«Нацыянальная дамэнная зона ў жніўні — мінус 350%». Кіраўнік hoster.by заявіў пра параліч ІТ-краіны
Генэральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў выказаўся пра адключэньне інтэрнэту, блякаваньне сайтаў, рэлакейт айцішнікаў і пэрспэктывах ІТ-сэктара ў Беларусі.
Прырост у нацыянальнай даменнай зоне ў жніўні — мінус 350% у параўнаньні з сярэдняй колькасьцю рэгістрацый штомесяц. За ўвесь час у гэтай сфэры такіх лічбаў ня памятаю, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Павалішаў.
Адмыслоўца спрагназаваў скарачэньне рынку хостынгу на 20% да канца году, што вельмі шмат. З такімі тэмпамі ІT-краіна адкоціцца назад мінімум на 5 гадоў. Больш чытайце тут.
«На месцы Лукашэнкі я асьцерагаўся б адзіных сьцягоў — расейскіх», — віцэ-міністар замежных справаў Польшчы
Польшча ініцыявала і распрацоўвае тры пляны дапамогі Беларусі, — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач.
- Першы плян мае сацыяльны характар: каля 50 чалавек зь Беларусі цяпер атрымліваюць мэдычную і рэабілітацыйную дапамогу ў Польшчы. Сярод тых, каго прыняла Польшча, — Павал Латушка і Вольга Кавалькова.Апрача таго, ухваленая адмысловая праграма для адлічаных беларускіх студэнтаў — каля 1 тысячы студэнтаў змогуць атрымаць стыпэндыю ад польскага ўраду.
- Другі плян — эканамічная падтрымка бізнэсу, ІТ-сэктару.
- Трэці плян (так званы «плян Маршала») мае эканамічны характар.Марцін Пшыдач паведаміў, што Польшча пачала дыялёг з эўрапейскімі партнэрамі, каб выпрацаваць канкрэтны плян дапамогі для Беларусі ў выпадку правядзеньня свабодных выбараў
.«Мы пакуль ня кажам пра канкрэтныя лічбы, пра сумы — гэта будзе рашэньне Эўразьвязу», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы. Цалкам чытайце па спасылцы.
Пратаколы, сінякі, лаянка. Але пэнсіянэры ходзяць на мірныя акцыі пратэсту. ВІДЭА
Горадзенскія пэнсіянэры расказваюць пра свой досьвед вулічнага змаганьня летам і восеньню 2020 году.
МЗС Беларусі: адказ на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць працу замежных СМІ ў Беларусі
Адказ Беларусі на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць у тым ліку працу замежных СМІ ў краіне, заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей, адказваючы на пытаньні журналістаў, паведамілі на тэлеканале СТВ. У прыватнасьці, гаворка зайшла пра абмеркаваньне 21 верасьня міністрамі замежных спраў краін-сябраў Эўразьвязу пытаньня аб санкцыях у дачыненьні да беларускіх афіцыйных асобаў.
«Натуральна, у выпадку, калі будуць прынятыя нейкія санкцыйныя меры ў дачыненьні да Беларусі, то, думаю, і беларускай дзяржавай будуць прыняты адпаведныя крокі, зьвязаныя з унутрыпалітычным функцыянаваньнем дзяржаў. Гэта можа тычыцца і палітычнай сыстэмы, і функцыянаваньня замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі, і шэрагу іншых крокаў», — заявіў Уладзімер Макей. Цалкам чытайце тут.
У Гомлі праваслаўнаму сьвятару прысудзілі 10 сутак арышту
18 верасьня суд Савецкага раёну Гомля пакараў арыштам на 10 сутак праваслаўнага сьвятара Ўладзімера Драбышэўскага.
Сьвятар неаднаразова выходзіў на акцыі пратэсту, маршы, стаяў з адзіночным пікетам «Спыніце гвалт». На мінулым тыдні яго некалькі разоў спрабавалі схапіць невядомыя ў цывільным, але бацюшку «адбівалі» мінакі. Сёньня зранку Уладзімер Драбышэўскі пайшоў па позьве ў міліцыю і напісаў у сваім facebook, што прыхапіў з сабой кнігі на выпадак затрыманьня.
Ва Ўладзімера Драбышэўскага — шасьцёра дзяцей. Яго Епархія летам пазбавілася прыходу.
У Гомлі адкрылі скандальную мачту для сьцяга. У тым ліку, каб «пераканаць нашых суайчыньнікаў, якія заблукалі»
У Гомлі 18 верасьня прайшло ўрачыстае адкрыцьцё тронца для сьцяга за 1,5 мільёна рублёў. 4,5 тысячы жыхароў гораду выступілі супраць будаўніцтва. Яго былі прыпынілі, але пасьля выбараў аднавілі. Улады хавалі інфармацыю пра замоўніка будаўніцтва, не выстаўлялі пашпарт аб’екту, але пераконвалі, што будоўля не за бюджэтныя сродкі.
На адкрыцьці тронца выступіў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей. Ён паведаміў гомельцам:
«Пакуль частка насельніцтва паслухмяна выконвае загады заходніх спэцслужбаў, укладзеныя ў вусны малалетніх блогераў, шчырыя патрыёты краіны працягваюць працаваць на карысьць Радзімы». Шчырыя патрыёты — гэта «аграрыі, якія забясьпечваюць нам харчовую бясьпеку, працоўныя калектывы — эканамічную, мэдыкі стаяць на варце нашага здароўя, настаўнікі закладваюць маральныя падмуркі нашай будучыні». Салавей паставіў перад сабранымі задачу «пераканаць тых нашых суайчыньнікаў, якія заблукалі».
У Латвію на лячэньне прыехалі шэсьць пацярпелых падчас пратэстаў беларусаў
Урад Латвіі вылучыў 50 000 эўра на лячэньне беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій і катаваньняў. Пры падтрымцы валянтэрскай арганізацыі праз мяжу былі перапраўленыя першыя шэсьць пацярпелых зь цяжкімі траўмамі. Мужчыны кажуць, што каб яны не ўцяклі, то зьніклі б або селі ў турму, паведамляе партал Delfi са спасылкай на Latvijas Televīzija.
Двое пацярпелых Віктар і Іван папрасілі схаваць іх твары і зьмяніць імёны. Гэтая паездка ў Рыгу для іх стала першай у Эўразьвяз. Цела Віктара — у шрамах, у Латвіі яго праапэравалі яшчэ раз і знайшлі аскепкі ад сьветлашумавой гранаты.
Іван ня быў актыўным удзельнікам пратэстаў, але зараз стаў перакананым праціўнікам Лукашэнкі. Яго затрымалі на вуліцы, зьбівалі пры затрыманьні, у машыне, у ізалятары. У выніку ён атрымаў цяжкае страсеньне мозгу, пераломы костак твару і ногі, разрыў барабаннай перапонкі.
«Правакацыя без канкрэтных падставаў». Прэзыдэнты Літвы і Польшчы пра заяву Лукашэнкі аб закрыцьці межаў
«Трэба разумець, што межы могуць быць закрытыя з абодвух бакоў», — перадае словы прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы яго прэс-служба.
Наўседа назваў заяву Лукашэнкі «правакацыяй без канкрэтных падставаў». Польшчу літоўскі бок запрасіў далучыцца да рэгіянальных санкцыяў, каб прадэманстраваць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, і прэзыдэнт Польшчы адказаў, што разглядае ўвод нацыянальных санкцыяў.
Таксама Польшча і Літва маюць заклікаць чальцоў Эўразьвязу хутчэй дамовіцца пра санкцыі на ўзроўні ўсяго Эўразьвязу. У часе размовы таксама абмеркавалі дэталі пляну падтрымкі дэмакратыі Беларусі, «неабходнасьць кансалідацыі краінаў, што падтрымліваюць гэты плян».
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку ў СІЗА
Адвакат і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку на знак нязгоды з выстаўленымі яму абвінавачаньнямі, паведаміў Tut.by абаронца Знака Дзьмітры Лаеўскі. Знаку выставілі абвінавачаньне паводле ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).
Паводле Лаеўскага, Максім Знак прыйшоў да высновы, што ў Беларусі не працуюць праўныя мэханізмы абароны правоў і свабодаў асобы, і ва ўмовах СІЗА ён ня бачыць іншых спосабаў барацьбы, «улічваючы відавочнасьць абсурднасьці таго, што адбываецца ў частцы абвінавачваньня ў злачынстве за свабоднае выказваньне грамадзянамі сваёй думкі».
Кіраўнікі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску заклікалі ўлады Беларусі выконваць міжнародныя абавязальніцтвы
Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску заклікалі беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязальніцтвы і вызваліць палітычных зьняволеных.
«З гэтага дня кожны з нас будзе браць копію сьпісу палітвязьняў у Беларусі на кожную сустрэчу зь беларускімі чыноўнікамі, — пішуць на Facebook-старонцы Эўразьвязу ў Беларусі. — Мы паўтараем, што мірнае і ўстойлівае ўрэгуляваньне бягучага крызісу можа быць вынікам толькі інклюзыўнага нацыянальнага дыялёгу, які праводзіцца пры поўным захаваньні асноўных правоў і свабодаў беларускага народу і пры поўнай павазе да яго патрабаваньняў дэмакратычнага працэсу»
Мінздароўя: Мужчына, які паспрабаваў спаліць сябе на ганку Смалявіцкага РАУС, у вельмі цяжкім стане
«Пацыент знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Яму надаюць усю магчымую дапамогу», — паведаміла БелаПАН прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Падрабязнасьці таго, што здарылася і асобу мужчыны ў Міністэрстве аховы здароўя не паведамляюць, спаслаўшыся на забарону з боку сваякоў пацярпелага.
Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, — 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».
«Некалькі дзён таму мужчына тэлефанаваў у міліцыю з паведамленьнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыцьцём. Праваахоўнікі выехалі туды і прадухілілі яго дзеяньні», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратаркі МУС.
Сьледчы камітэт у сваю чаргу сьцьвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэньне ў сувязі са схільнасьцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленьні МУС пра гэта ня згадваецца). Цалкам чытайце тут.
Станіслаў Шушкевіч і яшчэ 350 выпускнікоў фізфаку БДУ запатрабавалі новых выбараў
Выпускнікі і супрацоўнікі фізычнага факультэту БДУ адправілі зварот у Нацыянальны сход Беларусі з заклікам спыніць гвалт, аднавіць вяршэнства закону і правесьці новыя выбары прэзыдэнта з выкананьнем заканадаўства.
Тэкст у рэдакцыю Tut.by даслалі яго аўтары. Зварот складзены на беларускай і расейскай мовах, подпісы пад ім зьбіраліся 2-17 верасьня.
«Разумеючы законы разьмеркаваньня імавернасьцяў, лёгіку матэматычнай статыстыкі, абапіраючыся на сьведчаньні парушэньняў падчас выбарнага працэсу і кіруючыся арт. 1,3 Канстытуцыі Беларусі, мы патрабуем прызнаць вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі», — адзначаецца ў звароце. Цалкам чытайце тут.
Страйкам «Беларуськалію» абскардзіць судовае рашэньне аб прызнаньні страйку незаконным
Скаргу пададуць у пачатку будучага тыдня. Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Паводле Бокуна, страйк на прадпрыемстве працягваецца ў розных формах.
«Яшчэ недзе 20 чалавек ужо амаль месяц страйкуюць, як я, не выходзячы на працу. Шмат іншых страйкуюць па-італьянску» — сказаў Анатоль Бокун.
«У выніку на 1-м і 2-м рудніках месячныя пляны не былі выкананыя на 17-18 адсоткаў», — кажуць калегі Бокуна ў страйкаме "Беларуськалію". Да 100 работнікаў прадпрыемства, якіх пазбавілі прэміі за ўдзел у страйку, падалі на гэтае рашэньне адміністрацыі скаргі, і Незалежны прафсаюз гарнякоў бярэцца ім дапамагчы. Артыкул цалкам чытайце тут.
Удзельніка пратэстаў штодня выклікаюць у міліцыю
Мянчук Анатоль Навумовіч, якога затрымлівалі ў ліпені на пратэставай акцыі, 17 верасьня пасьля працы мусіў прыйсьці ў райадзел міліцыі на гутарку аб крымінальна-працэсуальным праве. Цяпер амаль два месяцы кожны будны дзень прафіляктычныя сустрэчы для яго стануць абавязковыя
Паводле Анатоля Навумовіча, у міліцыі яго папярэдзілі, што калі да 4 лістапада ў яго будзе два правапарушэньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйныя санкцыі, дык яго паставяць на прэвэнтыўны нагляд з абмежаваньнямі, як на «хатняй хіміі». А парушэньні падчас прэвэнтыўнага нагляду могуць скончыцца судом і арыштным домам. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.
Лукашэнка абвясьціў пра закрыцьцё межаў. Што гэта значыць і наколькі магчыма?
18 верасьня праз заходнюю мяжу Беларусі працягваюць пускаць людзей. У Памежным камітэце супакойваюць, што «гаворкі пра закрыцьцё мяжы няма».
«Ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым варыянце памежнай службы і памежнага кантролю з прымяненьнем тактычных рэзэрваў. Усе захады ажыцьцяўляюцца з улікам абстаноўкі, якая складаецца на кожным кірунку. У цяперашні момант пункты пропуску ажыцьцяўляюць афармленьне на ўезд і выезд у межах прапускной здольнасьці», — паведаміў Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Паводле вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, «гаворка пра ўзмацненьне, а не закрыцьцё межаў». Цалкам чытайце тут.
570 паломнікаў-хасідаў пакідаюць мяжу Беларусі і Ўкраіны. 1000 яшчэ застаецца
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што вялікая група хасідаў на аўтобусах вяртаецца на тэрыторыю Беларусі.
У ведамстве заявілі, што 570 хасідаў праходзяць беларускі пашпартны кантроль і арганізавана садзяцца ў аўтобусы. Там не выключаюць, што да вечара 18 верасьня, калі будзе адзначацца юдэйскі Новы год, нікога з паломнікаў на мяжы ня застанецца.
Ці гэта іх самастойнае рашэньне, або нейкім чынам паспрыялі беларускія ўлады, не ўдакладняецца.
Паводле Памежнага камітэту, у шэрагах паломнікаў грамадзяне Ізраіля, ЗША, Вялікай Брытаніі і іншых эўрапейскіх краінаў.
Агулам больш за 1500 чалавек спрабавалі трапіць у горад Умань, дзе знаходзяцца пахаваньні пачынальнікаў руху хасідаў. Аднак Кабінэт міністраў Украіны ў мэтах барацьбы з распаўсюдам каранавірусу ўвёў абмежаваньні на ўезд іншаземцаў да 28 верасьня.
Афіцыйны Менск прысарамаціў кіраўніцтва Ўкраіны, заклікаўшы «паважаць і выконваць правы чалавека».
«Жанчыны Беларусі ня спыняцца». Захарэвіч і Сухій пра турму і пратэсты
Эколяг Ірына Сухій і блогерка, ляўрэатка прэміі Адамовіча Наста Захарэвіч расказваюць пра зьняволеньне і разважаюць пра пэрспэктывы мірных пратэстаў и жаночых маршаў на тле жорсткіх рэпрэсій у Беларусі.
Спроба самаспаленьня ў Смалявічах на ганку РАУС. Міліцыя не камэнтуе
У Смалявічах перад будынкам міліцыі чалавек абліў сябе бэнзінам і падпаліў.
Жыхар Смалявічаў пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю пра спробу самаспаленьня невядомага на прыступках мясцовага РАУС.
«Я размаўляў са сьведкамі здарэньня, яны самі гэта бачылі, мужчына абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Гэта адбылося а палове першай. Гэта малады хлопец, хацеў даказаць сваю праўду; ці жывы, невядома. Але пра гэты выпадак ужо ведаюць усе Смалявічы».
Відавочца паведаміў журналісту Tut.by, што ён бачыў:
«Я пад'язджаў да скрыжаваньня, побач зь якім знаходзіцца РАУС. Там стаялі пажарныя машыны з маячкамі, ля ганку знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Каля іх ляжаў чалавек, побач гарэла нейкая ануча або адзеньне. Спачатку падумаў, то гэта лялька нейкая ляжыць, але потым заўважыў, што чалавек варушыцца. Ён быў увесь у белым парашку. Потым прымчаліся дзьве машыны хуткай дапамогі, і мужчыну павезьлі».
Сьведкі кажуць, што мужчына, перад тым як сябе падпаліць, не крычаў якіх-небудзь лёзунгаў, проста падпаліў сябе. Супрацоўнік РАУС патушыў яго з вогнетушыцеля.
«Нобэлеўскую прэмію маглі б атрымаць беларускія жанчыны». Былы пасол Літвы пра дзьве Беларусі
Амбасадар Літвы ў Беларусі ў 1999–2005 гадах, а цяпер амбасадар Літвы ў Нарвэгіі Ёнас Паслаўскас — пра ролю Літвы ўва ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі і пра тое, якой можа быць маральная і палітычная падтрымка мірным пратэстам у Беларусі.
Сьцісла
- Я меў зносіны зь Віктарам Ганчаром і Генадзем Карпенкам. Наведваў у турме палітвязьняў Андрэя Клімава і Міхаіла Марыніча.
- Як годна сябе паводзяць беларускія жанчыны, якіх прыніжаюць, б’юць, арыштоўваюць гэтыя вялікія моцныя мужчыны.
- Шмат чаго можа адбыцца ў Беларусі, у тым ліку і пазытыўнага, але больш за ўсё я баюся нэгатыўнага сцэнару.
- Для мяне Беларусь — гэта найперш народ, і на геаграфічнай ці палітычнай мапе сьвету я ня ведаю краіны з назвай «мая краіна».
- Гэтую «стабільнасьць» з маёй практыкі 15-20 гадоў таму нават па імёнах ведаю.