Роўна паўгода таму Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла аб пандэміі каранавірусу. Ад таго моманту, як выяўлены ў Кітаі вірус пачаў распаўсюджвацца па сьвеце, агульная колькасьць тых, хто захварэў, у 188 краінах перавысіла 28 мільёнаў, каля мільёна людзей памерлі. Самымі пацярпелымі застаюцца ЗША, Індыя і Бразылія.
Апошнім часам колькасьць тых, хто захварэў, зноў пачала павялічвацца. Усяго за чатыры дні ў сьвеце стала на адзін мільён больш тых, хто заразіўся: адзнака ў 27 млн была пройдзеная 7 верасьня. За апошні месяц колькасьць хворых COVID-19 у сьвеце вырасла на 8 мільёнаў.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 11 верасьня, заразіўся каранавірусам 73 591 чалавек, памерлі 732. Аднак пры гэтым сёлета ў чэрвені памерлі амаль на 4000 чалавек болей, чым у чэрвені 2019 году. Белстат утаіў гэтыя лічбы ад беларусаў, але перадаў іх у ААН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ