У розных частках Менску паралельна адбываюцца ператрусы ў чальцоў Каардынацыйнай рады і штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, паведамляюць у Каардынацыйнай радзе.
Вядома, што цяпер праваахоўнікі працуюць у кватэры Максіма Знака, якога затрымалі раніцай 9 верасьня. Ля дома заўважылі машыны без рэгістрацыйных нумароў.
Таксама адбываецца ператрус у кватэры Марыі Калесьнікавай, чыё месцазнаходжаньне па-ранейшаму невядомае. Ля пад’езду і на лесьвічных пляцоўках сілавікі ў балаклавах, усярэдзіну нікога не пускаюць, паведамляе «Эўрарадыё».
Пачаўся вобшук у юрыста Ільлі Салея, які абараняе інтарэсы арыштаванага экс-банкіра Віктара Бабарыкі.
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца весьці перамовы з Каардынацыйнай радай, бо ня ведае, адкуль зьявіліся гэтыя людзі.
Зь сямі сяброў прэзыдыюму гэтай грамадзянскай плятформы застаецца на волі ў Беларусі толькі нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.