Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэставы марш у Менску 13 верасьня
Пратэставы марш у Менску 13 верасьня

Тысячы людзей сабраліся ў Менску на «Марш герояў», нягледзячы на затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі на 36-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца на 36-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

14:31 13.9.2020

Горадня. Некалькі соцень пратэстоўцаў з Савецкай вуліцы вуліцы пайшлі на плошчу Леніна

14:30 13.9.2020

Сілавікі разьбілі калёну ў раёне плошчы Якуба Коласа

Пачынаюцца жорсткія затрыманьні каля дома па Незалежнасьці, 44. Загналі людзей у кут паміж дамамі, атачылі з усіх бакоў. Кардон сілавікоў стаіць каля гімназіі № 23 на праспэкце Незалежнасьці.

14:29 13.9.2020

На Пераможцаў каля Палацу спорту спыніліся мікрааўтобусы і аўтазакі. Людзі перабягаюць на супрацьлеглы бок

14:28 13.9.2020

Праспэкт Незалежнасьці ў раёне плошчы Якуба Коласа

14:27 13.9.2020

Горадня цяпер

14:18 13.9.2020

Вялікая калёна пратэстоўцаў цяпер на праспэкце Пераможцаў на падыходзе да Палаца Спорту

14:18 13.9.2020

Гомель. Пачаўся «Марш герояў» на Савецкай вуліцы ў цэнтры

14:06 13.9.2020

Калёна пратэстаўцаў ідзе па праспэкце Незалежнасьці з плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі.

Некалькі сотняў дэманстрантаў з воклічамі «Жыве Беларусь» ідуць па ходніках ад Нямігі ў бок Палацу спорту.

Скрыжаваньне Нямігі і Пераможцаў
Скрыжаваньне Нямігі і Пераможцаў

13:44 13.9.2020

Калёну дэманстрантаў, якая ішла з Грушаўкі, спынілі і «расьсейваюць» каля адміністрацыі Маскоўскага раёну

Сілавікі на праспэкце Дзяржынскага каля адміністрацыі Маскоўскага раёну
Сілавікі на праспэкце Дзяржынскага каля адміністрацыі Маскоўскага раёну

13:42 13.9.2020

Плятформа «Голас» абяцае падлічыць колькасьць удзельнікаў «Маршу герояў». Дадаліся новыя функцыі

Плятформа «Голас» апублікавала плян падлікаў на нядзельным «Маршы герояў».

«Сёньня ў Беларусі пройдуць «Маршы герояў». Гэты мірны пратэст абяцае стаць рэкордным. Каб паказаць, колькі нас, плятформа „Голас“ вядзе падлік пратэстоўцаў», — адзначае каманда плятформы. Каб дадаць сябе ў статыстыку, трэба адправіць боту @golosby_bot каманду #ягуляю. Паводле распрацоўнікаў, зьявіліся новыя функцыі. Напрыклад, у чат-боце падзялілі тых, хто гуляе на маршы, і тых, хто выбірае іншую форму пратэсту.

13:41 13.9.2020

Першыя затрыманьні ў Менску перад «Маршам герояў»

Як паведамляюць сьведкі, першыя затрыманьні ўдзельнікаў нядзельнага пратэсту зафіксаваныя ў Менску.

На вуліцы Маякоўскага ў сталіцы невядомыя ў балаклавах са зброяй і дубінкамі затрымалі некалькі чалавек, якія рухаліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Усіх закідвалі ў мікрааўтобусы без рэгістрацыйных нумароў.

У руках тых, хто затрымлівае, — зброя. Відэа чытача @nashaniva

Як і падчас папярэдніх шэсьцяў, каля стэлы побач з музэем вайны вайскоўцы ставяць мэталічную агароджу. Раней міністар абароны Віктар Хрэнін заяўляў, што гэта сьвятое месца, якое армія будзе абараняць да канца.

13:40 13.9.2020

Калёна спэцтэхнікі МУС справакавала ДТЗ у Менску

13:26 13.9.2020

Жывы эфір «Настоящего времени», прысьвечаны маршу пратэсту ў Менску 13 верасьня

12:48 13.9.2020

Ва ўнівэрсытэце Бэнінгтана ў ЗША правялі акцыю салідарнасьці з засуджанай у Беларусі іх студэнткай

Студэнты і выкладчыкі ўнівэрсытэту Бэнінгтана ў штаце Вэрмонт правялі акцыю салідарнасьці з Мартай Шчарбаковай.

Беларуская навучэнка гэтай установы за апошнія дні была двойчы затрыманая на пратэстных акцыях у Менску і асуджаная на 8 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». З турмы на Акрэсьціна яе перавезьлі ў Жодзіна.

12:47 13.9.2020

Расея пасылае ў Беларусь пскоўскіх дэсантнікаў. Абяцае пасьля вучэньняў вярнуць назад

Падразьдзяленьні Пскоўскай гвардзейскай дывізіі ВДВ возьмуць удзел у вучэньнях «Славянскае братэрства – 2020» на палігоне «Берасьцейскі» ў Беларусі.

12:47 13.9.2020

«Дзяржаўныя тэлеканалы працуюць для аднаго важнага гледача». Хто глядзіць беларускую ТВ

Для каго ўключаны беларускі тэлевізар, хто яго глядзіць, ці вераць навінам на дзяржаўных каналах і навошта так стараюцца расейскія прапагандысты, дасланыя на дапамогу Аляксандру Лукашэнку ў Менск? Пра гэта Андрэю Чаркасаву з тэлеканалу «Настоящее время» расказаў беларускі мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.

12:03 13.9.2020

МУС: учора затрымалі 114 чалавек, за кратамі пакінулі 87

Як сьцьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў, учора ў праўладных акцыях нібыта ўзялі ўдзел звыш 50 тысяч чалавек, а ў 12 акцыях пратэсту ў розных гарадах усяго 1700. Колькасьць людзей на акцыі на плошчы Свабоды ацанілі ў 100 чалавек.

Са 114 затрыманых 99 былі ў Менску. Да разгляду адміністрацыйных справаў у судах за кратамі засталіся 87. Справы за «дробнае хуліганства» і «несанкцыянаванае мерапрыемства» завялі супраць жыхаркі Горадні, якая сарвала маску з аднаго зь «людзей у цывільным» (як аказалася, праваахоўніка).

12:00 13.9.2020

«Прыйдзе іх дзень». Гурт Relikt пераасэнсаваў зноў актуальную песьню «Бонды»

Папулярны гурт Relikt перасьпяваў на сучасны лад песьню «Прыйдзе іх дзень», якую ў 1980-х выконваў калектыў «Бонда».

«Сёлетнія падзеі зьмянілі беларусаў і Беларусь. Таму мы пераасэнсавалі песьню легендарнага рок-гурту „Бонда“ пад назвай „Прыйдзе іх дзень“. Здаецца, гэты дзень сапраўды прыйшоў. У адзінстве нашым — сіла. Будзем разам!», — адзначылі музыкі Relikt у анатацыі да відэакліпу.

У роліку сумяшчаюцца кадры пратэстаў у краіне за апошнія два дзясяткі гадоў. У галоўнай ролі — беларускі народ, падкрэсьліваюць удзельнікі гурту Relikt.

11:59 13.9.2020

У Салігорску затрымалі прадстаўніка страйкаму «Беларуськалію» Рамана Лявончыка

Тэлеграм страйкаму ААТ «Беларуськалій» паведаміў пра затрыманьне свайго прадстаўніка Рамана Лявончыка.

Паводле страйкаму, ён знаходзіцца ў Салігорскім РАУС.

У РАУС адмовіліся Свабодзе пацьвердзіць затрыманьне Лявончыка, спаслаўшыся на тое, што даюць такую інфарамцыю толькі сваякам затрыманых.

11:41 13.9.2020

У Эўропе беларускія пратэсты засланіла гісторыя з Навальным

Піша Сяргей Навумчык

Крамлю пагражаюць эканамічнымі санкцыямі, а Лукашэнку — не.

Усе лідэры вядучых краінаў, і па некалькі разоў, выказаліся аб меркаваным атручэньні расейскага апазыцыянэра Навальнага. Прычым найбольш рэзкія ацэнкі ў бок Крамля гучалі гэтым разам з вуснаў не амэрыканскіх, а эўрапейскіх палітыкаў. І ў ЭЗ, і ў «брэксытнай» Вялікай Брытаніі абмяркоўваюць даволі сур’ёзныя эканамічныя санкцыі супраць Крамля.

На фоне гэтага падзеі ў Беларусі адышлі на другі плян. Ужо зразумела, што рэакцыяй Эўразьвязу будзе, у самым горшым для афіцыйнага Менску выпадку, стварэньне пэрсанальнага санкцыйнага сьпісу. У які некаторыя ўрады прапануюць не ўключаць самога Лукашэнку — каб пакінуць «акно магчымасьцяў».

Цяперашняя сытуацыя з Навальным нагадвае падзеі 2001 году. Прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 9 верасьня са шматлікімі парушэньнямі, ужо на наступны дзень былі ў цэнтры ўвагі сусьветнай супольнасьці. Аднак яшчэ празь дзень пра іх ужо ня згадвалі — сьвет жахнуўся ад тэрактаў супраць Амэрыкі 9/11, піша Сяргей Навумчык.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG