«Можна сказаць, што сёньня ў Беларусі ў двубоі сышліся Дабро і Зло», — заявіў Алесь Бяляцкі сайту palitviazni.info.
«Варта адзначыць, што Зло — добра ўзброенае, мае дзяржаўныя мэханізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя пратэсты, якія зьбіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца», — адзначае праваабаронца.
9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Масавыя фальсыфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу зь мірнымі пратэстамі па ўсёй краіне.
У адказ улады на поўную магутнасьць запусьцілі рэпрэсіўны мэханізм. За гэты месяц беларусы ўбачылі шматлікія факты катаваньняў, зьбіцьця і нават забойствы людзей, але пратэсты не спыняюцца.
«Гэта быў унікальны і нават гістарычны месяц, — кажа Алесь Бяляцкі. — Як праваабаронцы мы адзначаем, з аднаго боку, вялізны маштаб рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненьні да беларусаў, а з другога — няспынны супраціў і абурэньне фальсыфікацыямі падчас выбараў, кампаніяй перасьледу грамадзкіх актывістаў і ціску на людзей.
Безумоўна, мы жадаем справядлівасьці, і тое самае патрабуюць грамадзяне Беларусі. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы супраць беларусаў, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў і выхаду палітычных зьняволеных на волю.
Гэта тры ясныя патрабаваньні гучаць і з боку працоўных калектываў, і з боку студэнтаў і дэманстрантаў, і з боку праваабаронцаў», — заявіў Алесь Бяляцкі.