Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэставы марш у Менску 13 верасьня
Пратэставы марш у Менску 13 верасьня

Тысячы людзей сабраліся ў Менску на «Марш герояў», нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 36-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца на 36-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

15:48 13.9.2020

Гомель: калёна расьцягнулася ад плошчы Леніна да Камінтэрну

15:44 13.9.2020

Спартовая калёна на менскім маршы

Каля 200 спартоўцаў ідуць на чале калёны, якая збочыла з праспэкту Пераможцаў на вуліцу Цімаразева.

15:41 13.9.2020

Як выглядае менскі марш з вышыні. Відэа

15:40 13.9.2020

Затрыманьні ў Горадні

Пратэстоўцы дайшлі да Грандзіцкага рынку на вуліцы Горкага, перайшлі праз дарогу і пайшлі ў адваротным кірунку. Ім дарогу перакрылі аўтазакі. Людзі перабеглі праз дарогу, каб ня трапіць да амапаўцаў. Да іх едуць аўтазакі.

Пачаліся затрыманьні ў хвасьце калёны. Амапаўцы выхопліваюць людзей па адным. Жорстка затрымліваюць мужчын і жанчын.

Больш за 10 чалавек схапілі, затрыманьні працягваюцца. Людзей выхопліваюць з двароў, куды тыя забеглі; калёна адышла ад аўтазакаў.

15:32 13.9.2020

Калёна пратэстоўцаў рушыла па мосьце ў бок Кальварыйскай у Менску

Значная частка вайскоўцаў зьнялася з ачапленьня ад стэлы і рушыла ў бок «Менск-Арэны». Да стэлы набліжаецца калёна пратэстоўцаў з боку Камсамольскага возера.

Каля «Дрымлэнду» вайскоўцы расьцягваюць калючы дрот уздоўж вуліцы Арлоўскай, паведамляюць чытачы.

15:22 13.9.2020

А вось як праходзяць маршы ў Берасьці і Віцебску

15:21 13.9.2020

Марш у Гомлі ў фота

15:20 13.9.2020

Што адбываецца ў Менску каля стэлы

Шматтысячная калёна людзей павярнула ад стэлы і рухаецца ў бок вуліцы Ціміразева. Карэспандэнт Свабоды ацэньвае колькасьць удзельнікаў у дзясяткі тысяч чалавек.

У калёне, якая ідзе праспэктам Пераможцаў, вылучаецца асобная арганізаваная група спартоўцаў, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Іх каля 50 чалавек, яны нясуць транспаранты «Спартоўцы з горадам».

Людзі пераважна нясуць бела-чырвона-белыя сьцягі, транспарантаў і плякатаў мала. Адзін зь іх: «3% ня роўна 80%».

15:18 13.9.2020

Каля 5 тысяч ідуць у маршы ў Горадні

15:17 13.9.2020

У Менску зноў праблемы з мабільным інтэрнэтам

A1 афіцыйна паведаміў, што хуткасьць мабільнага інтэрнэту зьніжаная. Менчукі паведамляюць пра праблемы з сувязьзю таксама ў МТС і life:)

15:07 13.9.2020

1000 чалавек на маршы ў Магілёве

У Магілёве «Марш герояў» сабраў блізу 1000 чалавек. Пасьля супрацьстаяньня зь міліцыяй на плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм» людзі рушылі калёнай па вуліцы Першамайскай, выгукваючы традыцыйныя лёзунгі прыхільнікаў пераменаў. Да шэсьця дарогай далучаюцца новыя ўдзельнікі. Міліцыянты папярэджваюць шэсьце аб адказнасьці і пагражаюць ужыць гвалт і спэцсродкі.

15:01 13.9.2020

Дзяўчына, якую на жаночым маршы прынялі за «ціхара» і сарвалі маску, расказала пра сябе

Падчас жаночага маршу 12 верасьня мітынгоўцы сарвалі маску з чалавека ў капюшоне і бэйсболцы, які ішоў побач з шэсьцем. Відэа інцыдэнту абляцела самыя папулярныя тэлеграм-каналы. «Ціхаром», як яго назвалі ў натоўпе, аказалася дзяўчына. Яна расказала Свабодзе, што ня мае дачыненьня да сілавых структур і апынулася на мітынгу выпадкова.

14:58 13.9.2020

Нягледзячы на затрыманьні, людзі ўсё адно змаглі сабрацца на праспэкце Пераможцаў

Каля гатэлю «Юбілейная» ўжо сабралася каля 10 тысяч чалавек, увесь праспэкт Пераможцаў заняты людзьмі.

Мабільны інтэрнэт у цэнтры гораду адключаны.

Мэтрапалітэн паведаміў пра закрыцьцё станцыяў «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая/Купалаўская», «Плошча Перамогі», «Плошча Якуба Коласа», «Няміга», «Фрунзэнская» – практычна ўвесь цэнтар гораду

14:57 13.9.2020

Некалькі тысяч пратэстоўцаў перагароджваюць праспэкт Пераможцаў у раёне спартовага манэжу

14:56 13.9.2020

У Менску закрылі станцыі мэтро «Кастрычніцкая/Купалаўская» і «Фрунзэнская», піша Kyky.org. Афіцыйна пра закрыцьцё станцыяў не паведамлялі

14:56 13.9.2020

Праваабаронцы «Вясны» склалі і абнаўляюць сьпіс затрыманых на «Маршы герояў»

13 верасьня перад пачаткам Марша герояў зафіксаваны жорсткія затрыманьні людзей, якія шлі на мірны сход.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», у Менску найбольш масавыя затрыманьні адбыліся на праспэкце Дзяржынскага каля гатэля «Рэнэсанс» і на вуліцы Маякоўскага.

Традыцыйна гэтым займаюцца неідэнтыфікаваныя міліцыянты ў цывільным і людзі ў спэцвопратцы. Людзей закідваюць у мікрааўтобусы без рэгістрацыйных нумароў.

«Вясна» вядзе сьпіс затрыманых, які пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца. станам На 14.45 у сьпісе 20 чалавек.

14:54 13.9.2020

Горадня. Пратэстоўцаў больш за 2 тысячы чалавек

14:40 13.9.2020

Менск. Група з паўсотні чалавек, якія стаялі ў счэпцы, пабегла ў гандлёвы цэнтар «Галерэя», за імі пагналіся сілавікі. Двух хлапцоў вывелі. Іншыя пратэстоўцы схаваліся ў двары.

Пасьля разгону на Нямізе засталіся некалькі сотняў чалавек. Але ад цэнтру працягваюць падыходзіць людзі

14:40 13.9.2020

Менск. Калёна ідзе па Замкавай вуліцы з праспэкту Пераможцаў

14:36 13.9.2020

Магілёў. На плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», зь якой традыцыйна пачынаюцца маршы прыхільнікаў пераменаў, пачаліся затрыманьні

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG