Кіраўніцтва Рады канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы 3 верасьня выступіла з заявай у падтрымку старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на сайт Рады.
Як адзначаецца на сайце Рады, эўрапейскія біскупы салідарныя з Кандрусевічам і каталіцкай царквой у Беларусі «ў гэтай далікатнай справе» і далучыліся да закліку папы рымскага Францішка «да дыялёгу, адмовы ад гвалту і павагі да справядлівасьці і закону».
Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы моліцца «за дарагога пастыра і ўсю беларускую супольнасьць» і спадзяецца на «неадкладнае вяртаньне архібіскупа Менска-Магілёўскага дадому і аднаўленьне яго біскупскага служэньня ў Беларусі».
Эўрапейскія біскупы таксама «заклікаюць усіх удзельнічаць у мірным вырашэньні канфлікту і з упэўненасьцю ісьці шляхам дыялёгу на карысьць чалавека і ўсяго грамадзтва».
31 жніўня памежнікі без растлумачэньня прычын не пусьцілі архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Ён правёў на мяжы прыкладна тры гадзіны і быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу.
1 верасьня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч трапіў у беларуска-расейскі сьпіс неўязных грамадзян. Паводле яго слоў, Кандрусевіч нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь, але трапіў у сьпіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі. «Не толькі ён адзін, проста ён больш вядомая фігура», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама паведаміў, што зьявілася інфармацыя аб магчымай наяўнасьці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства. «Мы вывучаем, я гэтага не сьцьвярджаю. Хочам вывучыць пытаньне. Калі там усё чыста і згодна з законам, зробім згодна з законам. Нам ня важна, хто ён — галоўны католік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць паводле закону. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, католікаў, якія выдатныя людзі, тады падвойная адказнасьць», — заявіў Лукашэнка.
Камэнтуючы гэтыя выказваньні ў інтэрвію catholic.by, генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Касабуцкі заявіў, што архібіскуп Кандрусевіч «можа выяжджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад папы Францішка, але не ад каго-небудзь іншага, напрыклад, у Варшаве, у Маскве ці дзесьці яшчэ». Касабуцкі падкрэсьліў: паездка архібіскупа ў Польшчу была зьвязаная перш за ўсё з запрашэньнем узяць там удзел у шэрагу ўрачыстых набажэнстваў.
Генэральны вікарый архідыяцэзіі таксама адзначыў, што ў Тадэвуша Кандрусевіча «толькі адно грамадзянства — беларускае», і згодна з законам «яго права на ўезд ня можа быць ніякім чынам абмежаванае». «Беларускія грамадзяне паводле закону ня могуць трапіць у „сьпіс неўязных“, таму тут відавочнае непаразуменьне», — упэўнены біскуп.
2 верасьня ККББ выступіла з заявай, у якой выказала надзею на тое, што адмова архібіскупу Кандрусевічу ва ўезьдзе ў Беларусь «зьяўляецца толькі прыкрым непаразуменьнем, якое як мага хутчэй будзе вырашанае, а таксама на тое, што такія інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні».