Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэставы марш у Менску 13 верасьня
Пратэставы марш у Менску 13 верасьня

Тысячы людзей сабраліся ў Менску на «Марш герояў», нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 36-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца на 36-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

21:21 13.9.2020

Калёна спартоўцаў на менскім маршы. Відэа

Некалькі соцень спартоўцаў прайшліся калёнай ад Нямігі да «Менск-Арэны». Яны скандавалі «Народ — чэмпіён», «Мы пераможам». Людзі віталі іх воклічамі «Малайцы».

21:22 13.9.2020

На «плошчы Перамен» аднавілі мурал з дыджэямі

23:01 13.9.2020

З бару пасьля маршу забралі фатографаў

Ужо пасьля сканчэньня менскага маршу ў бары «1067» на вуліцы Раманаўская Слабада сілавікі мэтанакіравана затрымалі трох чалавек, сярод якіх былі фатографы Аляксандар Васюковіч і Ўладзь Грыдзін.

Васюковіч сядзеў у бары з двума мужчынамі, сказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасьля таго як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, зайшлі 6–7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іх абсталяваньне.

Пазьней Васюковіч скінуў SOS-паведамленьне з тэлефона з пункту на Кальварыйскай, 43. Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведаміла Tut.by, што Васюковіч знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС, па ім распачалі адміністрацыйны працэс.

Сярод затрыманых таксама фатограф Уладзь Грыдзін, якога пазналі наведнікі бара. Грыдзін шмат год быў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі яго і яшчэ трох нашых журналістаў акрэдытацыі. Апошнім часам супрацоўнічаў з парталам Tut.by.

23:02 13.9.2020

На Ціміразева міліцыянты на матацыклах уехалі ў калючы дрот. Параненая дзяўчына, — відавочца

Здарэньне адбылося каля 17.00 у раёне дома 46 па вуліцы Ціміразева. Відавочца расказвае, што невялікая група ўдзельнікаў маршу вырашыла прайсьці па вуліцы Ціміразева, а ня рухацца з асноўнай калёнай па Кальварыйскай.

«Думалі, што там ачапленьня няма, але па выніку там быў расьцягнуты калючы дрот, стаяў АМАП, — расказвае відавочца. — Людзі падыходзілі да ачапленьня, вярталіся назад. Нічога не адбывалася. Каля дроту было, можа, 10 чалавек. Там, дарэчы, чамусьці стаяла хуткая. І раптам двое міліцыянтаў на матацыклах разганяюцца, набіраюць хуткасьць і прабіваюць калючы дрот».

Відавочца ня можа адказаць на пытаньне, ці бачылі матацыклісты калючы дрот. «Але там стаялі сілавікі і стаяў аўтамабіль, які перавозіць гэты калючы дрот. Для мяне гэта загадка», — кажа відавочца.

«Дрот зачапіў дзяўчыну, яна заблыталася ў ім, бо стаяла побач, — кажа відавочца. — Іншыя людзі разьбегліся. З боку гэты ўчынак міліцыянтаў абсалютна немагчыма патлумачыць».

Дзяўчыне аказала дапамогу хуткая, якая была побач. Відавочца кажа, што кіроўцы матацыклаў былі ў форме «сілавікоў» і матацыклы былі пазначаныя як ГАІ.

Радыё Свабода зьвярнулася да прэс-службы МУС па камэнтар наконт гэтага здарэньня.

Падобнае здарэньне апісваюць крыніцы TUT.by

23:59 13.9.2020

Што здасьць Лукашэнка Пуціну? Дыскусія экспэртаў

Пра што могуць дамовіцца ў Сочы Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін? Наколькі імаверныя кардынальныя рашэньні наконт паглыбленьня інтэграцыі? Ці магчымае зацьвярджэньне пляну канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі? Як адрэагуе на такі плян беларускае грамадзтва і Захад?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык і расейскі палітоляг Кірыл Коктыш.

XS
SM
MD
LG