У горадзе Чуднаве Жытомірскай вобласьці адкрылі помнік аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму, які тут жыў і памёр.
Летась у красавіку на адным зь мясцовых падворкаў знайшлі ягонае надмагільле.
Цырымонія была арганізаваная пад трыма дзяржаўнымі сьцягамі — Беларусі, Украіны і Польшчы. Перад яе пачаткам прагучалі дзяржаўныя гімны трох краін.
«Сёньняшні дзень увойдзе ў гісторыю й культурны каляндар трох эўрапейскіх краін. Помнік Яну Баршчэўскаму стане яшчэ адным аб’ектам, які зойме асаблівае месца на турыстычнай мапе грамады Чуднава і Жытомірскай вобласьці», — сказаў выканаўца абавязкаў мэра Чуднава Сяргей Касьцякоў.
З ініцыятывай паставіць помнік Яну Баршчэўскаму выступіў фонд Марыі Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандар Сапега. Яго падтрымалі і мясцовыя ўлады.
Бюст выкананы з бронзы і ўсталяваны на гранітным пастамэнце ў цэнтры гораду. Побач з помнікам — надмагільная пліта, якую летась знайшла мясцовая шкалярка Алена Прыходзька. Помнік пазначаны адмысловым QR-кодам, які вядзе на старонку пра Яна Баршчэўскага на сайце мясцовай улады.
У цырымоніі ўдзельнічалі прадстаўнікі польскай дыяспары, беларускага руху салідарнасьці «Разам», прадстаўнікі гарадзкой і абласной уладаў.
«Гэта сьведчаньне таго, што мы можам ня толькі дамаўляцца, а і разам ажыцьцяўляць. Цяпер важна, каб сувязі пашыраліся. Магчыма, варта падумаць, каб арганізаваць супольную беларуска-ўкраінска-польскую культурную або пісьменьніцкую падзею», — сказала Алена Талстая, адна зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам».
Беларускія і польскія дыпляматы на адкрыцьцё помніку не прыехалі, хоць мясцовыя ўлады накіроўвалі ім адпаведныя запрашэньні. Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі мясцовай улады, дыпляматы адмовіліся ад удзелу праз эпідэмію каранавірусу.
Чуднаўская гарадзкая рада заснавала мэдаль Яна Баршчэўскага. Першымі гэтай адзнакай былі ўшанаваныя Алена Прыходчанка, дзякуючы цікаўнасьці якой было знойдзена надмагільле, кіраўнік фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандар Сапега, які ініцыяваў усталяваньне помніка, ды іншыя.
Выканаўца абавязкаў мэра Чуднава Сяргей Касьцякоў ня выключыў, што ў будучыні мэдаль Яна Баршчэўскага можа зрабіцца сталай мясцовай узнагародай за ўнёсак у сфэры культуры і жыцьця мясцовай грамады. Пакуль што мэдаль выкананы з бронзы абмежаваным накладам. Яго распрацаваў той жа скульптар, што ствараў і помнік, — харкаўскі майстар Уладзімір Райчанка.
Гісторыя ўнікальнай знаходкі
Летась у красавіку ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага. Спачатку яе перадалі на захаваньне ў мясцовы рымска-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга, а потым перавезьлі ў Жытомір і перадалі абласному аддзяленьню Зьвязу палякаў Украіны.
У дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знаходзіцца мэтрычны дакумэнт аб сьмерці Яна Баршчэўскага. Да таго дакладныя даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа іх праясьніць.
Чым слаўны Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў Полацкім павеце. Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая не захавалася.
Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах навакольлямі возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы. Пісаў па-польску і па-беларуску. Самыя вядомыя яго вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне з прозьвішчам Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.
Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.
Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Юліі Жавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.