У Берасьці супраць дэманстрантаў скарысталі вадамёты
Перад «Менск-Арэнай» вялікі кардон сілавікоў
Стаіць сыстэма «Рубеж», вельмі шмат сілавікоў, яны стаяць падвойным шэрагам. За імі аўтазакі, спэцтэхніка. Перагароджаны праспэкт Пераможцаў, ходнікі і газон.
Менск. Шмат затрыманьняў у раёне Менск-Арэны
Частка пратэстоўцаў пайшла ў абыход блёку сілавікоў на праспэкце Пераможцаў, яны рухаліся па вуліцы Нарачанскай — і там іх сустрэў АМАП. Пачаліся затрыманьні.
На вуліцы Ціміразева тым часам спрабуюць будаваць барыкады з падручных сродкаў.
Як цяпер выглядае праспэкт Пераможцаў у Вясьнянцы.
Пратэстоўцы скіраваліся ў бок Палаца Незалежнасьці
Пратэстоўцы адыходзяць ад блёку АМАП на праспэкце Пераможцаў і скіроўваюцца ў бок стэлы.
Магілёў. Шэсьце па мосьце празь Дняпро
У Магілёве схапілі журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага. Ён вёў стрым з Маршу герояў, яго затрымалі на вуліцы Астроўскага. Сабалеўскага днямі вызвалілі з ізалятара, дзе ён адбываў 8 сутак адміністрацыйнага арышту, 6 зь іх галадаў
Менск. Супраць пратэстоўцаў ужывалі сьвятлашумавыя гранаты?
Супраць дэманстрантаў у раёне Драздоў пачалі ўжываць сьвятлашумавыя гранаты, піша «Эўрарадыё».
«Мы ня можам пацьвердзіць інфармацыю аб выкарыстаньні сьвятлашумавых гранат у Менску. „Эўрарадыё“ размясьціла фэйкавую інфармацыю ў сетцы інтэрнэт пра гэта», — заявіла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава.
Менск. Як выглядае праспэкт Пераможцаў
Калёна людзей, якая вяртаецца да стэлы, у паскораным рэжыме.
Як выглядала тая частка праспэкту Пераможцаў, што за шэрагам сілавікоў.
А на гэтым відэа чуваць хлапкі. «Людзі ў цывільным» разганяюць дэманстрантаў.
У Магілёве завяршыўся «Марш герояў»
Прыхільнікі пераменаў прайшлі цэнтральнымі вуліцамі, у тым ліку і ў Задняпроўі. Па пешаходнай Ленінскай прайшла калёна зь некалькіх дзясяткаў чалавек, пераважна маладых. Усяго, паводле праваабаронцаў цэнтру «Вясна», у маршы ўзялі ўдзел да 3 тысяч чалавек.
Затрымалі прынамсі чатырох. Сярод іх Аляксандар Сабалеўскі, журналіст інтэрнэт-выданьня 6tv.by, які вёў стрым з маршу.
Менск. Закрылі станцыі мэтро «Маладзёжная», «Няміга», «Фрунзенская», «Пушкінская», «Спартыўная».
У Гомлі затрыманьні пасьля маршу
У Гомлі пасьля «Маршу герояў» пачаліся адзінкавыя затрыманьні. Міліцыя хапала людзей па дварах, на вуліцах Перамогі, Рагачоўскай і каля цырку. Затрымалі байкераў і іх пасажыраў (на фота) — яны езьдзілі па цэнтры гораду зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Менск. Калёна маршу рухаецца па праспэкце Пушкіна ў бок мэтро «Пушкінская». У ёй дзясяткі тысяч чалавек
У Горадні ў жорсткіх затрыманьнях удзельнічалі жанчыны з АМАПу
Менск. Калёна дайшла да скрыжаваньня Прытыцкага і Пушкіна. Вялікая частка пратэстоўцаў засталася каля мэмарыялу памяці Тарайкоўскага. Шмат людзей ужо разыходзяцца вялікімі групамі.
Міліцыя патлумачыла выкарыстаньне вадамётаў у Берасьці
МУС патлумачыла прычыну выкарыстаньня вадамётаў у Берасьці: «Каля тысячы чалавек вадзілі карагоды, і гэта стала пагрозай бясьпецы дарожнага руху».
Як выглядаў той карагод, можаце бачыць на відэа.
Пацярпелыя расказваюць, зь якой жорсткасьцю іх затрымлівалі
Некалькі затрыманых падчас маршу выпусьцілі з РАУС Ленінскага раёну. На іх складаюць пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве, абяцаюць, што сёньня ўсіх выпусьцяць. Іх чакаюць больш як два дзясяткі сваякоў і сяброў.
Адзін з затрыманых і вызваленых Іван расказаў, што ў актавай залі райаддзелу сядзіць, па ягоных падліках, 57 пратэстоўцаў. Больш дзяўчат і жанчын рознага ўзросту, ёсьць 15-гадовая дзяўчына і некалькі пэнсіянэраў.
Тыя, каго затрымалі ў дварах каля Грандзіцкага рынку, расказалі, што яны сталі ў счэпку, да іх з пагрозамі падышлі амапаўцы, распылілі невядомы газ, ад якога было цяжка дыхаць, многіх білі пры затрыманьні нагамі, дручкамі, цягнулі па зямлі. Дзяўчат хапалі за валасы, выдзіралі пасмы.
Разгон і затрыманьні на Пушкінскай у Менску
Яшчэ нейкі час таму людзі хадзілі па праспэкце са сьцягамі.
МУС: больш за 400 затрыманых у Менску
На 19:00 у Менску затрымалі больш за 400 чалавек, паведаміў тэлеграм-канал МУС.
Дэманстрантаў абстралялі гранатамі побач з домам Ярмошынай
Дэманстрантаў сёньня абстралялі сьвятлашумавымі гранатамі на вуліцы Ціхай, калі яны адыходзілі ад дома Лідзіі Ярмошынай. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы», які быў сьведкам гэтага эпізоду.
Некалькі тысяч дэманстрантаў падышлі да дому Ярмошынай на вуліцы Ціхай, скандуючы «Баба Ліда, мы на чай!». Яны пакінулі каля агароджы яе палацыка плякаты і сымбалічныя падарункі. Калі яны адыходзілі ад дому Ярмошынай і на Ціхай заставаліся некалькі соцень чалавек, з другога канца вуліцы прыехалі два бусы і зрабілі чатыры стрэлы ў кірунку дэманстрантаў. Тыя сталі адбягаць.
Паказальна, што іншыя жыхары Драздоў адчынілі вароты сваіх двароў, каб дэманстранты маглі схавацца.
Брутальныя затрыманьні ў Менску. Відэа
Падзеі ў Драздах сёньня на відэа
На адным з кадраў відаць, як каля плота выбухае нешта і ляцяць іскры.