Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне знайшлі ня толькі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага, але і дакумэнты аб сьмерці


Беларускі пісьменьнік Ян Баршчэўскі
Беларускі пісьменьнік Ян Баршчэўскі

У Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знайшлі мэтрычныя дакумэнты аб сьмерці беларуска-польскага пісьменьніка Яна Баршчэўскага ў мястэчку Чуднаў, дзе ён жыў апошнія гады свайго жыцьця. Да гэтага дакладная даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.

У гэтых дакумэнтах адзначаецца, што «дваранін Іаан Баршчэўскі» памёр ад сухотаў 28 лютага 1851 году ва ўзросьце 54 гадоў.

Фота дакумэнту (тытульная старонка і старонка, дзе напісана пра Баршчэўскага)
Фота дакумэнту (тытульная старонка і старонка, дзе напісана пра Баршчэўскага)

Ён быў парафіянінам Чуднаўскага рымска-каталіцкага касьцёла і, паколькі ня меў сваёй сям’і, быў пахаваны вікарыем гэтага храма Адамам Пурышкам на чуднаўскіх парафіяльных публічных могілках. Зьвесткі знаходзяцца ў мэтрычнай кнізе Чуднаўскага рымска-каталіцкага парафіяльнага касьцёла.

Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве
Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве

Гэтыя зьвесткі супярэчаць інфармацыі, зьмешчанай на знойдзеным сёлета ягоным надмагільлі — на ім па-польску пазначана, што Ян Баршчэўскі, які «любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменьнік натхненьняў і пачуцьця, жыў годна 70 гадоў».

Дагэтуль невядома дакладная дата нараджэньня Яна Баршчэўскага — у розных крыніцах называюцца як 1790-ы, так і 1794 год. Аднак, калі чуднаўскі вікарый не памыліўся з узростам, калі рабіў запіс аб сьмерці пісьменьніка, то яшчэ адной імавернай датай нараджэньня можа быць 1797 год.

Лёс надмагільля пакуль нявырашаны

Надмагільную пліту сёлета ў красавіку знайшлі ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі, а пазьней перадалі на захоўваньне ў мясцовы рымска-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга. Плянавалася пасьля рэстаўрацыі ўсталяваць яе на тэрыторыі касьцёла.

Але цяпер надмагільле Яна Баршчэўскага перавезьлі ў Жытомір. «Пліта знаходзіцца ў Жытомірскім абласным саюзе палякаў Украіны і зьяўляецца ўласнасьцю гэтай арганізацыі», — паведаміла Свабодзе кіраўніца жытомірскай польскай дыяспары Вікторыя Ляскоўская-Шчур.

Паводле яе, рэстаўрацыю яшчэ не пачыналі, бо спачатку знаходцы трэба прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, а потым знайсьці грошы на яе аднаўленьне. «Дакумэнты на прысваеньне статусу таксама яшчэ не падрыхтавалі», — дадала яна.

Месца пахаваньня невядомае

Мэтрычны запіс, знойдзены ў Жытомірскім архіве, таксама пацьвярджае, што Ян Баршчэўскі быў пахаваны на іншых могілках у Чуднаве, а не на тэрыторыі дзейнага рымска-каталіцкага касьцёла, куды спачатку перадалі надмагільле.

Як паведаміў Свабодзе айцец Мірон Шалавінскі (ён у красавіку ачольваў рымска-каталіцкі прыход у Чуднаве, а цяпер пераведзены ў Крым), архіўныя дакумэнты пацьвярджаюць, што пісьменьнік быў пахаваны на могілках іншага касьцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935-1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.

Студэнцкія канікулы часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны любімай дзяўчыне, Максімовіч) і «Бунт хлопаў».

У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр ад сухотаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG