Беларуская дызайнэрка Вольга Кардаш тыдзень таму зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Пра прычыны гэтага ўчынку яна расказала 10 верасьня ў сваім Інстаграме.
«Я б не зьяжджала, калі б не было дакладнага разуменьня, што я магу апынуцца пад рэпрэсіямі», — кажа Вольга Кардаш.
Дызайнэрка сьцьвярджае, што атрымала з розных крыніц інфармацыю, зь якой зрабіла выснову, што ў яе два выйсьці: або застацца ў Беларусі і трапіць пад хвалю рэпрэсій, або зьехаць з краіны. У Польшчу зьехала, бо муж па сямейных абставінах цяпер у Варшаве.
Вольга Кардаш кажа, што рашэньне прыняла на працягу сутак: яна зьвязалася са штабам экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валера Цапкалы, і там ёй параілі не чакаць і зьехаць.
Яна расказала, што пасьля сілавога разгону акцый пратэсту 9–11 жніўня разам з калегамі прыняла рашэньне прыпыніць працу і больш не прымаць замовы, але вырашыла зладзіць дабрачынную акцыю, каб сабраць больш грошай для фонду салідарнасьці BYSOL.
У межах гэтай акцыі Вольга Кардаш выпусьціла калекцыю футболак зь лягатыпамі беларускіх заводаў. Чакалася, што большая частка грошай ад продажу будзе накіравана ў фонд і пойдзе на падтрымку завадчан і людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.
«Гэта як аналёгія з „супэргеройскімі“ футболкамі. Хлопцы, нашы завадчане — новыя рэальныя героі і заслугоўваюць, каб імі ганарыліся ня менш, чым героямі Марвэл», — расказала Tut.by пра ідэю акцыі Вольга Кардаш.
У дзень, калі на старонках сацыяльных сетак Вольгі Кардаш і сайце брэнду зьявіўся першы і адзіны пост пра акцыю, сайт разрываўся ад заявак. Але ўжо раніцай на ім пачаліся непаладкі: сайт быў атакаваны невядомымі. Сьледам на адрас дызайнэркі прыйшлі афіцыйныя лісты ад беларускіх прадпрыемстваў, чые лягатыпы былі выкарыстаныя ў праекце, з патрабаваньнем спыніць тыражаваньне лягатыпаў — «не выкарыстоўваць іх інтэлектуальную ўласнасьць у камэрцыйных мэтах».
Акцыю вымушана спынілі, інфармацыю пра яе выдалілі з сайта і з сацыяльных сетак Вольгі. Вольга Кардаш у лістах прадпрыемствам патлумачыла, што праект не камэрцыйны, а дабрачынны, і выбачылася.