Сацыял-дэмакратычная фракцыя Эўрапейскага парлямэнту намінавала Святлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікава і Вераніку Цапкалу на праваабарончую прэмію імя Сахарава. Інфармацыя пра гэта апублікаваная на афіцыйным партале S & D.
«Уражаныя няспыннымі мірнымі дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі супраць сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня, мы глыбока перакананыя, што сёлетняй прэміяй Сахарава трэба ўганараваць адважных беларускіх жанчын, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне, — заявіла ў сераду намесьніца кіраўніка групы S&D Каці Піры.
Яна дадала, што сацыял-дэмакратычная фракцыя Эўрпарлямэнту знаходзіцца на баку народа Беларусі і асуджае падаўленьне пратэстаў уладамі.
Прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава штогод уручаецца Эўрапейскім парлямэнтам асобам, якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары».