Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ратавалі людзей». Кіраўніцтва Менскай станцыі ратаваньня на вадзе шукае работнікаў, якія перавозілі дэманстрантаў


Міліцыянты ў цывільным затрымліваюць удзельнікаў Маршу адзінства ў Менску. 6 верасьня 2020 году
Міліцыянты ў цывільным затрымліваюць удзельнікаў Маршу адзінства ў Менску. 6 верасьня 2020 году

У Менскай гарадзкой станцыі выратаваньня на водах не камэнтуюць зьвестак пра лёс 6 супрацоўнікаў станцыі, якіх затрымалі 6 верасьня.

Яны выцягнулі з вады і перавезьлі на другі бераг Сьвіслачы некалькі дэманстрантаў, якія ратаваліся ад АМАПу.

Пры гэтым на станцыі кажуць, што самі высьвятляюць, дзе цяпер знаходзяцца іх супрацоўнікі і ці можна іх лічыць затрыманымі. Імёнаў работнікаў, якія цяпер у міліцыі, на станцыі не паведамляюць.

«Дзе яны, яшчэ высьвятляем. Нам інфармацыі ніхто не дае. Разьбіраемся. У Цэнтральнум РУУС, куды іх учора выклікалі для дачы тлумачэньняў, кажуць, што яны ў ізалятары на Акрэсьціна. Але там нам сказалі, што іх няма. Больш нічога ня ведаем. Хацелася б верыць, што іх не затрымалі. Што да іх учынку — без камэнтароў. Таксама яшчэ высьвятляем», — сказаў Свабодзе начальнік Менскай гарадзкой станцыі ратаваньня на вадзе Дзьмітры Стаселька.

Свабодзе ўдалося пагаварыць на ўмовах ананімнасьці з адным з ратавальнікаў станцыі.

«Ды што яны зрабілі такога? Хлопцы выконвалі сваю працу, ратавалі людзей, якія апынуліся ў вадзе. За што іх працягваць да адказнасьці ці нават браць зь іх тлумачэньні, нам незразумела», — сказаў ратавальнік.

У Цэнтральным РУУС атрымаць інфармацыю пра ратавальнікаў не ўдалося — тэлефон дзяжурнага ўвесь час заняты.

У ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна зьвесткі пра затрыманых па тэлефоне не даюць.

Журналістам Tut.by стала вядома прозьвішча аднаго з затрыманых — Іван Юрскі.

«Дзяжурны станцыі пацьвердзіў, што Іван Юрскі сапраўды працуе ратавальнікам і ён сярод тых, каго цяпер «трымаюць у міліцыі для тлумачэньняў».

Праваабаронцы «Вясны» даведаліся яшчэ адно прозьвішча затрыманага ратавальніка: Дзьмітры Цецярук, супрацоўнік Менскай гарадзкой станцыі ратаваньня на водах. Там пацьвердзілі, што такі сапраўды на станцыі працуе. Па зьвестках «Вясны» яго павезьлі ў Цэнтральны раённы суд.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG