Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады не заблякуюць. Новыя заявы Раднянкова і Краўцова ва Ўкраіне


Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў
Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў

Прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў 9 верасьня ў Кіеве далі інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Што яны расказалі?

Пра ціск на сяброў Каардынацыйнай рады

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады паведамілі, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць некалькі спосабаў ціску на актывістаў, у тым ліку і прымусовы выезд за межы краіны. Але пасьля няўдалай спробы выціснуць Марыю Калесьнікаву зь Беларусі гэты інструмэнт наўрад ці будуць выкарыстоўваць зноў.

«Сумнеўна. Цяпер наўрад ці такія схемы будуць выкарыстоўвацца», — мяркуе Іван Краўцоў.

Антон Раднянкоў дадаў, што ўлады цяпер усё больш актыўна выкарыстоўваюць крымінальны перасьлед:

«Улада выкарыстоўвае розныя мэтады для розных людзей, у залежнасьці ад таго, што, на іхную думку, будзе больш эфэктыўным».

Паводле яго, вывезьлі толькі некалькіх чалавек, усе іншыя сядзяць у турме.

Як далей будзе дзейнічаць Каардынацыйная рада

Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў перакананыя, што ўлада ня зможа спыніць дзейнасьць Каардынацыйнай рады, нягледзячы на тое, што большасьць сяброў яе прэзыдыюму арыштавалі.

«Асноўны склад Каардынацыйнай рады — 70 асобаў, а пашыраны склад — 5 тысяч. І гэтыя людзі не арыштаваныя», — сказаў Іван Краўцоў.

Антон Раднянкоў дадаў, што да працы ў радзе далучыліся прадстаўнікі культуры, вядомыя спартоўцы, бізнэсоўцы, эканамісты і палітыкі. Паводле яго, улада затрыманьнямі і арыштамі хоча прадэманстраваць сьвету, што ў Беларусі няма з кім весьці дыялёг:

«І такая пазыцыя дзяржавы толькі пагаршае сытуацыю, у тым ліку і для ўлады».

Што зьбіраюцца рабіць Краўцоў і Радянкоў ва Ўкраіне

Іван Краўцоў і Антон Радянкоў плянуюць правесьці шэраг сустрэч у Кіеве, а потым наведаць шэраг іншых краін.

«Зараз мы настроеныя на тое, каб аднавіць больш актыўную дзейнасьць. Асноўная задача — падтрымліваць адзін аднаго, бо тое, што адбываецца (у Беларусі) — гэта ня той працэс, які можна лёгка каардынаваць ці арганізаваць штучна. Гэта вельмі трывалы працэс, які фармаваўся паступова — мянялася грамадзтва, былі эканамічныя перадумовы, была сытуацыя з каранавірусам, і гэта стала асновай пратэстаў. Людзі павінны бачыць, што ёсьць каму іх падтрымаць», — патлумачыў Іван Краўцоў.

Антон Раднянкоў дадаў, што цяпер, калі ў Беларусі пратэсты адбываюцца дэцэнтралізавана, улада не пасьпявае адрэагаваць адразу на ўсе.

Антон Раднянкоў (зьлева) і Іван Краўцоў
Антон Раднянкоў (зьлева) і Іван Краўцоў

Пра вяртанне ў Беларусь

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады дадалі, што плянуюць вярнуцца ў Беларусь.

«Мы ўжо разумеем, як мы хочам гэта зрабіць і рэалізаваць. І, магчыма, у наступныя некалькі тыдняў мы і паспрабуем вярнуцца ў Беларусь», — сказаў Антон Раднянкоў.

Як Краўцова і Радянкова выгналі зь Беларусі

8 верасьня прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пасьля затрыманьня 7 верасьня ў Менску пад прымусам выехалі зь Беларусі ва Ўкраіну.

Спэцыяльныя службы Беларусі плянавалі выезд і Марыі Калесьнікавай, але тая ўцякла з аўтамабіля ўжо па дарозе да мяжы з Украінай, парваўшы свой пашпарт на дробныя шматкі.

Увечары Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве паведамілі падрабязнасьці іхнага затрыманьня і перамяшчэньня на мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG