Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкралі Калесьнікаву. Судзяць затрыманых на нядзельным маршы. Што адбываецца на 30-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 30-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

10:31 7.9.2020

На «Пушкінскай» уначы аднавілі надпіс «Не забудзем» каля месца гібелі Тарайкоўскага. Напярэдадні яго зафарбавалі сілавікі.

10:31 7.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Тэхасе, ЗША

10:32 7.9.2020

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ уражаны беларускімі пратэстамі

Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, уражаны беларускімі пратэстамі супраць фальсыфікацыі выбараў.

«Зноў уражальныя масавыя дэманстрацыі ў Менску і іншых гарадах паказваюць рашучасьць беларускага народу дамагчыся сваіх свабодаў, правоў і дэмакратыі. Усё гэта — нягледзячы на арышты, запужваньне і гвалт з боку беларускіх уладаў. Патрэбен усебаковы нацыянальны дыялёг», — напісаў Жузэп Бурэль у сваім твітэры.

10:33 7.9.2020

«Адкуль я ўцёк? Не было такога!» Гаспадаром машыны, якую паказала прэс-служба МУС, аказаўся рабочы МТЗ

6 верасьня прэс-сакратар МУС апублікаваў відэа агляду машыны, у салёне якой быў бел-чырвона-белы сьцяг, сякера, улёткі з заклікам да забастоўкі і нажы. Паводле МУС, кіроўца ўцёк і не сьпяшаецца забіраць сваю маёмасьць. Як высьветліла «Наша ніва», гаспадар машыны — рабочы МТЗ Андрэй Комлік-Ямацін. Ён быў вядомы як фігурант «справы патрыётаў».

10:34 7.9.2020

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў жніўні рэкордна зьнізіліся

За жнівень золатавалютных рэзэрваў стала меней на 15,8% — гэта амаль 1,4 мільярда даляраў. Цяпер у скарбонцы Беларусі засталося каля 7,5 мільярда даляраў. Асноўная прычына такога зьніжэньня — продаж Нацыянальным банкам валюты на біржавых таргах.

За няпоўны месяц пасьля выбараў даляр і эўра падаражэлі больш як на 8%. З улікам росту курсаў у пачатку году, выкліканага «каранакрызісам», даляр ад студзеня падаражэў на 25,6%, а эўра — на 33%.

10:50 7.9.2020

Акцыя салідарнасьці з народам Беларусі ў амэрыканскім горадзе Мінэапаліс

10:51 7.9.2020

Вёска Цітва, Чэрвеньскі раён

11:07 7.9.2020

У нядзелю затрымалі 633 удзельнікаў масавых акцый

363 чалавек пакінулі за кратамі да суду.

6 верасьня ў краіне МУС налічыў 42 пратэставыя акцыі.

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны больш як 200 затрыманых, яны склалі і абнаўляюць сьпіс.

11:09 7.9.2020

Кіраўнік МЗС Чэхіі: Санкцыі ЭЗ супраць уладаў Беларусі ўступяць у сілу не пазьней за 21 верасьня

Міністар замежных спраў Чэхіі Томаш Пэтршычэк
заявіў, што сьпіс асобаў, якія трапілі пад санкцыі, можа быць дапоўнены.

Паводле міністра, Эўразьвяз ставіць на мэце пачатак перамоваў паміж беларускімі ўладамі і апазыцыяй. Акрамя таго, заявіў ён, кіраўніцтва Беларусі павінна выканаць абавязаньні, якія вынікаюць зь сяброўства краіны ў АБСЭ, і забясьпечыць, у прыватнасьці, дзейнасьць на тэрыторыі краіны місіі гэтай міжнароднай арганізацыі

11:16 7.9.2020

Ранкам 7 верасьня каля Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны прайшоў пікет. У ім прынялі ўдзел выкладчыца ўнівэрсытэту Натальля Суслава і праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі.

11:17 7.9.2020

Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Менску невядомыя​

Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота


Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву раніцай 7 верасьня каля Нацыянальнага мастацкага музею ў Менску невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і зьвезьлі невядома куды. Пра гэта Tut.by апавяла чытачка Анастасія, на вачах якой усё і адбылося.

Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў сказаў, што Марыя была адна ў цэнтры гораду па сваіх справах, затым сувязь зь ім зьнікла. Дзе цяпер Марыя, у Радзе ня ведаюць. Максім Знак паведаміў, што ня можа зьвязацца з Марыяй.

Марыя Калесьнікава — сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Да таго яна фактычна ўзначаліла штаб кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, затым была паплечніцай Сьвятланы Ціханоўскай.

11:52 7.9.2020

Затрымалі і мастачку Надзею Саяпіну

Паводле Kyky.org, сёньня затрымалі і мастачку Надзею Саяпіну, аўтарку пэрфомансу супраць канфіскацыі карцінаў галерэі «Белгазпрамбанку».


Саяпіну павезьлі з дому ў Савецкі РУУС Менску нібыта для азнаямленьня з пратаколам аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, але яе тэлефон «некалькі гадзінаў» недасяжны.

12:01 7.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Манчэстэры, Вялікая Брытанія

12:02 7.9.2020

Дзень гораду пройдзе без традыцыйных масавых гуляньняў

Такое рашэньне прынялі ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй. Перавагу аддалі лякальным акцыям, выставам, тэматычным урокам, гаворыцца ў тэлеграм-канале ўладаў Менску

12:03 7.9.2020

Лукашэнка сьвядома абвастрае адносіны з Захадам

Піша аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

Учорашнія жорсткія затрыманьні і зьбіцьцё ўдзельнікаў мірных акцыяў па ўсёй краіне, сёньняшні захоп чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай сьведчаць, што ўлады не зрабілі высноваў пасьля адносна мяккіх санкцый з боку некаторых краінаў Эўразьвязу.

Альбо наадварот, вырашылі сьвядома ігнараваць думку міжнароднай супольнасьці.
Такая пазыцыя можа тлумачыцца імкненьнем прадэманстраваць Крамлю яшчэ больш выразную антызаходнюю пазыцыю напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, мяркуе аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

12:31 7.9.2020

Міністэрства ўнутраных справаў, Сьледчы камітэт і Камітэт дзяржаўнага кантролю заяўляюць, што «ня маюць інфармацыі» пра сёньняшняе выкраданьне Марыі Калесьнікавай. Камэнтар Камітэту дзяржаўнай бясьпекі пакуль не ўдалося атрымаць.

12:49 7.9.2020

Шукаюць сьведак затрыманьня Насты Захарэвіч і Арцёма Сізінцава

Беларуская асацыяцыя журналістаў просіць адгукнуцца сьведак працы і затрыманьня журналісткі Насты Захарэвіч у суботу на «Жаночым маршы» ў Менску. Яе няма ў даступных сьпісах зьняволеных у ізалятарах — дзе яна, невядома.

Тых, хто бачыў яе на маршы ці ў час затрыманьня, просяць тэлефанаваць на нумар +375 29 785-54-79.

Таксама БАЖ шукае тых, хто бачыў у калёне на Партызанскім праспекце журналіста Арцёма Сізінцава. Тэлефон +375 29 126-70-98.

13:28 7.9.2020

У Менску затрымалі айцішніка, які прапаноўваў Лукашэнку зьняцца з выбараў

Сярод затрыманых пасьля ўчорашняга «Маршу адзінства» апынуўся распрацоўнік мабільных праграм Канстанцін Канопка, паведамляе dev.by​.

Мяркуючы па фота, відэа і паведамленьнях у Facebook, айцішнікаў і яшчэ некалькіх удзельнікаў мітынгу груба затрымалі ў сталічнай кавярні O’Petit, якая стала ўчора «героем» навін.

Там спрабавалі схавацца ўдзельнікі акцыі пратэсту, якія ўцякалі ад сілавікоў пасьля заканчэньня «Маршу адзінства». Супрацоўнік кавярні замкнуў памяшканьне, але гэта не спыніла невядомых у масках.

Яны разьбілі ўваходныя дзьверы і затрымалі мітынгоўцаў, у тым ліку Канстанціна Канопку.

Канстанцін Канопка — аўтар некалькіх ініцыятыў, рэалізаваных падчас выбарчай кампаніі. У ліпені ён запісаў відэазварот да Лукашэнкі, прапанаваўшы таму вызваліць затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты, а самому зьняцца з выбараў. Таксама ён зьвяртаўся да дзяржаўных службоўцаў з просьбай адмовіцца ад удзелу ў супрацьзаконнай дзейнасьці.

Акрамя таго, падчас перадвыбарчай кампаніі Канстанцін распрацаваў спэцыяльную паштоўку, якую рассылаў чальцам выбаркамаў з патрабаваньнем не займацца фальсыфікацыямі пры падліку галасоў.

13:36 7.9.2020

Крэмль упершыню пракамэнтаваў «перахопленую размову» Ніка і Майка

У Крамлі азнаёміліся з запісам тэлефоннай размовы пра Аляксея Навальнага, якая была апублікаваная на беларускім тэлебачаньні, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

«Безумоўна, мы мелі магчымасьць лёгка азнаёміцца з матэрыялам СМІ. Ну, напэўна, ня нам судзіць аб карыснасьці і каштоўнасьці дадзенага запісу. Гэта, хутчэй, праца спэцыяльных службаў, што яны і робяць», — сказаў Пяскоў журналістам у панядзелак.

Адказваць на пытаньне пра давер да гэтага запісу Пяскоў ня стаў і спаслаўся ізноў на тое, што гэта праца спэцслужбаў.

Перахоплены, нібыта, беларускай выведкай аўдыёзапіс, быў апублікаваны 4 верасьня дзяржаўнымі тэлеканаламі. У ёй сьцьвярджаецца, што расейскі палітык Аляксей Навальны ня быў атручаны, а ўся справа вакол яго арганізаваная наўмысна, каб пакараць Пуціна за падтрымку Лукашэнкі пасьля выбараў. Упершыню пра гэты запіс заявіў сам Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскім прэмʼерам Мішусьціным.

13:37 7.9.2020

У Магілёве на 810 рублёў аштрафавалі лідэра пратэставых акцый

Уладзімера Шанцава судзілі паводле чатырох пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Шанцаў — старшыня абласной арганізацыі АГП, на мінулых выбарах быў даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG