Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ 7 жніўня заявіў, што ня мае намеру весьці дыялёг з Каардынацыйнай радай, а таксама што гатовы працягваць інтэграцыю з Расеяй пры ўмове паўнавартаснай працы ўсіх ужо існых яе інстытутаў і праектаў.
«Я ня буду размаўляць з Каардынацыйнай радай апазыцыі, таму што я ня ведаю хто гэтыя людзі. Яны ніякая не апазыцыя», — пераказаў словы Лукашэнкі (блізка да тэксту) ў телеграм-канале галоўны рэдактар радыёстанцыі «Говорит Москва» Раман Бабаян, які ўдзельнічаў у інтэрвію Лукашэнкі прадстаўнікам расейскіх СМІ.
У інтэрвію Лукашэнка назваў усе прапановы Каардынацыйнай рады «катастрофай для Беларусі і беларускага народа».
«Яны хочуць разарваць усе нашы сувязі з брацкай Расеяй, хочуць, каб у нас былі платнымі адукацыя і мэдыцына. Яны хочуць, каб усе нашы прамысловыя прадпрыемствы былі зьнішчаныя, а рабочыя сталі б беспрацоўнымі!» — заявіў Лукашэнка.
Пра далейшую інтэграцыю з Расеяй
Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ заявіў пра гатоўнасьць працягваць інтэграцыю з Расеяй, але адзначыў неабходнасьць спачатку дамагчыся паўнавартаснай працы інстытутаў Саюзнай дзяржавы.
«Мы гатовыя працягваць інтэграцыю з Расеяй, але спачатку трэба каб рэальна запрацавалі ўсе інстытуты і ўжо існыя, у рамках Саюзнай дзяржавы, праекты», — пераказвае адказ Лукашэнкі Раман Бабаян на пытаньне пра далейшую інтэграцыю з Расеяй.