Група замежных юрыстаў рыхтуе дакумэнты для прыцягненьня кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці ў міжнародным судзе Гаагі, заявіў экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала ў відэа, якое ён апублікаваў на сваім YouTube-канале.
«У нас ужо ёсьць група замежных юрыстаў, якія рыхтуюць усе неабходныя дакумэнты, якія будуць прадстаўленыя ў міжнародным судзе ў Гаазе», — паведаміў Валер Цапкала.
Гаворка ідзе пра адказнасьць Лукашэнкі за гвалт супраць дэманстрантаў у першыя дні пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Паводле Цапкалы, цяпер ідзе збор сьведчаньняў і паказаньняў пацярпелых грамадзян.
Адказваючы на пытаньне, якой павінна быць рэакцыя Захаду на тое, што адбываецца ў Беларусі, Валер Цапкала сказаў, што будзе «больш чым дастаткова», калі краіны Эўразьвязу ўвядуць супраць Лукашэнкі і яго сям’і пэрсанальныя санкцыі.