Магілёў. Шэсьце па мосьце празь Дняпро
У Магілёве схапілі журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага. Ён вёў стрым з Маршу герояў, яго затрымалі на вуліцы Астроўскага. Сабалеўскага днямі вызвалілі з ізалятара, дзе ён адбываў 8 сутак адміністрацыйнага арышту, 6 зь іх галадаў
Пратэстоўцы скіраваліся ў бок Палаца Незалежнасьці
Пратэстоўцы адыходзяць ад блёку АМАП на праспэкце Пераможцаў і скіроўваюцца ў бок стэлы.
Менск. Шмат затрыманьняў у раёне Менск-Арэны
Частка пратэстоўцаў пайшла ў абыход блёку сілавікоў на праспэкце Пераможцаў, яны рухаліся па вуліцы Нарачанскай — і там іх сустрэў АМАП. Пачаліся затрыманьні.
На вуліцы Ціміразева тым часам спрабуюць будаваць барыкады з падручных сродкаў.
Як цяпер выглядае праспэкт Пераможцаў у Вясьнянцы.
Перад «Менск-Арэнай» вялікі кардон сілавікоў
Стаіць сыстэма «Рубеж», вельмі шмат сілавікоў, яны стаяць падвойным шэрагам. За імі аўтазакі, спэцтэхніка. Перагароджаны праспэкт Пераможцаў, ходнікі і газон.
У Берасьці супраць дэманстрантаў скарысталі вадамёты
МУС: у паветра не стралялі
Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла Свабодзе, што ў сытуацыйна-апэратыўным штабе МУС інфармацыі пра стрэл у паветра падчас супрацьстаяньня АМАП з дэманстрантамі на вуліцы Нававіленскай няма, яна ня можа гэта пацьвердзіць.
А вось як адбывалася супрацьстаяньне пратэстоўцаў і сілавікоў на Нававіленскай. Кардон не пусьціў людзей у бок элітнага раёну Дразды.
Там адбыліся затрыманьні.
Менск. Калёна не пайшла ў бок Драздоў
Галава калёны не павярнула на Дразды каля Arena City і царквы — людзі ідуць далей па праспэкце Пераможцаў.
Перад комплексам «Менск-Арэна» стаіць сыстэма «Рубеж», вельмі шмат сілавікоў, яны стаяць падвойным шэрагам. За імі аўтазакі, спэцтэхніка. Перагароджаны праспэкт Пераможцаў, ходнікі і газон.
А на скрыжаваньні вуліцы Арлоўскай і праспэкту Пераможцаў мясцовыя жыхары заўважылі такую калёну сілавікоў.
«Марш герояў» у Менску ў фотарэпартажы Свабоды
Сотні людзей гуляюць па Лідзе
Берасьце. Шматтысячная калёна скандуе «Не забудем, не простим!»
Менск. Галава калёны каля футбольнага манежу
Калёна, якая рушыць па праспэкце Пушкіна, павяртае налева ў бок Драздоў.
Жодзіна. Міліцыянт ударыў жанчыну. Відэа
На відэа бачна, як міліцыянт б’е жанчыну, якая падышла да яго. Усьлед за гэтым да пацярпелай кінуліся людзі з натоўпу.
Менск. Галава калёны дайшла па Арлоўскай да праспэкту Пераможцаў
А гэта хвост калёны на праспэкце Пушкіна
А вось гэта калёна, што ішла ў бок Драздоў
На вуліцы Нававіленскай сілавікі моцна зьбілі і затрымалі мужчыну. Людзі вяртаюцца ў бок вуліцы Арлоўскай і скандуюць «Трыбунал».
Затрыманьні каля Драздоў у Менску. Стралялі ў паветра
У Драздах да пратэстоўцаў падышло шмат сілавікоў, пачаліся затрыманьні, пратэстоўцы ўцякаюць.
У Менску адна з калёнаў пратэстоўцаў дайшла да кардону сілавікоў каля Нававіленскай. Людзі крычалі, спрабавалі спрачацца зь сілавікамі. Калі зьявіліся машыны са шчытамі, байцы зрабілі папераджальны стрэл у паветра, піша Onliner.by.
Сілавікі перамяшчаюцца па праспэкце Пераможцаў у кірунку Палаца Незалежнасьці.
Першы затрыманы журналіст сёньня
«Вясна» паведамляе, што затрыманы журналіст тэлеканалу «Белсат» Арцём Лява дастаўлены ў Кастрычніцкае РУУС. Агулам праваабаронцам вядомыя імёны 82 затрыманых сёньня ў Беларусі. МУС раней паведамляла пра 250 затрыманых.
Менск. Калёна дайшла да Альшэўскага
Калёна рухаецца па праспэкце Пушкіна, дайшла да скрыжаваньня з вуліцай Альшэўскага.
На маршы зьявіліся плякаты супраць Пуціна🇷🇺, які заўтра ў Сочы будзе прымаць Лукашэнку: «Пуцін, не хапай, — падавісься», «Такая краіна не прадаецца, яна патрэбна нам самім».
Тым часам перагарадзілі мост церазь Сьвіслач на праезьдзе Дразды.
Людзі ідуць па тым беразе, на якім лесапарк Дразды. Шматтысячны натоўп павярнуў з вуліцы Арлоўскай на Нававіленскую.
Марш на вуліцы Прытыцкага. Фота
Што адбываецца пасьля затрыманьняў у Горадні
Пасьля затрыманьняў (каля 10 чалавек) аўтазакі зьяжджалі, некалькі сотняў чалавек засталіся стаяць па абодва бакі вуліцы Горкага. Неўзабаве аўтазакі вярнуліся на вуліцу Горкага. Людзі пайшлі ў двары. Аўтазакі паехалі за імі.
Менск. Галава калёны дасягнула скрыжаваньня Прытыцкага і Пушкіна
Людзі спыніліся каля народнага мэмарыялу памяці Аляксандра Тарайкоўскага.
Прынамсі 250 затрыманых у Менску
Паводле МУС, у розных раёнах Менску затрымалі прыкладна 250 чалавек.
Праваабаронцам «Вясны» тым часам вядомыя імёны ўжо 66 затрыманых у Менску.
Тым часам галава калёны ўжо падышла да скрыжаваньня Кальварыйскай і Альшэўскага. У бок цэнтру Менску па Кальварыйскай захоўваецца аўтамабільны рух.