У Гомлі прайшоў Марш адзінства. У ім узялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек.
Пунктам збору быў унівэрмаг «Гомель». Там у 14.00 сабралася каля сотні чалавек. Калі яны рушылі па Савецкай, да калёны на кожным скрыжаваньні далучаліся новыя людзі.
На праспэктах Леніна і Перамогі ў маршы ўзялі ўдзел да 5 тысяч чалавек. Практычна ўвесь праспэкт Перамогі — ад чыгуначнага вакзалу да плошчы Паўстаньня — быў заняты людзьмі.
Кожны трэці нёс бел-чырвона-белы сьцяг ці плякат. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Ты и твой ОМОН пошёл вон!», «Лукашэнка — тэрарыст», «Лукашэнку ў аўтазак».
У шэсьці ішла цяжарная жанчына, якая трымала плякат: «Саша, сыдзі, дай спакойна нарадзіць!».
Стаяць і мітынгаваць не выпадала — усе плошчы і пляцоўкі ў цэнтры гораду ўлады занялі пад кірмашы і выставы.
З праспэкту Перамогі калёна збочыла да стадыёну. Там людзі скандавалі «„Крумкачы“ з народам!» — вітаючы футбольную каманду, якая сёньня гуляе ў Гомлі.
У бок міліцыі людзі крычалі: «Колькі каштуе сумленьне?». Завіталі жыхары Гомля на СІЗА, дзе скандавалі «Выпускай!», «Хопіць біць людзей!» і «Лукашэнка — тэрарыст».
Акцыя скончылася песьнямі і карагодам каля ўнівэрмагу «Гомель», хоць многія ўдзельнікі яшчэ пайшлі гуляць па горадзе калёнай.
У Мазыры, як расказалі Свабодзе мясцовыя жыхары, на плошчы Леніна сабраліся каля 200–300 чалавек. Каля 300 чалавек прайшліся шэсьцем і па Сьветлагорску.
Каля 50 чалавек сабраліся ў Жлобіне, іх ганяла міліцыя.