Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у панядзелак абмеркаваў з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам сытуацыю ў Беларусі.
Як паведаміў партал baltija.eu са спасылкай на літоўскае МЗС, удзельнікі гутаркі канстатавалі, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня «былі відавочна сфальсыфікаваныя», а пратэсты пасьля іх гасяцца брутальнай сілай, тысячы пратэстоўцаў былі арыштаваныя, у турмах супраць іх выкарыстоўваецца гвалт.
«Падчас гутаркі мы зьвярнулі ўвагу на неабгрунтаваныя абвінавачаньні беларускіх службовых асобаў на адрас NATO і саюзьнікаў Альянсу з нагоды нарошчваньня ваеннай моцы ў рэгіёне. Ідзе пошук зьнешняй пагрозы як падставы для расправы над пратэстоўцамі», — адзначыў міністар Лінкявічус.
Кіраўнік літоўскай дыпляматыі адзначыў, што NATO — абарончы альянс, які павінен заставацца «пільным, сачыць за зьменлівым становішчам і быць гатовым абараніць саюзьнікаў ад любой агрэсіі».
«Усе краіны NATO супольна заклікаюць Менск паважаць асноўныя правы і свабоды, выказваюць падтрымку сувэрэнітэту Беларусі, яе тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці», — сказаў міністар.