Сябры Каардынацыйнай рады пададуць заяву ў Сьледчы камітэт на дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў 6 верасьня падчас «Маршу адзінства», гаворыцца на сайце арганізацыі.
«Асаблівая ўвага ў заяве зьвяртаецца на дзеяньні групы невядомых асобаў увечары ў Менску ў раёне дома 3 па праспэкце Пераможцаў. Дадзеныя асобы не насілі форменнай вопраткі і знакаў адрозьненьня, закрылі свае твары маскамі для ўскладненьня ідэнтыфікацыі, не прадстаўляліся і не прад’яўлялі дакумэнтаў, затое адкрыта дэманстравалі розную зброю падчас мірнай акцыі і без абвяшчэньня якіх-небудзь патрабаваньняў ужывалі спэцсродкі, зьбівалі грамадзян», — гаворыцца ў дакумэнце.
Прадстаўнікі Рады са спасылкай на прэс-сакратара МУС Вольгу Чамаданаву кажуць, што гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Кіраваў імі начальнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў, які асабіста разьбіваў шкляныя дзьверы ў кавярні.
У Радзе лічаць важным разабрацца, зь якой мэтай былі аддадзеныя злачынныя загады — каб пакараць за грамадзянскую пазыцыю, каб застрашыць насельніцтва ці каб справакаваць у адказ неправамерную рэакцыю: у залежнасьці ад мэты наступае дадатковая адказнасьць.
Каардынацыйная рада таксама патрабуе расьсьледаваць усе злачынствы ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыяў, пачынаючы ад 9 жніўня, а таксама спыніць рэпрэсіі і даць гарантыі вольнага вяртаньня ў краіну чальцоў Рады Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і экс-кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
Раней Ціханоўская заяўляла, што «рэжым займаецца тэрорам», а выкраданьне чальцоў Рады Марыі Калесьнікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова — спроба сарваць працу Каардынацыйнай рады.