У Горадні на «Марш герояў» прыйшло 3–5 тысяч чалавек. Пратэст скончыўся жорсткімі затрыманьнямі.
Пратэстоўцы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на Савецкай вуліцы каля моладзевага цэнтрe «Гродна» каля 14:00. Яны сталі ў вялікае кола і скандавалі: «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад», «Горадня, выходзь». Некаторыя прыйшлі на марш з сабачкамі, кветкамі, плякатамі, у адзеньні белага і чырвонага колераў.
Адтуль калёна рушыла ў бок вуліцы Горкага празь Вялікую Траецкую вуліцу. На яе чале ішлі людзі ў працоўнай форме прадпрыемства «Хімвалакно», мужчына з абразом Маці Божай. Аўтамабілі спыніліся і прапускалі пратэстоўцаў, пакуль тыя пераходзілі праз дарогу. Аўтамабільны рух на Вялікай Траецкай на пэўны час спыніўся. Кіроўцы сыгналілі пратэстоўцам, у тым ліку з машын хуткай дапамогі.
Калёна дайшла да Грандзіцкага рынку, яе галава перайшла праз дарогу і павярнулася ісьці ў цэнтар. Да стадыёну «Нёман» пад’ехалі аўтазакі. Каб у іх ня трапіць, дэманстранты перабеглі на другі бок вуліцы.
Урэшце аўтазакі пад’ехалі да абодвух бакоў вуліцы Горкага. Выйшла каля сотні амапаўцаў, міліцыянтаў, вайсковых спэцназаўцаў, многія ў шлемах, са зброяй, якая страляе гумовымі кулямі. У пэўны момант выйшла калёна вайскоўцаў і, рытмічна б’ючы ў шчыты, пайшла ў бок пратэстоўцаў.
Спачатку затрымлівалі людзей у хвасьце калёны. Калі тыя сышлі ў двары, іх жорстка выхоплівалі адтуль. Затрымалі некалькі дзясяткаў мужчын, жанчын, пажылых людзей, дакладная лічба невядомая.
Затрыманых павезьлі ў Ленінскі РАУС. Да райаддзелу міліцыі ў гэты час прыяжджала хуткая дапамога. Блізкія затрыманых расказалі, што чулі, як тыя ў будынку РАУС сьпявалі і спрачаліся зь міліцыянтамі.
Аўтазакі некалькі разоў зьяжджалі, калі людзі хаваліся ў дварах, і вярталіся, калі сотні пратэстоўцаў зноў вярталіся на вуліцу Горкага. Асобных людзей хапалі, пакуль дэманстранты не разышліся зусім малымі групкамі. У адным зь міліцэйскіх аўтобусаў бел-чырвона-белы сьцяг ляжаў на прыступках як дыванок. Адзін з вайскоўцаў некалькі разоў паўтарыў, калі міма праходзілі незалежныя журналісты: «Прэса зь міліцыяй».
На месцы пратэстаў прысутнічалі намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч і начальнік горадзенскага АМАПу Ўладзімер Краўцэвіч.
«Марш герояў» у Горадні трываў каля трох гадзін.