Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 хасідаў чакаюць у Гомлі, калі ўкраінцы адкрыюць межы


500 хасідаў з ЗША, Вялікай Брытаніі і Ізраілю «захрасьлі» ў Гомлі. Яны ехалі ва Ўкраіну на магілу цадзіка Нахмана, але сутыкнуліся з закрытымі праз каранавірус межамі.

«Яны тут паўсюль, ніколі такога не было», — дзівяцца жыхары Гомля, бачачы на вуліцах артадаксальных габрэяў у традыцыйных уборах. Хасіды — прадстаўнікі плыні ў юдаізьме. «Брацлаўскія хасіды» штогод прыяжджаюць на магілу цадзіка (праведніка) Нахмана ва ўкраінскі горад Умань. Паломнічаюць яны на сьвяты, у тым ліку на Рош ха-Шана ці «габрэйскі Новы год», які сёлета выпадае на 18 верасьня.

«Для іх вельмі важна сабрацца менавіта ў гэтым месцы, на магіле цадзіка Нахмана, яны тады адчуваюць духоўнае ўмацаваньне ад праведніка на цэлы год», — кажа старшыня рэлігійнай юдэйскай суполкі «Бэйт Якаў» Ёсэф Жолудзеў.

З 28 жніўня Ўкраіна закрыла межы для іншаземцаў, бо выпадкаў каранавірусу паболела.

Але многіх хасідаў ні закрытыя межы, ні іншыя перашкоды ня стрымліваюць.

«Яны моцна вераць у сілу малітвы і ў тое, што калі будуць рабіць усё магчымае, з Божай помаччу туды трапяць. Бо ў іх такая пазыцыя — рабі ўсё, што ад цябе залежыць, каб трапіць на магілу цадзіка. А далей вырашае Ўсявышні», — кажа Ёсэф Жолудзеў.

Хасіды ляцелі ва Ўкраіну празь Беларусь, каб паспрабаваць трапіць ва Ўмань. Аднак украінцы іх не пускаюць. Хасіды аселі пакуль у Пінску і Гомлі. У Гомлі яны занялі практычна ўсе месцы ў гатэлях, пасяліліся на арандаваных кватэрах і ў аграсядзібах.

На мяжы з Украінай 14 верасьня было 150 хасідаў.

У Гомлі ў хасідаў праблемы з кашэрным харчаваньнем. «Наша грамада круціцца круглыя суткі, каб забясьпечыць іх харчаваньнем. Мы падказваем, што можна дзе набыць у крамах. Забясьпечыць харчаваньне, дапамагчы з малітвай — наша задача», — дадае старшыня «Бэйт Якаў». Хасіды спадзяюцца да апошняга, што межы адкрыюць.

У Гомлі яны ў асноўным моляцца ці вывучаюць Тору.

Калі хасіды ня трапяць да 18 верасьня ва Ўкраіну — будуць сьвяткаваць Рош-ха-Шана ў Гомлі. Пачатак сьвята прыпадае на шабат, калі нельга рабіць многія рэчы, у тым ліку пераяжджаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG