Урад Расеі ўвёў санкцыі супраць былога прэзыдэнта Ўкраіны, цяпер лідэра апазыцыйнай партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі. Гэта вынікае з апублікаванай напярэдадні на партале прававой інфармацыі пастановы ўраду аб унясеньні дапаўненьняў у санкцыйны сьпіс.
Усяго ў сьпіс дадалі імёны 41 грамадзяніна Ўкраіны. Акрамя Парашэнкі, гэта лідэр гурту «Акіян Эльзы» Сьвятаслаў Вакарчук — ён нядаўна сышоў з пасады лідэра ўкраінскай партыі «Голас» і зь Вярхоўнай Рады. У сьпісе таксама дарадца першага віцэ-прэм’ера Сьцяпан Кубіў, дэпутаткі Вярхоўнай Рады Кіра Рудзік і Сафія Фядына, былы кіраўнік СБУ і былы пасол Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка, адзін зь лідэраў крымскіх татараў Ахтэм Чыйгоз.
Санкцыі супраць украінскіх грамадзян і прадпрыемстваў упершыню былі ўведзеныя Расеяй у 2018 годзе. Парашэнка яшчэ ня быў уключаны ў сьпіс. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў тады заявіў, што ўключэньне Парашэнкі ў санкцыйны сьпіс «было б залішнім крокам». «Традыцыйна прэзыдэнты не ўключаюцца ў санкцыйныя сьпісы», — патлумачыў Пяскоў.
Дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ў дапоўненым санкцыйным сьпісе няма.
Пётар Парашэнка жорстка крытыкуе і палітыку Расеі, і цяперашнія ўлады Ўкраіны, абвінавачваючы апошнія ў мяккасьці ў адносінах да Масквы.
Украіна раней таксама ўвяла санкцыі супраць Расеі ў сувязі з анэксіяй Крыму і канфліктам у Данбасе. Акрамя таго, Украіна далучылася да санкцыяў, якія ўвёў Эўразьвяз.