«Марш герояў» у Менску сабраў ня менш за 100 тысяч чалавек. Такую лічбу прыводзяць інфармацыйныя агенцтвы БелаПАН і Reuters. Мірная акцыя пратэсту суправаджалася жорсткімі дзеяньнямі сілавікоў. Прынамсі 400 чалавек затрымалі.
Затрыманьні ўдзельнікаў акцыі пачаліся яшчэ да пачатку маршу ў розных пунктах гораду — сілавікі спрабавалі не пусьціць людзей у цэнтар. Затрыманьні адбываліся ў раёне мэтро «Грушаўка», на вуліцах Маякоўскага, Залатая Горка, Чорнага, Сурганава і ў іншых месцах.
Нягледзячы на гэта, да 15.00 на праспэкце Пераможцаў сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Спачатку яны рушылі ў кірунку да стэлы «Менск — горад-герой», а затым — у бок спарткомплексу «Менск-Арэна», у бок мікрараёну Дразды, дзе разьмешчана рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнка і жывуць іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Па шляху шэсьця да калёны далучаліся іншыя дэманстранты.
Каля «Менск-Арэны» дарогу дэманстрантам заступілі сілавікі са зброяй, аўтазакі і вайсковая спэцтэхніка — машыны «Рубеж», вадамёты. Каля паўгадзіны ўдзельнікі маршу і кардон сілавікоў стаялі твар у твар, затым калёна дэманстрантаў завярнулася і рушыла назад.
У раёне станцыі мэтро «Пушкінская» адбыліся брутальныя затрыманьні. На дэманстрантаў кідаліся адразу па некалькі сілавікоў, людзей сілай цягнулі ў мікрааўтобусы і аўтазакі.
Частцы дэманстрантаў усё ж удалося дабрацца да Драздоў. Яны падышлі да дому старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і пакінулі там плякаты і сымбалічныя падарункі. Калі людзі ўжо сыходзілі, зьявіліся мікрааўтобусы зь сілавікамі. Журналісты «Эўрарадыё» і «Нашай Нівы» паведамілі, што сілавікі кідалі ў дэманстрантаў сьвятлашумавыя гранаты, аднак МУС гэтую інфармацыю абвяргае.
Паводле інфармацыі МУС, у Менску затрымалі больш за 400 чалавек. Колькі затрыманых па ўсёй краіне, не ўдакладняецца.
«Некаторыя крыніцы ў інтэрнэце каля 18.00 распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Менску быў чуваць гук, падобны да стрэлу, — адзначылі ў МУС. — Разабраліся. Супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі некалькі актыўных удзельнікаў на праспэкце Пераможцаў. У гэты час іншыя людзі пратэставай акцыі, ня менш за сто чалавек, спрабавалі іх адбіць. Для стрыманьня незаконных дзеяньняў быў зроблены папераджальны стрэл у паветра з помпавай стрэльбы».
Праваабаронцы паведамляюць імёны больш як 200 затрыманых у Менску. Сярод іх журналіст тэлеканалу «Белсат» Арцём Лява, які цяпер знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС. Затрымліваліся таксама намесьнік галоўнага рэдактара сайта «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец — яго адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў, а таксама галоўны рэдактар парталу dev.by Натальля Правалінская — яе пратрымалі некалькі гадзін у Кастрычніцкім РУУС і таксама адпусьцілі.
Сёньняшні марш быў пятым па ліку нядзельным маршам прыхільнікаў пераменаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіцьцё і катаваньне мірных дэманстрантаў.
«Марш герояў» прайшоў таксама ў Берасьці, Гомлі, Горадні, Магілёве, Віцебску, Бабруйску, Лідзе і іншых гарадах Беларусі. Там таксама затрымлівалі дэманстрантаў, у тым ліку жанчын і пажылых людзей.