Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купалаўскі сёньня жывы як ніколі», — Ганна Севярынец пра непераможных


Купалаўскі тэатар. Архіўнае фота.
Купалаўскі тэатар. Архіўнае фота.

Чамусьці цяпер, калі ў прэсе кажуць пра Купалаўскі тэатар, які сёньня адсьвяткаваў стагодзьдзе, дадаюць азначэньне «разгромлены». З пункту гледжаньня публіцыстычнага тэксту яно, здавалася б, і правільна: той Купалаўскі, куды можна было рэспэктабэльна прыйсьці па набытых квітках, прайсьціся па фае і калідорах, сесьці ва ўтульныя крэслы і глядзець спэктакль, аздоблены апошнімі тэхнічнымі навінкамі мадэрнізаванай сцэны, — сапраўды разгромлены.

Але з пункту гледжаньня праўды жыцьця — Купалаўскі сёньня жывы як ніколі.

Я глядзела першы пасьля разгрому купалаўскі ролік: пазбаўленыя сцэны акторы чытаюць «Сымона-музыку» Коласа.

Поле, неба, вецер, шэсьць жалезных бочак — іх дэкарацыі. Суровы барабанны рытм — іх музычнае афармленьне. Паўсядзённыя простыя строі — іх касьцюмы. Жывыя твары бяз грыму. І тэкст — прачытаны ўсімі разам, калі ўсе — як адзін. Ніякіх роляў, ніякіх амплюа, ніхто ня першы, ніхто не апошні, агульны голас Купалаўскага тэатру, адзін — на ўсіх, як у антычным хоры.

Шэксьпір казаў некалі: «Увесь сьвет — тэатар, а людзі ў ім — акторы». Часы цяпер зьмяніліся. Купалаўцы сьведчаць: тэатар — гэта ўвесь сьвет, і акторы ў ім — людзі. Умоўнасьць тэатральнай пастаноўкі, сымболіка касьцюмаў, чаргаваньне мізансцэн і прыёмаў, музычныя і відэаэфэкты, усё тое, што адмяжоўвае сцэну ад жыцьця — цяпер не існуе, бо непатрэбна. Жыцьцё цяпер павінна прамаўляць менавіта так — само за сябе.

Ці ёсьць сярод п’ес, напісаных для тэатраў, п’еса болей драматычная, чым тая, якая была складзена самім жыцьцём? Гэты сюжэт разгортваўся на нашых вачах, імкліва і ўзрушальна, і адарвацца ад яго было немагчыма: звальненьне дырэктара, салідарнасьць трупы, сьцягі на даху, заблякаваныя дзьверы, акторы на вуліцы, заявы на звальненьне, варта Сьпеўнага сходу пад сцэнамі, адмена тэатральнага сэзону, і ўсё гэта ў юбілейныя дні! Хацеў бы — не прыдумаў. Ці ёсьць сярод шматлікіх герояў і гераінь колішніх пастановак такія безумоўныя героі, шчырыя і сапраўдныя ў кожным сваім учынку, у кожным сваім слове — і ў сваёй роспачы, і ў сваім жалю, і ў сваёй жывой, а ня ўмоўнай нескаронасьці? Напісаў бы такіх — сказалі б, у жыцьці так не бывае. Занадта гераічна. А яно, аказваецца, бывае.

У юбілейным выступе купалаўцаў, першым онлайнавым выступе нібыта разгромленага тэатру, мяне моцна ўразілі іх галасы. Той Купалаўскі, куды мы хадзілі раней, заўсёды вылучаўся асаблівай стылістыкай сцэнічнага маўленьня: акторы на сцэне заўсёды прамаўлялі гучна і не баяліся сарвацца нават на крык. Ранейшае купалаўскае слова на сцэне заўсёды цяжка важыла. Цяпер яны чытаюць «Сымона-музыку» ціха. Ім ня трэба перакрываць словам дэкарацыі, касьцюмы, тэхніку і электроніку. Яно важкае, нават калі шэптам.

Я цяпер бачу на гэтай купалаўскай сцэне, той, дзе поле, неба і вецер, іх саміх, жывых людзей зь іхным болем і іхнай пакутай, якая цяпер у нас — адна на ўсіх. Не прыдуманых гераінь чужых п’ес, а мужчын і жанчын, што жывуць з намі побач нашым жыцьцём: зьбіваюць ногі на маршах, бягуць ад аўтазакаў, становяцца ў счэпкі, вагаюцца на эмацыйных арэлях ад «нас усіх расстраляюць» да «мы пераможам» — і чытаюць «Сымона-музыку», нібыта гэта ня тэкст, які напісаў сто гадоў таму школьны клясык, а выцьцё ветру альбо гул далёкага бору. Яно менавіта такое, нашае жыцьцё, тэатар нічога не прыдумаў, але сканцэнтраваў і паказаў нам самім — без усялякай тэатральнай умоўнасьці.

Я ведаю, што менавіта пра такі тэатар марылі Чэхаў, Брэхт, Купала, Вампілаў — каб ён быў як жыцьцё. І ўсё адно ані драматургі, ані тэатральныя рэжысэры не маглі пазьбегнуць умоўнасьці тэатральнай сцэны. Купалаўцы зруйнавалі ўмоўнасьць. Яны цяпер — жыцьцё.

Я любіла і той Купалаўскі, неразгромлены. Але разгромленым я люблю яго яшчэ больш. Ён цяпер як мы — спакутаваны, пасталелы адразу на дзясяткі год, стомлены, устрывожаны, пазбаўлены ўпэўненасьці. Але — непераможны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG