Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта табе за труну!» Студэнта-расейца высылаюць зь Беларусі, хаця тут жыве ягоная сям’я


Акцыя з труной 8 траўня
Акцыя з труной 8 траўня

Упраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску вырашыла выслаць зь Беларусі «ў добраахвотным парадку» грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіслава Клаўкіна ды забараніць яму ўезд у краіну цягам 10 гадоў. Прычына высылкі — «у інтарэсах грамадзкага парадку».

За парушэньне пастановы хлопцу пагражае турма на 5 гадоў. Улад зьбіраецца абскардзіць рашэньне аб высылцы, інакш праз 5 дзён мусіць пакінуць Беларусь.

Беларускія сябры ўжо падшукалі для Ўлада месца, дзе спыніцца ў Маскве, і часовую працу. Але якім транспартам выехаць у Расею? Паводле правілаў высылкі, ён ня можа карыстацца чыгункай, але і з квіткамі на самалёт цяпер праблема.

«Чакаю, каб патлумачылі, як гэта зрабіць. Прыйдзецца ехаць у нікуды. Тут у мяне маці і малодшы брат, а ў Маскве нікога, акрамя некалькіх знаёмых. Беларусь для мяне фактычна родная краіна, з 21 году жыцьця пражыў тут ужо 13», — кажа Улад.

Пячатка ў пашпарце пра дэпартацыю. Ілюстрацыйнае фота
Пячатка ў пашпарце пра дэпартацыю. Ілюстрацыйнае фота

«Як гэта — „размахваў рукамі падчас затрыманьня“ ў прыватным доме»?

6 жніўня ў Менску міліцыянты ў цывільным уварваліся у дом на вуліцы Чыгладзэ, дзе здымалі жыльлё маладыя людзі, імаверна зьвязаныя з «Моладзевым блёкам». Сярод затрыманых быў і Ўлад Клаўкін.

Па выніках гэтага затрыманьня Ўлад атрымаў 15 дзён адміністрацыйнага арышту, зь якіх адбыў 9. Абвінавацілі яго ў непадпарадкаваньні і хуліганстве. Менавіта гэтыя правіны, паводле рашэньня Фрунзэнскай РУУС ад 11 верасьня, сталі падставай для ягонай высылкі. Як з самім рашэньнем, так і з тым, як праходзіў разгляд справы аб ягонай высылцы, Улад ня згодны і будзе іх абскарджваць.

«Хуліганства маё праявілася нібыта ў тым, што размахваў рукамі. Гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо нас затрымалі ў доме. Што ты там можаш зрабіць, калі вакол адны міліцыянты? Навоша там размахваць рукамі? Але час і месца правапарушэньняў у пратаколе пазначаныя зусім іншыя ў параўнаньні з тым, дзе і калі нас затрымалі. А што да паседжаньня пра маю высылку, дык яно таксама прайшло з шэрагам парушэньняў. Паводле закону, я маю права абгрунтаваць сваё знаходжаньне ў Беларусі, сабраць дакумэнты, доказы. У нас тут нерухомасьць, маці працуе, брат вучыцца, я пасьля двух гадоў вучобы на філфаку паступіў на гістарычны факультэт, плянаваў далей вучыцца. Але часу на падрыхтоўку зусім не далі, выклікалі 10-га на 11-е, а калі прыйшоў, і слухаць не сталі.

„Гэта табе за труну“, — шчыра сказаў міліцыянт і ляпнуў на дакумэнт аб маёй высылцы пячатку», — расказаў Улад Клаўкін пра паседжаньне ў Фрунзэнскім РУУС.

Пры чым тут акцыя з труной?

8 траўня падчас рэпэтыцыі вайсковага параду чацьвёра маладзёнаў у мэдычных масках пранесьлі ва Ўруччы ўздоўж праспэкту Незалежнасьці чорную кардонную труну. Акцыя сымбалізавала небясьпеку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у час каранавірусу.

Пазьней стала вядома, што суд асудзіў на адміністрацыйныя арышты актывістаў «Моладзевага блёку» Лізу Пракопчык і Данілу Лаўрэцкага. Былі затрыманыя таксама Міхась Варанцоў, які здымаў акцыю на відэа, Улад Клаўкін, Павал Саўрыцкі і Луіс Азаровіч, якіх потым адпусьцілі.

Улад Клаўкін і цяпер настойвае, што ня браў удзелу і ніяк не датычна да акцыі з труной, якая прайшла 8 траўня. Хіба што знаёмы зь некаторымі з актывістаў, якім прыпісваюць гэты пэрформанс.

«Выходзім, вам амністыя!»

На выезд зь Беларусі былому студэнту далі 10 дзён. Кажа, што яшчэ давялося ўгаворваць міліцыянтаў на «добраахвотны» варыянт высылкі, інакш бы прынялі «прымусовы» — гэта калі да высылкі чалавека трымаюць колькі заўгодна дзён у ізалятары. Праўда, ізалятар яго ўжо ня надта палохае, бо ўжо ведае, што такое Жодзіна.

У жніўні Ўлад Клаўкін 9 сутак прабыў ў ізалятары пры жодзінскай турме. Ягоная адседка прыпала на самы гарачы пасьлявыбарны час, калі штодня турмы ў Беларусі папаўняліся сотнямі затрыманых. Мяркуе, што выйшаў датэрмінова якраз таму, што і ў ізалятары ўжо не хапала месцаў.

Але пра жодзінскую турму Ўлад успамінае ня толькі дрэннае.

«Недзе пасьля 11 ці 12 жніўня да нас у камэру на 10 чалавек дадалі яшчэ 30. Спалі па чарзе, дыхаць не было чым. Ад новых сядзельцаў даведаліся пра вынікі выбараў, наслухаліся гісторый пра тое, як людзей б’юць адразу пасьля затрыманьня, у аўтазаках і РУУС. Наглядзеўся на блакітныя ад біцьця сьпіны і ногі, пачуў пра гумавыя кулі і шумавыя гранаты. Дарэчы, чакаў, што выбары падробяць і будуць сілай спыняць пратэсты, але ўсё ж думалася, што кулі і гранаты прыхаваюць на заканчэньне пратэстаў, а тут з гэтага пачалі. Стала сумна, нават адчай надышоў. І раптам 15-га калідорны ахоўнік грукае ў дзьверы ды крычыць: „Выходзьце, вам амністыя“. Во было шчасьце! У нейкі момант падумалася, што Ціханоўская ўжо перамагла!», — прыгадвае Ўлад. Паводле яго, гэтыя арэлі, калі сёньня адчуваеш эўфарыю ад блізкай перамогі, а заўтра адчай, ён пэрыядычна адчувае і ў верасьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG