Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавікі пачнуць пераходзіць на бок пратэстоўцаў, калі перамога стане відавочнай». Былы сьледчы СК Беларусі — аб прычынах звальненьня


Ігар Лобан
Ігар Лобан

Сьледчы Сьледчага камітэту Беларусі Ігар Лобан пасьля першых дзён міліцэйскага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў запісаў зварот да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, у якім назваў яго чалавекам бяз гонару і сумленьня за апраўданьне тым дзеяньняў сваіх падначаленых. Пару дзён таму Ігар Лобан быў афіцыйна звольнены са Сьледчага камітэту і цяпер уладкоўвае сваё цывільнае жыцьцё.

Зь ім пагаварылі журналісты «Настоящего времени».

— Ці падтрымалі Вас калегі?

— Усе, хто стэлефаноўваўся са мной з калегаў, якіх я ведаю, зь якімі я меў зносіны, цалкам падтрымлівалі. Адзінае, што адкрыта яны гэтую падтрымку выказаць не маглі.

— Ці былі людзі, якія казалі вам: Ігар, ды што ж ты робіш, ты ж станеш нашым кліентам, будзем расьсьледаваць цябе — ​іншымі словамі, палохалі?

— Так. Не хачу называць канкрэтных службовых асобаў, але пагрозы ішлі.

— У чым была сутнасьць гэтых пагрозаў, што вы такога зрабілі, каб была нагода для пакараньня?

— «Здрадзіў» сыстэме.

— А як яны ўспрымаюць задачу сыстэмы?

— Мне складана казаць за іншых людзей, як яны гэта разумеюць. Цяпер я разумею, што ў Беларусі такі раскол грамадзтва на два лягеры: адны разумеюць, іншыя не разумеюць. І ёсьць нейкае супрацьдзеяньне. І тыя, хто застаўся ва ўладзе, спрабуюць усяляк задушыць тых, хто думае па-іншаму. Думаю, што сілавікі пачнуць пераходзіць на бок пратэстоўцаў, калі перамога стане відавочнай.

— Як яна можа выглядаць, гэтая перамога? У які момант яна стане відавочнай, як вы гэта адчуваеце?

— Мне цяжка адказаць.

— Чаму не загадана аддаць каго-небудзь зь сілавікоў, што называецца, пад суд за гвалт і такім чынам адразу супакоіць вуліцу?

— На маю думку, былы прэзыдэнт выбраў іншы сцэнар, сілавы сцэнар. І аддаць каго-небудзь з гэтых людзей, якія парушылі закон, — гэта паказаць іншым, што іх гэтаксама можна аддаць пад суд. Таму мяркую, што сыстэма працуе так: мы будзем абараняць сваіх да канца. Я так разумею, што ў выніку яны пачнуць здаваць.

— Былі ініцыятывы людзей, якія спрабавалі дапамагаць супрацоўнікам, што пайшлі з праваахоўных органаў, абяцалі ім новае працаўладкаваньне, грошы на першы час і іншае. Ці ведаеце што-небудзь пра гэтыя ініцыятывы, ці дапамаглі яны каму-небудзь з вашых знаёмых, напрыклад?

— З маіх знаёмых ніхто не зьвяртаўся, наколькі я ведаю. Я літаральна нядаўна ў шэраг фондаў зьвярнуўся, чакаем разьвіцьця падзеяў. Такіх ініцыятываў шмат.

— Але вы ведаеце, куды зьвяртацца, гэта ня нейкія незразумелыя рэчы, яны цалкам дастукаліся да такіх людзей, як вы, якім дапамога патрэбная?

— Абсалютна слушна.

— Вы разьлічваеце на тое, што яны дапамогуць? Якога роду дапамога вам патрэбная?

— Калі быць аб’ектыўным, мне патрэбная фінансавая дапамога ў першую чаргу, бо пасьля звальненьня мне трэба выплаціць каля 8 тысяч беларускіх рублёў кантрактавых грошай. Гэта значная для мяне сума.

— Гэта значыць, для пачатку патрэбныя грошы, каб стаць на ногі, а потым?..

— І потым пераарыентавацца неяк, працаўладкавацца. Я думаю, з гэтым праблемаў ня будзе.

— Кім бы вы хацелі стаць на цывільнай службе, як сабе прыкладна ўяўляеце шляхі, якія вас цяпер цікавяць?

— Пакуль не гатовы сказаць. Вазьму паўзу, трохі пажыву проста вольным чалавекам — літаральна некалькі тыдняў, потым пачну думаць. Наагул у пэрспэктыве, я спадзяюся, усё атрымаецца, і я вярнуся на службу.

— Ці былі звычайныя людзі, якія ня маюць дачыненьня да сістэмы, якія б казалі вам на вуліцы ці неяк яшчэ: «Дзякуй табе за тое, што ты зрабіў»?

— Так, вельмі многія. Пасьля таго як я пачаў свае допісы ў інстаграме публікаваць, прыйшло вельмі шмат падзякаў, камэнтароў, асабістых паведамленьняў. У тым ліку прапановаў працаўладкаваньня вельмі шмат.

— Што вы адчуваеце ў гэты момант?

— Я адчуваю, што народ адзіны. І мы дасягнем мэты.

— Ці хацелі б вы працаваць сьледчым у справядлівай краіне?

— Натуральна. Гэта тое, чаго я б хацеў: хацеў бы працаваць сьледчым у краіне, дзе выконваецца закон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG