць Індыя і Бразылія — з пяцьцю і чатырма мільёнамі выпадкаў заражэньня адпаведна. На чацьвёртым месцы знаходзіцца Расея — у краіне выяўлены адзін мільён 91 тысяча выпадкаў заражэньня, памерлі больш за 19 тысяч пацыентаў з COVID-19.
На 18 верасьня ў Беларусі зафіксавалі 74 987 выпадкаў заражэньня COVID-19; памёр 771 чалавек.
У апошнія тыдні інфэкцыя пачала з новай сілай распаўсюджвацца ў Эўропе. Сусьветная арганізацыя здароўя адзначыла, што ў эўрапейскіх краінах колькасьць новых захворваньняў ужо перавысіла паказьнікі сакавіка, калі пандэмія дасягнула першага піку. Аўстрыя і Чэхія абвясьцілі пра пачатак другой хвалі. У Ізраілі зь сёньняшняга дня ўступае ў сілу агульнанацыянальны карантын — зачыняюцца школы і гандлёвыя цэнтры, у памяшканьнях могуць зьбірацца не больш за 10 чалавек, візыты ў госьці забараняюцца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ