Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкралі Калесьнікаву. Судзяць затрыманых на нядзельным маршы. Што адбываецца на 30-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 30-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

18:33 7.9.2020

Дзяўчыну, якая пасьля разгону 9 жніўня тры тыдні правяла ў Вайсковым шпіталі, зьмясьцілі на Акрэсьціна

Жыхарка Менску Марыя моцна пацярпела падчас разгону акцыі пратэсту ўвечары 9 жніўня ля стэлы. У тую ж ноч Марыю зьмясьцілі ў Вайсковы шпіталь, дзе яна знаходзілася да канца жніўня. Раніцай 7 верасьня дадому да пацярпелай прыйшлі сьледчыя. Па словах яе маці, справа можа датычыць сьледзтва па факце масавых беспарадкаў.

Увечары дома ў Марыі адбыўся ператрус. Пасьля яго пацярпелую адвезьлі на Акрэсьціна. Адвакат, які прысутнічаў падчас ператрусу, камэнтаваць сытуацыю пакуль ня можа.

17:58 7.9.2020

Яшчэ ў аднаго сябра Каардынацыйнай рады правялі ператрус

У кватэры сябра Каардынацыйнай рады Івана Краўцова правялі вобшук прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, паведаміла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.

«Гэта адзіная інфармацыя, якую мы атрымалі сёньня пра нашых зьніклых сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цягам 7 гадзін», — сказаў Свабодзе юрыст Максім Знак.

17:52 7.9.2020

У Берасьці на трое сутак затрымалі дзьвюх сясьцёр, якія хацелі пачаставаць марозівам міліцыянтаў

У Берасьці дзьвюх сясьцёр затрымалі за тое, што яны вырашылі пачаставаць супрацоўнікаў міліцыі марозівам. Гэта адбылося 10 жніўня, а цяпер зь сёстрамі пагаварыла і напісала пра гэта «Брестская газета».

Лізавета і яе старэйшая сястра Кацярына ў той дзень адправіліся ў краму, каб купіць марозіва для ўсёй сям’і. Паводле іх, на зваротным шляху яны ўбачылі аўтобус з 25–30 супрацоўнікамі міліцыі, што млелі ад сьпёкі, бяз шлемаў і балаклаваў. Дзяўчаты прапанавалі ім марозіва. У адказ іх пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў аддзяленьне міліцыі.

Паводле сясьцёр, у СІЗА яны прабылі ў жахлівых умовах да 13 жніўня. Акрамя пратаколу, падпісалі папярэджаньне, што пры паўторным затрыманьні ім будзе пагражаць крымінальная адказнасьць, а таксама позву ў суд з адкрытай датай. А на наступны дзень выпадкова даведаліся, што суд над імі ўжо адбыўся: адна атрымала папярэджаньне, другая — вялікі штраф.

17:50 7.9.2020

У Магілёве вызвалілі журналіста, які 6 сутак трымаў галадоўку

Пасьля 8 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю журналіст інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандар Сабалеўскі. Яго затрымалі 30 жніўня падчас вядзеньня стрыму з «Маршу міру і салідарнасьці», а 1 верасьня судзьдзя Вікторыя Палякова асудзіла журналіста за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Прысуд Сабалеўскі назваў «прававой сваволяю» і абвясьціў галадоўку, якую трымаў у ізалятары 6 сутак. Паводле Сабалеўскага, у ізалятары супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Паўлаў склаў на яго адміністрацыйны пратакол яшчэ за адзін стрым, які ён вёў на шэсьці 23 жніўня.

17:45 7.9.2020

У Горадні 7 верасьня затрымалі 102 чалавек, – УУС Гродзенскага аблвыканкаму

Гэта рэкордныя пасьля 12 жніўня рэпрэсіі ў Горадні. За ўвесь час пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў па ўсёй Беларусі, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, было затрымана каля 8900 чалавек.

17:42 7.9.2020

Мінінфарм вынес Tut.by другое папярэджаньне цягам году. Праца парталу пад пагрозай

У адпаведнасьці з Законам аб СМІ, у выпадку вынясеньня ўладальніку cайта двух і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да сайта можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Мінінфарм. За што Tut.by вынесьлі папярэджаньне, чытайце па спасылцы.

17:40 7.9.2020

«Белнафтахім» заявіў, што выконвае загад Лукашэнкі аб пераводзе транзыту зь літоўскіх партоў на расейскія

«Белнафтахім» пацьвердзіў, што Масква і Менск да канца верасьня прапрацуюць умовы, як перанакіраваць беларускія нафтавыя плыні зь літоўскіх партоў у расейскія.

Раней міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Беларусь мае патэнцыял для перапраўкі каля 3-4 мільёнаў тон нафтапрадуктаў у год праз расейскія парты. Такая заява прагучала на тле супрацьстаяньня паміж Прыбалтыкай і Менскам.

Прыбалтыйскія краіны ўвялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і здушэньня пратэстаў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў якасьці мераў у адказ на санкцыі балтыйскіх краін Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі сваіх экспартных грузаў (у асноўным гэта калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты).

17:38 7.9.2020

Яшчэ адна загадкавая сьмерць. У Менску знайшлі мёртвым футбольнага фаната

Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёну Серабранка раніцай 5 верасьня. Абставіны яго сьмерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша «Наша Ніва».

«4 верасьня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто ня браў слухаўку, то выклік скідвалі. А раніцай 5 верасьня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў «Нашай Ніве» Аляксандар, стрыечны брат хлопца.

Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасьля яны разглядалі цела сына ўжо дома. «Цялесныя пашкоджаньні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы зьбітыя, косткі зьбітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка... Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандар. — Афіцыйнае заключэньне аб сьмерці будзе празь месяц. А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына сьмерці — атручэньне нявыяўленым рэчывам».

Загінулы быў удзельнікам фанацкага руху, заўзеў за «Дынама». У мітынгах ня ўдзельнічаў. Сям’я нябожчыка адзначае, што на целе сьлядоў ад кайданкаў няма, ад удараў дубінкай — таксама. Гэта ўжо другая загадкавая сьмерць, калі знаходзяць нежывым маладога хлопца, зьвязанага з фанацкім рухам.

17:34 7.9.2020

Латушка сказаў, што вернецца ў Беларусь


«Вы чулі выказваньні дзейнага кіраўніка краіны, што ёсьць і крымінальная справа і я буду адказваць. Маё вяртаньне будзе значыць магчымае затрыманьне, але я маю намер вярнуцца. Не зьбіраюся прасіць палітычнага прытулку ані ў Польшчы, ані ў Літве», — сказаў экс-дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка.

Чатыры прадстаўнікі прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цяпер за мяжой. Два — за кратамі. На волі застаецца толькі адзін Максім Знак. Што яшчэ расказалі Латушка і Кавалькова, чытайце па спасылцы.

16:58 7.9.2020

Вобшук у дзяўчыны, якая моцна пацярпела падчас разгону 9 жніўня

Марыя і яе хлопец атрымалі цяжкія траўмы ад выкарыстаньня спэцсродкаў падчас разгону акцыі пратэсту ўвечары 9 жніўня каля стэлы. У тую ж ноч Марыю зьмясьцілі ў Вайсковы шпіталь, дзе яна знаходзілася да канца жніўня.

Раніцай 7 верасьня дадому да Марыі прыйшлі сьледчыя, праводзяць ператрус, яе саму дапыталі. Хлопец дагэтуль у сьледчым аддзеле, яго дапытваюць. Як зразумела маці Марыі, допыт у межах справы аб масавых беспарадках. Падрабязнасьці чытайце тут.

16:45 7.9.2020

У Латвіі гатовыя прыняць каля сотні беларускіх кампаній, дзесяць ужо прынялі рашэньне

Дзесяць беларускіх кампаній ужо прынялі рашэньне перанесьці сваю дзейнасьць у Латвію, каля сотні разглядаюць такую магчымасьць, паведаміў агенцтву LETA 7 верасьня дырэктар Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця (ЛАІР) Каспар Рожкалнс.

«Латвійскае агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця ўжо арганізавала першыя візыты беларускіх кампаній у Латвію. Усяго было праведзена больш за 100 кансультацый, а 10 кампаній ужо прынялі рашэньне аб частковым або поўным пераносе сваёй дзейнасьці ў Латвію», — паведаміў Рожкалнс.

У Латвіі сфармавалі адмысловую каманду, якая апэратыўна апрацоўвае заяўкі ад беларускіх прадпрымальнікаў і прапануе магчымыя рашэньні, якія ўключаюць у сябе так званую стартап-візу ці «сінюю карту» Эўразьвязу, то бок выдачу часовага віду на жыхарства высокакваліфікаваным спэцыялістам і іх семʼям.

16:44 7.9.2020

«Я не пайду насустрач уладам». Інтэрвію з заснавальнікам PandaDoc Мікітам Мікадам

Заснавальнік амэрыканскай IT-кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада прапанаваў фінансавую дапамогу беларускім сілавікам, якія адмовяцца выконваць загады і ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў. У адказ улады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў ягонай кампаніі, фактычна ўзяўшы іх у закладнікі.

«Гэтая справа не вытрымлівае ніякай крытыкі, і я вельмі спадзяюся, што гэта нейкае непаразуменьне, таму што ад гэтай сытуацыі горш становіцца ўсім. Зразумела, што гэта палітычны перасьлед, што нацэлены ён на мяне, але незразумела, чаму выбраны такі спосаб, які наносіць страты ня столькі мне, колькі ўсёй Рэспубліцы Беларусь. Саджаючы ў турму ні ў чым не вінаватых апалітычных людзей, ніякім чынам не датычных да маёй актыўнасьці, беларуская ўлада запалохвае ўсіх шараговых супрацоўнікаў гэтых кампаній. Атрымліваецца, што ніводзін з айцішнікаў не ў бясьпецы — незалежна ад іх палітычных поглядаў, грамадзянскай пазыцыі і выхадаў на плошчу», — кажа Мікіта Мікада. Вялікае інтэрвію зь Мікітам чытайце па спасылцы.

16:39 7.9.2020

У Менску людзі стаяць гадзіну ў чарзе, каб падтрымаць кавярню, дзе сілавікі разьбілі шыбу

У нядзелю шкляныя дзьверы ў менскую кавярню O’Petit на праспэкце Пераможцаў, дзе схаваліся ўдзельнікі Маршу адзінства, разьбілі сілавікі. Сярод іх быў і Мікалай Карпянкоў, кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.

Сёньня тут ад самай раніцы чарга па каву. Людзі прыйшлі падтрымаць уладальніка і працаўнікоў кавярні. «Чакаць кавы трэба ня менш за гадзіну. Я ўжо сваю чаргу адстаяла, але бачу, што цяпер яна стала яшчэ даўжэйшаю», — расказала Свабодзе жыхарка Менску, якая даслала некалькі здымкаў зь месца падзеяў.

16:02 7.9.2020

У БарДУ працягваюць затрымліваць студэнтаў

У БарДУ працягваюцца затрыманьні пасьля студэнцкай акцыі салідарнасьці, піша Tut.by. Студэнтаў забірае на «размову зь міліцыяй» намесьнік дэкана па выхаваўчай працы, пасьля студэнтаў звозіць міліцыя.

15:51 7.9.2020

Прэс-служба штабу Бабарыкі апублікавала меркаванае відэа выкраданьня Калесьнікавай

15:35 7.9.2020

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. «Доктар, які мяне лекаваў, сказаў, што на Акрэсьціна мне далі трамадол»

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году.

Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Усе гісторыі чытайце па спасылцы.

15:15 7.9.2020

Каардынацыйная рада: «Улада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала выкарыстоўваць мэтады тэрору»

Каардынацыйная рада пасьля захопу невядомымі Марыі Калесьнікавай выступіла з заявай. У ёй згадваецца выкраданьне сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, прэс-сакратара Антона Раднянкова, выканаўчага сакратара Івана Краўцова, вываз з краіны Вольгі Кавальковай, прад'яўленьне абвінавачаньня Ліліі Ўласавай, адміністрацыйны арышт Сяргея Дылеўскага.

«Відавочна, што такія мэтады зьяўляюцца незаконнымі і ня могуць прывесьці ні да якага іншага выніку, акрамя абвастрэньня сытуацыі ў краіне, паглыбленьня крызісу і далейшага нарастаньня пратэстаў. Мы бачым, што ў апошнія дні ўлада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала адкрыта выкарыстоўваць мэтады тэрору.

Каардынацыйная рада адзначае, што ўсе дзеяньні, учыненыя асобамі, якія выступаюць у афіцыйным статусе, спалучаныя з ужываньнем гвалту і накіраваныя на здушэньне палітычнай і грамадзкай актыўнасьці грамадзян, зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва і могуць быць расьсьледаваныя без абмежаваньня тэрмінаў даўнасьці.

Каардынацыйная рада патрабуе неадкладнага вызваленьня Марыі Калесьнікавай, Ліліі Ўласавай, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацьверджаньня магчымасьці свабоднага вяртаньня Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і Сьвятланы Ціханоўскай у краіну», — адзначаецца ў заяве Каардынацыйнай рады.

15:09 7.9.2020

15:09 7.9.2020

14:53 7.9.2020

Невядомыя мужчыны, якіх жыхары дому называюць «ціхарамі», зрэзалі стужкі некалькі дзён таму. Але людзі ізноў упрыгожылі дом нацыянальным сьцягам

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG