Адна зь вядучых палітыкаў Партыі «зялёных» у Нямеччыне, віцэ-старшыня Бундэстагу Кляўдыя Рот уступілася за Марыю Калесьнікаву, паабяцаўшы ўзяць яе пад сваю апеку і дамагацца ёйнага вызваленьня.
Нямецкі палітык у інтэрвію DW адзначыла, што Марыя Калесьнікава – толькі адна з соцень і тысяч затрыманых у Беларусі. «Мы патрабуем доступу туды для прадстаўнікоў ААН і Чырвонага Крыжа, а таксама для адвакатаў і дыпляматаў. Я б асабіста патрабавала, каб амбасадар ФРГ у Беларусі атрымаў доступ да тых, каго апякаюць дэпутаты парлямэнту Нямеччыны. Калесьнікава не адзіная».
У Бундэстагу ёсьць адмысловая праграма – дэпутаты бяруць пад апеку людзей, арыштаваных з палітычных прычынаў, і «бяруць на сябе абавязаньні клапаціцца пра гэтых людзей, рабіць гэтыя выпадкі публічнымі. Мэта – арганізаваць ім абарону», – патлумачыла Кляўдыя Рот.
Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. 9 верасьня стала вядома, што Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.