Шматразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя заявіла, што за яе палітычную пазыцыю клюбу плаваньня не падпісваюць дамовы арэнды.
«Школа № 2 не плянуе падпісваць з намі дамову і ўжо запаўняе групы сваімі дзецьмі са школы. У такой сытуацыі мы апынуліся з прычыны нашай палітычнай пазыцыі, якая палягае ў тым, што мы не падтрымліваем гвалт і дзейны рэжым», — Tut.by зьмясьціла відэазварот спартоўкі да бацькоў, чые дзеці займаюцца ў клюбе.
«На гэты момант клюб знаходзіцца пад санкцыяй упраўленьня адукацыі Фрунзэнскага раёну, дзе нам не падпісваюць арэнды і не даюць магчымасьці працаваць. Мы разумеем, што дзеці абсалютна ні пры чым, яны апынуліся крайнімі, хоць кіраўніцтва і магло праявіць чалавечыя якасьці. На жаль, яны іх не праявілі і нашы дзеці апынуліся за бортам», — канстатуе яна.
Аляксандра Герасіменя адзначае, што бацькі маюць права падаць калектыўную скаргу ва ўпраўленьне адукацыі. Ад сябе дадае, што не зьбіраецца здавацца і працягне змагацца за парушаныя правы — свае, дзяцей і бацькоў.
Раней вядомая плыўчыха падпісала ліст спартоўцаў з патрабаваньнямі да ўлады, а таксама зьвярнулася да калегаў зь вершам «Па чым тваё сумленьне?». Яна неаднаразова ўдзельнічала ў «Маршах адзінства» ў Менску, ідучы ў калёне разам зь іншымі ўганараванымі атлетамі.