«Мы вельмі занепакоена глядзім на падзеі ў Беларусі», — заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у відэазвароце з нагоды Міжнароднага дня дэмакратыі, які адзначаюць 15 верасня. — Там прыхільнасьць да дэмакратыі літаральна растоптваюць нагамі».
«Нашыя сэрцы бʼюцца ў такт з сэрцамі мірных дэманстрантаў (у Беларусі. — РС). Варта захапленьня, зь якой мужнасьцю і рашучасьцю яны выходзяць на вуліцы за свабоду і вяршэнства права», — дадала Мэркель.
«Мы ў Нямеччыне шчасьлівыя, што дэмакратыя і свабода, праўная дзяржава і агульная палітычная адказнасьць трывала ўкараніліся ў нас. Погляд на іншыя дзяржавы паказвае, што гэта не само сабой зразумела. Мы бачым, як аўтарытарныя сыстэмы ў сьвеце могуць быць эканамічна пасьпяховымі і кідаюць нам выклік у многіх галінах, але коштам элемэнтарных правоў грамадзян. Гэта ня наш эўрапейскі шлях. Таму ў Нямеччыне і Эўропе тым больш важна штодзень нагадваць сабе, якой вялікай заваёвай ёсьць дэмакратыя», — адзначыла кіраўніца Нямеччыны.