Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыйшлі зь ператрусам, нібыта яны гоняць самагонку і прадаюць». Як затрымалі сям’ю ўдзельніцы страйкаму БДУ


Сьвятлана Волчак, архіўнае фота
Сьвятлана Волчак, архіўнае фота

Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Воўчак, якая брала ўдзел у стварэньні страйкаму БДУ, і яе муж Міхаіл адбываюць 15-дзённыя арышты ў ізалятары гораду Іванава Берасьцейскай вобласьці. Свабода высьвятляла падрабязнасьці.

31 жніўня Іванаўскі раённы суд разгледзеў справу выкладчыцы фізыкі БДУ Сьвятланы Волчак, якая ўдзельнічала ў стварэньні страйкавага камітэту ва ўнівэрсытэце. Ёй прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Гэтаксама пакаралі і ейнага мужа Міхаіла.

Мужа і жонку затрымалі ўвечары 28 жніўня ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёну ва ўласным прыватным доме, дзе яны рабілі рамонт. Пра гэта Свабодзе расказала сястра Міхаіла Вольга.

«Яны паехалі зь Менску адпачываць у вёску, дзе ёсьць дом нашых продкаў, які яны аднаўляюць. Яны там тыдзень былі, перакладалі падлогу. І якраз у гэты момант да іх прыйшлі з вобшукам з санкцыяй пракурора, нібыта ў іх там нейкі самагонны апарат, яны гоняць самагонку і прадаюць. Гэта наогул са сфэры нейкай ненармальнасьці, такога, зразумела, не было. Але пад гэтай маркай яны канфіскавалі ўсю тэхніку (ноўтбукі, тэлефоны, пляншэты і дрон), а іх затрымалі».

Міхаіл Волчак, архіўнае фота
Міхаіл Волчак, архіўнае фота

Міхаілу 36 гадоў, ён выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, скончыў ангельскі ўнівэрсытэт у Эсэксе, юрыдычны факультэт БДУ, займаўся рыторыкай, пытаньнямі кіраваньня ў бізнэсе і Вікіпэдыяй, адзін са стваральнікаў моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Фалянстэр», сацыятэхнік.

«Ён браў удзел у грамадзкіх ініцыятывах адукацыйнага кірунку. Гэта ўсё было па-за палітыкай», — кажа Вольга.

Сьвятлана скончыла БДУ і працавала старшым выкладчыкам фізыкі. Захапляецца жывапісам.

«Як звычайны чалавек яна разумела, што ў краіне творыцца бязладзьдзе, і яна не магла проста пайсьці на працу і далей выкладаць. Яна выказала сваю салідарнасьць. Я думаю, за гэта іх і затрымалі. Сьвятлана сказала, што яна зьбірала подпісы нязгодных з тым, што адбываецца ў краіне, і адносіла іх рэктару, але рэктар уцёк. Пэтыцыю з палітычнымі патрабаваньнямі ўсё ж перадалі», — кажа Вольга.

Асудзілі за рэпост запрашэньня на акцыю

Пра затрыманьне ў вёсцы мужа і жонкі Воўчакаў мясцовыя жыхары паведамілі Вользе.

«Мы адразу выехалі. Зайшлі ў дом, зразумелі, што там праводзіўся ператрус. Там усюды ляжалі толькі будматэрыялы для рамонту. Потым паехалі ў Іванаўскі РАУС, дзе яны знаходзіліся. Потым зноў вырашылі вярнуцца ў вёску і ўбачылі, што ля братавага аўтамабіля стаяў сам Міхаіл і яшчэ некалькі супрацоўнікаў міліцыі, людзі ў цывільным. Нас не падпусьцілі да Міхаіла, нам пагражалі і здымалі на відэакамэру. Яны спрабавалі прыдумаць гісторыю пра перабітыя нумары, і Міхаіл успрыняў гэта як ціск на яго».

Паводле Вольгі, аўтамабіль таксама забралі і цяпер невядома, дзе ён знаходзіцца.

«31 жніўня мы зноў прыехалі зь Менску ў Іванава, нанялі адваката. Суды нідзе не анансаваліся, мы сядзелі ў памяшканьні суду і ад раніцы чакалі. У 17 гадзін пачаліся працэсы, спачатку Святланы, ёй далі 15 сутак. Матывавалі тым, што яна ў чаце ў Telegram нібыта напісала паведамленьне з заклікам на мітынг 23 жніўня. Насамрэч гэта быў рэпост. Яна сказала, што гэта быў не заклік, а запрашэньне».

Міхаілу інкрымінавалі тое, што ён пад нейкім нікам, які яму прыпісваюць, таксама некалькі разоў наведваў гэты чат і нешта там пісаў 29, 30, 31 жніўня. Паводле Вольгі, такое было немагчыма, бо 28 жніўня Міхаіла і Святлану ўжо затрымалі і ў іх не было доступу да тэхнікі.

«Гэта абсурд, і яму, атрымліваецца, далі 15 сутак проста ні за што. Міхаіл падаваў скаргу на прысуд. Канфіскавалі тэхніку, фактычна іх працоўны інструмэнт. Матывавалі гэта тым, што там былі іх тэлеграм-каналы. Але ж на дроне Telegram ня можа быць, таму дзіўна. І з аўтамабілем проста поўная сваволя.

Перадачы прыносяць мясцовыя жыхары

Вольга спадзяецца, што Міхаіла і Святлану выпусьцяць 12 верасьня на волю, у іх канчаецца тэрмін арышту.

«Бацькі перажываюць, але мы ўсе салідарныя з Міхаілам і Святланай і падтрымліваем іх у змаганьні за іхныя базавыя правы. А тое што адбываецца, гэта беззаконьне».

У Іванаве ў Святланы і Міхаіла няма сваякоў, але перадачы ім прыносяць мясцовыя жыхары.

«Людзі вельмі спагадлівыя, часта туды ходзяць, супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ўжо няма куды класьці перадачы. Калі людзі даведаліся, што Святлана і Міхаіл любяць сала, то самі яго прыгатавалі. Салідарнасьць ёсьць нават у невялікіх гарадах».

Ініцыятыва «Честные люди» дапамагла часткова аплаціць паслугі адваката.

Ініцыятывы «Хуткая узаемадапамога» і «Честные люди» дапамагаюць студэнцкаму і выкладчыцкаму руху ў Беларусі.

19 жніўня каля БДУ ў Менску каля 300 студэнтаў і выкладчыкаў унівэрсытэту ўзялі ўдзел у ланцугу салідарнасьці. Падчас акцыі страйкам ВНУ правёў збор подпісаў пад пэтыцыяй з палітычнымі патрабаваньнямі на імя рэктара. Аўтары пэтыцыі запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі, спыненьня гвалту, неадкладнага вызваленьня палітвязьняў, адстаўкі Цэнтарвыбаркаму і правядзеньня паўторных выбараў. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў яны абяцалі пачаць страйк.

Пад аналягічнымі пэтыцыямі зьбіралі подпісы і ў іншых ВНУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG